Храму праведнай Ганны вёскі Загор’е 7 жніўня спаўняецца 160 гадоў

Пошук вечнага жыцця
Шмат разоў, збочыўшы з брэсцкай трасы, праязджаючы ад Міра да Карэліч, і добра ведаючы гэты адрас, царкву на могілках каля вёскі Загор’е выхопліваеш літаральна за лічаныя секунды. Такое самае ўражанне, такая ж сустрэча вокамгненнага характару складваецца і на зваротнай дарозе — калі вяртаешся з Карэліч… Тут трэба спыняцца на якую гадзіну-другую, каб як след агледзець гэтую мясціну і паспрабаваць пачуць подых часін, дакрануцца да розных стагоддзяў, задумацца пра чалавека ў прасторы вечнасці, паразважаць пра трывогі і сумненні хуткаплыннага жыцця, якое для кожнага з нас было і застанецца ў выпрабаваннях і веры…

Мяне прывёў сюды мясцовы карэліцкі будаўнік Сяргей Дунец. Яму і яго памагатым-паплечнікам давялося займацца рэканструкцыяй, лічы — будаўніцтвам новага памяшкання праваслаўнага храма…

Яшчэ ў 1861 годзе на ахвяраванні мясцовых жыхароў тут, на могілках, каля Загор’я, была ўпершыню пабудаваная драўляная царква… Зруб пад двухсхільным дахам, у цэнтры — макаўка. Фасад быў вырашаны чатырохступеньчатай тэрасай пад трохвугольным франтонам. Вертыкальна абшаляваныя фасады рассечаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Так апісалі навукоўцы храм праведнай Ганны… Колькі падзей з ім звязана — і нараджэнні, і смерці, радасць і гора, колькі людзей, пранікліва ўглядаючыся ў глыбіні абразоў, адкрывалі ў сценах царквы нешта сутнаснае, вартае таго, каб прайсці з ім па жыцці ці паглыбіцца ў нечым галоўным, сапраўдным, шукаючы сваё ўласнае месца ў вечнасці… За многія дзесяцігоддзі прайшла і драўляная царква свой шматпакутны лёс. Мяняліся ўлады. Розныя ідэалогіі накладвалі сваю пячатку на канкрэтныя храмы, забараняючы вернікам падтрымліваць іх годны выгляд. Ды і час рабіў сваю справу. Вось і наспела патрэба абнаўлення старога будынка.

— Так склалася, што да нашых мясцін прычыніўся прадпрымальнік Генадзь Сабалеўскі, — расказвае Сяргей Дунец. — А ўжо менавіта ён як фундатар, клапатлівы арганізатар усіх матэрыяльных выдаткаў, і выбраў нас на ролю будаўнікоў. Вось некаторы час таму і вырасла новая царква, ужо «апранутая» ў чырвоную цэглу… Уражваюць мазаіка, скульптура, вітражы. На даху царквы ўстаноўлены сонечныя батарэі, якія асвятляюць храм і блізкую тэрыторыю, прыцягваюць сюды вандроўнікаў і ў вячэрні час. Прыемна, што аднаўленне, новае нараджэнне адбылося ў пярэдадзень 160-годдзя першага нараджэння храма… Людзі (а жыццё паказвае, што гэта — і моладзь, новыя пакаленні) прыходзяць на вядомае іх прадзедам, дзядам, прашчурам месца і, як мне падаецца, адчуваюць святло, судакранаюцца з мінулым і перадаюць свой настрой зусім юным, для каго, спадзяюся, царква ў Загор’і стане роднай і блізкай… Складаючы сцены царквы, мы стараліся, каб кожнаму з наведвальнікаў храма было прыемна судакрануцца з прыгажосцю, светласцю гэтай пабудовы…

З абнаўленнем храма, здаецца, змянілася і сама атмасфера мясціны. Пра тое, што царква праведнай Ганны прыцягвае людзей, становіцца своеасаблівым выхаваўчым асяроддзем, мы размаўлялі на могілках у Загор’і са старастай прыхода Вольгай Віктараўнай Ходар. Яна звярнула нашу ўвагу на пліту ў храме з прозвішчамі землякоў, якія не прыйшлі з мінулай вайны… Вялікая Айчынная ў гэтых мясцінах звязаная з многімі драматычнымі падзеямі. Варта зазірнуць у мастацкія і дакументальныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, чый талент якраз тут, у Загор’і і яго ваколіцах, і выпеставаны, у творы легендарнага партызана-літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка, — і перад вачыма адкрыецца шырокая карціна партызанскай памяці. А яшчэ кожны з мясцовых жыхароў ведае сваю ўласную сямейную гісторыю. Сабраўшы на пліце прозвішчы ўсіх землякоў, якія не вярнуліся з вайны, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук Мікалай Ламан зрабіў высакародную справу захавання гістарычнай памяці. Вялікія падзеі заўжды ўспрымаюцца намі, калі адкрываецца нешта асабістае…

— А яшчэ Мікалай Афанасьевіч, — расказвае стараста Вольга Віктараўна, — высадзіў па перыметры могілак хвоі, якія сам купіў у гадавальніку. Цяпер вунь як вымахалі! І ўглядаючыся ў іх раўнюткі радочак, нельга не пакланіцца добрай справе… Нашы вёскі Загор’е, Турэц, якія зусім побач (у Турцы, дарэчы, ёсць вялікі, таксама з дзевятнаццатага стагоддзя, праваслаўны храм) — з багатай гісторыяй. І мне здаецца, што ў летапіс нашых мясцін увойдзе і сённяшняе аднаўленне царквы праведнай Ганны. А вернікі з Загор’я, госці, якія да нас прыязджаюць, будуць і надалей памятаць, што ўсіх збірае свята 7 жніўня…

З храмам не дазваляе хутка развітацца і адмысловае яго мастацкае афармленне. Над вітражамі, мазаікамі для царквы працаваў вядомы беларускі мастак Віктар Барабанцаў. Яго творчыя здабыткі высока ацэненыя ў нашай дзяржаве. Мастак узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне».

— І хоць нарадзіўся я на Гомельшчыне, — расказвае Віктар Барабанцаў, — усё ж прыкіпеў менавіта да гэтых навагрудскіх, карэліцкіх узгоркаў… Часта ездзіў сюды на пленэры. Мяне і храмы ў гэтай прасторы прыцягваюць, і пэўны ўзвышаны творчы настрой надае сама гістарычнасць, унікальнасць гэтых мясцін…

«Вясна ў Міры», «Мір. Красавіцкая раніца», «Сустрэча ў Навагрудку», «Свята ў Міры. Партрэт пісьменніцы Вольгі Іпатавай», «Подых вякоў. Зямля Навагрудская. Трыпціх» — гэтыя і іншыя карціны, партрэты Віктара Барабанцава напоўненыя радасцю, светлымі фарбамі. Насустрач позірку гледача выпраменьваюцца снег, ясныя прасторы, чыстае неба… Так і ў мазаіках, якія аберагаюць сваімі зіхоткімі праменьчыкамі царкву праведнай Ганны на могілках у Загор’і, — сонца, светласць навокал, здаецца, пры любым надвор’і. Сюжэты, вобразы, якія прыўнёс мастак у аздабленне храма, — гэта і вынік багатага папярэдняга вопыту такой работы Віктара Барабанцава. За плячыма ў творцы — і шматколерныя фрэскі на сюжэты Свяшчэннага Пісання, якія аздабляюць сцены ў царкве ў вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, мазаічнае пано «Прападобная Ефрасіння, ігумення Полацкая», якое размешчана над уваходам у храм «Усіх тужлівых Радасць», мазаікі, якія ўпрыгожваюць царкву Марыі Магдаліны ў Мінску. Высокі талент жывапісца, мастака-рэаліста дапамог Віктару Барабанцаву сягнуць і ў калісьці новыя для яго таямніцы царкоўнага мастацтва. Майстар і ў творах, якія аздабляюць святыню ў Загор’і, здолеў знайсці тую інтанацыю, якая злучае ў адно цэлае і вечнасць, і тутэйшую, уласцівую гэтай старонцы прыземленасць. Можа, таму і такой прыцягальнай, роднай, надзіва блізкай і па-свойму зразумелай падаецца праваслаўная царква праведнай Ганны на могілках каля вёскі Загор’е?.. Будзеце ехаць у Карэлічы пры любой нагодзе — не абмінайце яе. Спыніцеся. Угледзьцеся ў зробленае сучаснікамі нашымі, угледзьцеся ўважліва — і вы, упэўнены, адчуеце вечнасці запавет, адчуеце дух нашых прашчураў. А жыццё, пагадзіцеся, нечага вартае, калі сыходзяцца розныя стагоддзі, калі, дбаючы пра «сёння» і «заўтра», мы шануем мінуўшчыну і традыцыі.

Мікола МІРШЧЫНА. Фота Кастуся ДРОБАВА.

zviazda.by