В Кореличском районе матпомощь к школе получили 222 многодетные семьи. «Белая Русь» сделала подарки к 1 сентября

У Карэліцкім раёне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу». Арганізатары кампаніі заклікаюць усіх неабыякавых дапамагчы сем’ям з нізкім узроўнем даходу, у тым ліку дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям з інваліднасцю.

Сямікласніца сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Кацярына Талстая з радасцю разглядае новенькі заплечнік — падарунак ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»:

— Ён вельмі прыгожы і зручны, з задавальненнем буду хадзіць з ім у школу. Дзякуй «Белай Русі» за прыемны сюрпрыз да 1 верасня!

Старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан спяшаецца па другім адрасе. У аграгарадку Палужжа жыве трэцякласнік Уладзіслаў Ханько, які захапляецца чытаннем. Для юнага кнігамана Яўген Чычкан падрыхтаваў 6 энцыклапедый, якія дапамогуць хлопчыку паглыблена вывучаць школьныя прадметы. Улад шчаслівы, кажа, што кнігі для яго — лепшы падарунак.

Да дабрачыннай акцыі далучыліся і іншыя раённыя грамадскія арганізацыі: Чырвоны Крыж, Беларускі дзіцячы фонд, Беларускі фонд міру і Беларускі саюз жанчын. Па шматгадовай традыцыі яны дапамагаюць сіротам, хворым дзецям, дзецям-інвалідам, са шматдзетных і няпоўных сем’яў, якія навучаюцца ў агульнаадукацыйных школах, падрыхтавацца да новага навучальнага года. І асаблівая ўвага надаецца тым рабятам, якія пойдуць у першы клас. Для іх падчас акцыі «Збяром дзяцей у школу» будуць перададзены пісьмовыя прыналежнасці, партфелі, абутак, адзенне і іншыя неабходныя рэчы. Акцыя працягнецца да 1 верасня. Далучыцца да добрых спраў могуць усе жадаючыя.

Акрамя таго, аднаразовую матэрыяльную дапамогу з раённага бюджэту атрымалі 222 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 459 школьнікаў. На адно дзіця выплачана 60 рублёў. На гэтыя мэты накіравана 27,5 тысячы рублёў. Фінансавая падтрымка прадугледжана Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021-2025 гады.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара