О принципах воспитания детей рассказывают Ольга и Василий Волчек из Кореличей

Вольга і Васілій Ваўчок з г.п. Карэлічы — шчаслівая сям’я са сваімі поглядамі і імкненнямі. У іх сваё стаўленне да жыцця, свае погляды на рэчы, свае традыцыі.

Галоўнае —  паважаюць адзін аднаго і мараць, каб дзеці выраслі дастойнымі людзьмі. Пры сустрэчы журналіст пацікавілася, як ім удаецца захаваць лад у сям’і.

— На якіх кітах трымаецца сям’я?

Вольга: — На даверы, любові, узаемаразуменні. Гэта тры складальнікі, якія дапамагаюць сям’і быць моцнай і шчаслівай.

Васілій: — Важна быць цярплівымі і працавітымі пры дасягненні мэты.

— Хто з’яўляецца ў сям’і лідарам?

Вольга: — Я лічу, што муж павінен быць галавой, лідарам у сям’і. Я  выходзіла замуж, каб быць за мужам. Адчуваць сябе шчаслівай жонкай і мамай.

Васілій: — Я з жонкай згаджуся, але без нашага сумеснага рашэння новыя крокі не робім.

— Дзеці — гэта вялікае шчасце. Ад іх колькасці яно павялічваецца?

Вольга: — Так, дзеці — гэта  шчасце, але ў сям’і іх павінна быць столькі, колькім бацькі змогуць даць любові, клопату, цяпла, і пры гэтым не абдзяліць кожнага.

Васілій: — Для мяне дзеці — гэта паўнацэнная сям’я. Яны мяне зараджаюць энергіяй і натхняюць на дасягненні.

— Выхаваць сына, пасадзіць дрэва, пабудаваць дом — гэта пра вашу сям’ю?

Вольга: — Так. У нас падрастае сын Кірыл, ёсць кватэра, пасадзілі малады сад.

Васілій: — Я лічу, што гэта пакуль мінімум, што мы зрабілі для дзяцей. Галоўнае  — акружыць іх клопатам і любоўю, даць ім адукацыю і дапамагчы ў першых кроках самастойнага жыцця.

— Выбар прафесіі ў жыцці ўплывае на дабрабыт сям’і?

Вольга: — Так. Я лічу, што педагог — гэта не прафесія, а лад жыцця, які не мае межаў паміж домам і работай.

Васілій: — Нягледзячы на тое, што я не працую па сваіх прафесіях, адукацыя дала мне магчымасць знаходзіць выхад са складаных жыццёвых сітуацый.

— Прынцыпы выхавання дзяцей перадаліся ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў?

Вольга: — Я ўдзячна бацькам за жыццё і выхаванне. За тое, што яны зрабілі мяне такой, якая ёсць, і ў любым кроку заўсёды падтрымлівалі. У выхаванні таксама падтрымлівалі бабулі і дзядулі, і сваімі аповедамі аб нялёгкім жыцці  навучылі, што маё шчасце залежыць ад мяне.

Васілій: — Я згаджуся з жонкай, што вялікі ўклад у выхаванне ўклалі бацькі, але без дапамогі бабуль і дзядуль тут не абышлося.

— Што марыце ўкласці ў  дзяцей?

Вольга: — Хачу, каб яны выраслі сапраўднымі людзьмі, з душой адносіліся да нас.

Васілій: — Мне хочацца ўбачыць у іх часцінку сябе, і каб дзеці ўзялі ад нас самае светлае і чыстае.

— Якім заняткам з дзецьмі надаяце першачарговую ўвагу?

Вольга: — Першачарговае — зносіны. Трэба навучыць дзяцей слухаць і выказваць свае думкі.

Васілій: — Вучоба і самаразвіццё дзіцяці.

— Пра што найчасцей успамінаеце са свайго дзяцінства?

Вольга:  — Цёплыя летнія дні ў вёсцы.

Васілій: — Я таксама часта бываў у вёсцы, гэта і грэе душу.

— Якімі марыце бачыць вашых дзяцей?

Вольга: — Шчаслівымі, упэўненымі, клапатлівымі.

Васілій: — Я хачу, каб дзеці сябе поўнасцю рэалізавалі і сталі на лесвічку вышэй, чым мы самі ў жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ