Основа жизни социального работника старосты деревни Лыковичи Натальи Ясюля — любовь к людям

Так задумана прыродай: дождж павінен пралівацца, кветка — распускацца, чалавечая душа — тварыць дабро і любіць. А любіць — гэта значыць жыць жыццём таго, каго любіш, быць светлым промнем для другіх, самому свяціцца дабрынёю. Адным словам, валодаць каштоўнейшай з каштоўных, прэстыжнай ва ўсе вякі, але не ўсім даступнай, на жаль, прафесіяй (калі можна так сказаць) — любіць людзей. Любіць не на словах, а шчыра; не дзеля знешняга эфекту, а падпарадкоўваючыся імкненню сэрца дапамагчы канкрэтнымі ўчынкамі, справамі дапамагчы, сагрэць чыюсьці адзіноту і старасць душэўным цяплом. Такая прафесія не значыцца ні ў адным даведніку, яе нельга атрымаць ні ў адной навучальнай установе свету, яна закладваецца ў асобе шчаслівых яе ўладальнікаў з малаком маці, крышталізуецца атмасферай бацькоўскага дому. Наталля Іванаўна Ясюля, сацыяльны работнік, стараста вёскі Лыкавічы, дэпутат Турэцкага сельвыканкама, чый партрэт змешчаны сёлета на раённую Дошку Гонару, — з іх ліку, таму што асновай яе жыцця з’яўляецца гаючая любоў да людзей, якая нам дазваляе па-новаму ацаніць значнасць абавязкаў сацыяльнага работніка, старасты вёскі, прымушае задумацца над сваім прызначэннем у жыцці, выклікае міжвольнае прызнанне: «Якое шчасце, што сярод нас жыве такі чалавек!». І ўваскрашае ў памяці мудрыя словы Амара Хайяма:

Не бойтесь дарить согревающих слов
И добрые делать дела,
Чем больше в огонь вы положите дров,
Тем больше вернется тепла.

З вялікім задавальненнем і ўнутраным захапленнем пішу сёння аб Наталлі Іванаўне, надзіва абаяльнай, сардэчнай, чуллівай, неабыякавай, цвёрдай у сваіх меркаваннях, аб якой аднавяскоўцы і не толькі ўсхвалявана гавораць: «Яна — родны і дарагі для нас чалавек, патрэбны нам усім, любіць і шкадуе кожнага, а мы яе таксама моцна-моцна любім за залатое сэрца, залатую душу…»

Сацыяльны работнік сёння — своеасаблівы паратунак для адзінокіх састарэлых людзей, клапаціцца аб якіх няма каму ці па прычыне адсутнасці родных, ці дзеці якіх знаходзяцца далёка і не маюць магчымасці часта наведваць бацькоў. Нямоглыя бацькі, як гэта здараецца часта, не хочуць пераязджаць да дзетак, пакідаць звыклыя, дарагія сцены, любімы куточак зямлі. Гарадское жыццё для іх — пакута, бо ўсё вакол чужое, незнаёмае, дзе, бывае, нават суседзі па пляцоўцы не ведаюць адзін аднаго. Гэта ў вёсцы — і радасць на ўсіх адна, і бяда. І калі ўзнікаюць якія бытавыя праблемы ці заняможацца, упэўнены: кінуцца на дапамогу і сацыяльны работнік, і вяскоўцы. Сацыяльны работнік, можна сказаць, з’яўляецца свайго роду гарантам станоўчага псіхалагічнага стану, а, значыць, і здароўя састарэлых людзей, якія чакаюць увагі, клопату, падтрымкі. Акрамя выканання галоўных абавязкаў, быць для падапечных псіхолагам і юрыстам, бухгалтарам, лекарам і кулінарам, сябрам і дарадцам, дыпламатам, таленавітым пасрэднікам паміж падапечнымі і рознымі службамі раёна пры вырашэнні ўзнікаючых праблем. За 13 гадоў сваёй працы ў сістэме сацыяльнай службы Наталля Іванаўна Ясюля авалодала гэтымі навыкамі на «выдатна».

З дасье «Полымя»
Нарадзілася ў вёсцы Лыкавічы ў сям’і калгаснікаў. Маці — Тамара Мікалаеўна — спачатку палявод калгаса імя Чарняхоўскага, затым да атрымання II групы інваліднасці — работніца мясцовага завода пластмасавых вырабаў, тата — Іван Яфімавіч — былы калгасны шафёр. Скончыла Турэцкую СШ, пасля атрымала спецыяльнасць швачкі ў адным з вучылішчаў Мінска, але не засталася ў сталіцы, зразумела, што гарадское жыццё не для яе, дый патрэбна была дапамога бацькам у вядзенні вялікай дамашняй гаспадаркі. Са школьных гадоў — актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, таму адразу прыняла прапанову ўзначаліць Лыкавіцкі сельскі клуб і 20 гадоў (да закрыцця клуба) паспяхова спраўлялася з няпростымі абавязкамі. З 2008 г. — сацыяльны работнік у в. Лыкавічы, па сумяшчальніцтву на 0,5 стаўкі — інспектар сацыяльнай дапамогі насельніцтву. У яе падначаленні — 10 сацыяльных работнікаў: 7 — ад Турэцкага сельвыканкама, 3 — ад Ярэміцкага. Амаль 20 гадоў — стараста в. Лыкавічы (да гэтага старастам быў яе бацька). Дэпутат Турэцкага сельвыканкама. Муж — Ясюля Мікалай Ігнацьевіч — родам з Лыкавіч, працуе ўсё жыццё ветэрынарам у КУСП «Чарняхоўскі-Агра». Два сына: старэйшы — студэнт Акадэміі сувязі, малодшы — навучэнец Навагрудскага аграрнага каледжа. Жыве ў агр. Турэц у асабістым доме, выдзеленым калгасам. Сястра — Гімпель Алена Іванаўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Карэліцкай СШ № 1, прызнаная па выніках 2020/21 вучэбнага года класным кіраўніком года сярод устаноў адукацыі вобласці.

«Мне падабалася працаваць у клубе, — успамінае жанчына. — Раней Лыкавічы лічыліся самай вялікай вёскай у раёне, тут у кожнай хаце гадавалася па 6-8 дзяцей, многія, падросшы, засталіся ў родных мясцінах. Сельскі клуб з’яўляўся для вяскоўцаў месцам, дзе можна было цікава адпачыць, цэнтрам зносін; мастацкая самадзейнасць была на высокім узроўні, праводзілася мноства мерапрыемстваў, любімае з іх — свята вёскі. Навокал звінеў смех, гучалі песні, радасны гоман. На жаль, вёска сёння старэе, жылых дамоў — каля 25, толькі летам трошкі мнагалюдней дзякуючы дачнікам. Калі закрылі сельскі клуб, перажывала, употай нават плакала, ноччу трызніла мерапрыемствамі, рэпетыцыямі, таму прапанову стаць сацыяльным работнікам, нават не раздумваючы, прыняла адразу: значыць, ізноў буду патрэбна сваім землякам! Спачатку абслугоўвала 15 чалавек, зараз — 5. Канешне ж, хвалявалася, турбавалі думкі: ці спраўлюся, ці атрымаецца наладзіць даверлівы ўзаемны кантакт з падапечнымі. Супакойвала тое, што ёсць накоплены вопыт узаемадзеяння з людзьмі падчас работы ў клубе, і сёння магу сказаць: гэта маё, і не ўяўляю сябе на другім месцы. На маю думку, сацыяльным работнікам можа стаць чалавек, які любіць людзей, жыве іх праблемамі, не абмяжоўваецца толькі юрыдычна абазначанымі абавязкамі — купіць прадукты і медыкаменты, дапамагчы прыгатаваць ежу, прыбраць у хаце, аплаціць камунальныя паслугі, прынесці са склепа гародніну, забяспечыць палівам на зіму. Ён павінен быць гатовым ахвяраваць сваім часам, каб даўжэй пабыць з чалавекам, пагаварыць, выслухаць набалелае, суцешыць, падтрымаць, расказаць навіны, сагрэць цеплынёю душы, патэлефанаваць яго дзецям, арганізаваць медыцынскую дапамогу пры неабходнасці, наведваць не па графіку, а часцей». Іменна так паступае Наталля Іванаўна. Да Лыкавіч з Турца раней дабіралася на скутары, а як паламаўся, перайшла на веласіпед. Зімою ж і ў непагадзь — пехатою, ведае: яе чакаюць штодзённа. Турбуецца, раптам узнікла патрэба ў дапамозе. Вось таму людзі не шкадуюць для сваёй Наташы шчырых, удзячных слоў.

Людская ацэнка

Шасцідзесяцігадовая Ганна Аляксандраўна Гімпель (па прычыне эпідэмабстаноўкі ў раёне прыйшлося размаўляць з людзьмі па тэлефоне) узбуджана ўсклікае: «Ці задаволена я сваім сацыяльным работнікам? Ой-ёй, яшчэ як! Такой, як наша Наташа, няма ва ўсім свеце! Нам пашанцавала з ёю. Добрая, прыветлівая, спачувальная, усё, што закажу, прынясе, папытаецца, што яшчэ прынесці, у чым дапамагчы. Амаль кожны дзень наведвае, ніколі голаса не павысіць, пагаворыць, разважыць, любіць нас, нямоглых, і мы яе моцна любім. У Наташы — бацькі залатыя, мама — цудоўная жанчына, таму і дачка харошая. Дай Бог ім здароўя! Я нікога другога не хачу, бо Наташа — родны чалавек для мяне, вось каб усе такія былі!» Мікалаю Іванавічу і Ніне Пятроўне Гімпелям ужо споўнілася па 90 гадоў, і дапамога сацыяльнага работніка — жыццёвая неабходнасць. «Наташа — залаты работнік, — прызнаецца Ніна Пятроўна. — Не выходзіць ад нас. На ўсё ёй хапае часу і цярпення: і прыбраць у доме, і прадукты даставіць, як патрэбна, дапамагчы ў праполцы агародзіка. Я ж яшчэ агуркі саджу! Ведае, што неабходна для нас. Я ў мінулым — даярка, муж — даглядчык буйной рагатай жывёлы, здароўе маем ужо слабое, таму, каб не Наташа, прапалі б. У яе найдабрэйшы характар; хаця каб не кінула нас, бо другой такой не знойдзеш. Мы молімся за яе здароўе». Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Іна Аляксандраўна Богуш таксама з цеплынёю адзываецца аб Наталлі Іванаўне: «Бывае, дзіву даешся, як на ўсё ў яе хапае часу ды цярпення, спраўляючыся з мноствам абавязкаў, даручэнняў і на раённым, і на мясцовым узроўнях. Жыве клопатам аб людзях, заўсёды дасканала вывучае ўзнікшыя ў чалавека праблемы, своечасова вырашае іх, пагэтаму людзі любяць яе, ганарацца, што маюць такога дабрадушнага, нераўнадушнага сацыяльнага работніка, шчодрага на душэўнасць і сардэчнасць». Загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі насельніцтву Ганна Віктараўна Свірыд прадаўжае думку Іны Аляксандраўны: «Наталля Іванаўна — жанчына святлейшай душы, працавітая, адказная, чулая, незласлівая, гатовая імчацца да сваіх падапечных па першаму клічу, адмаўляючыся, бывае, ад абедзеннага перапынку; і днём, і вечарам, а то і ноччу. Некаторыя яе знаёмыя не раз дзівяцца: «Навошта табе гэта?» І ў адказ чуюць: «А я не магу іначай, не магу людзей кінуць з бядой адзін на адзін». Яна душой сагравае іх, добразычлівасцю, сумленнасцю, таму няма ў яе адрас ні скаргаў, ні нараканняў. Наталля Іванаўна — яркі ўзор адносін да працы для маладых сацыяльных работнікаў».

Прынцып жыцця — не падаць духам!

Абавязкаў і даручэнняў у Наталлі Іванаўны Ясюля сапраўды шмат: акрамя асноўных у якасці сацыяльнага работніка, яна як інспектар сацыяльнай дапамогі насельніцтву адказвае за працу падначаленых ёй 10 (як я пісала) калегаў з Турэцкага і Ярэміцкага сельвыканкамаў: дзяжурыць тры разы на тыдзень у спецыяльна адведзеным пакоі Турэцкага клуба, прымае справаздачы, вырашае праблемы, складае графікі работы, выязджае ў населеныя пункты для кантролю, дапамагае пры неабходнасці. Як стараста вёскі прыкладвае ўсе намаганні, каб быў парадак у Лыкавічах, на могілках, каб запытанні сяльчан выконваліся своечасова, каб вывозілася рэгулярна смецце з падворкаў, каб арганізаваць медыцынскае абследаванне вяскоўцаў, флюараграфію. Таму прыходзіцца цесна кантактаваць з сельвыканкамам, камунгасам, медыцынскімі ўстановамі, натарыусам, бо не раз звяртаюцца жыхары з просьбай дапамагчы аформіць дакументы на продаж дома. Бярэ на сябе арганізацыю пахавання аднасяльчан, вырашае многія пытанні да прыезду іх дзяцей. З вялікім энтузіязмам падтрымала прапанову Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна стварыць для пажылых людзей санаторый на даму. Збіраліся ў прасторным пакоі бацькоўскага дома (дарэчы, там жа праводзяцца і медыцынскія абследаванні сяльчан), сустракаліся з медыцынскімі работнікамі, атрымоўвалі ад іх каштоўныя парады, але пандэмія разбурыла далейшыя планы. А яшчэ Наталля Іванаўна — цудоўная гаспадыня, жонка, маці, дачка, клапатлівая, надзейная апякунша для адзінокай жанчыны, інваліда II групы, Сіневіч А. М. з Турца, папрасіўшай: «Не аддавай мяне, Наташа, нікуды і нікому». Знаходзіць час Н. І. Ясюля і для ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці мясцовага клуба: спявае ў вакальнай групе, выступае на канцэртах з мастацкім чытаннем, пераўвасабляецца разам з дырэктарам клуба Комар Ж. Э. у «Рускіх новых бабак», выклікаючы захапленне ў гледачоў.

Свае адносіны да Наталлі Іванаўны старшыня Турэцкага сельвыканкама Барычэўскі С. В. выказвае па-мужчынску лаканічна і коратка: «У яе характары закладзены самыя каштоўныя чалавечыя якасці: любоў да людзей, дабрыня, добрасумленнасць. Яна не лічыцца з асабістым часам, працуе не на публіку, а ўкладвае душу ў работу, жыве для людзей, таму заслугоўвае павагі і самых добрых слоў».

«Як я паспяваю ўсюды? — усміхаецца жанчына. — Без дапамогі сельвыканкама, яго старшыні С. В. Барычэўскага, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, асабіста яго начальніка І. А. Богуш, Сямібратавай І. М., дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, Г. В. Свірыд, загадчыка аддзялення, урача агульнай практыкі І. Д. Паўлючыка, яго памочніка А. У. Ваўчок, медсёстраў Турэцкай амбулаторыі, жыхароў вёскі Лыкавічы і многіх іншых мне было б цяжка. У мяне моцны сямейны тыл — муж, сыны, сястра. Тата і мама — галоўныя дарадчыкі мае, маё ратаванне. Яны пражылі разам 50 гадоў, вучылі дабру, міласэрнасці, годнасці. Я да сённяшняга дня, як і многія вяскоўцы, па многіх пытаннях раюся з мамай. Канешне, бывае нялёгка, горка на душы, асабліва калі памірае хто-небудзь з падапечных, да якіх прыкіпаеш сэрцам, лічыш роднымі, тады бяру ў рукі вязанне альбо вышываю, бягу за супакаеннем да матулі і таты. Галоўнае — не падаць духам! І прашу ў Бога: пашлі мір і спакой маёй зямлі, маім родным і блізкім людзям — здароўя!».

Хачу звярнуцца да Тамары Мікалаеўны і Івана Яфімавіча: «Дзякуй вам за тое, што выхавалі такую дачушку — дастойнага чалавека. Жывіце доўга-доўга, моцнага вам здароўя, дабрабыту, радасці!»

А вам, паважаная Наталля Іванаўна, зычу вялікага шчасця. Беражыце сябе! Чытачам жа выказваю пажаданні словамі пісьменніка Віктора Гюго:

Калі вы — камень, будзьце магнітам,
Калі вы расліна — будзьце мімозай,
Калі вы чалавек — будзьце любоўю.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Іны ЛЕЙКІ