На планерке у председателя: усиление контроля за выполнением масочного режима, акция «Соберем детей в школу», благоустройство населенных пунктов

У Карэліцкім раёне ўзмоцнены кантроль за выкананнем масачнага рэжыму ва ўмовах COVID-19. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай працоўнай нарадзе.

— З прыходам лета і на фоне спаду колькасці хворых многія жыхары раёна вырашылі ставіцца да ўстаноўленых правілаў абавязковага нашэння масак у грамадскіх месцах як да рэкамендацыі, — адзначыў кіраўнік раёна. — У грамадскіх месцах многія сталі «забываць» пра маскі і пальчаткі. Як вынік — павялічылася колькасць тых, хто захварэў. Людзі лічаць, што пандэмія скончылася — нічога не скончылася. Пальчатачна-масачны рэжым працягвае дзейнічаць. Гэта патрабаванне павінны выконваць усе і кожны.

У раёне працягваецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва ад COVID-19. На гэтым тыдні паступіць 185 доз першага кампанента вакцыны «Спадарожнік V». Жадаючыя зрабіць прышчэпку могуць звяртацца да свайго лечачага ўрача. На дадзены момант прышчэплена 12,8% жыхароў раёна.

Установы адукацыі раёна рыхтуюцца да пачатку навучальнага года. На будучым тыдні камісіі вызначаць гатоўнасць кожнай школы і дзіцячага садка да 1 верасня.

У раёне стартавала акцыя «Збяром дзяцей у школу». У Карэліцкім раёне аднаразовую матэрыяльную дапамогу для падрыхтоўкі дзяцей да школы атрымаюць 222 шматдзетныя сям’і на 460 дзяцей. Шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і маюць магчымасць звароту за дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогай у выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльнай дапамогай на набыццё школьных прылад і іншыя патрэбы.

Кіраўнік раёна надаў пільную ўвагу навядзенню парадку і азеляненню населеных пунктаў:

— На жаль, мы бачым, колькі смецця ляжыць у лясах і ярах, а гэта значыць, што людзі не заключаюць дамовы на вываз смецця з камунгасам. Неабходна больш актыўна працаваць з насельніцтвам, каб знізіць нагрузку на прыроду і здабываць з цвёрдых камунальных адходаў другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Таксама неабходна вызначыць пустуючыя пляцоўкі, завезці туды ўрадлівы грунт і пасадзіць ліпу, клён, бярозу.

Добраўпарадкаванне возера Быкава будзе завершана ў верасні-кастрычніку, калі жыхары райцэнтра прыбяруць прылеглыя да вадаёма агароды.

Іна ЛЕЙКА