В Кореличском районе на сельских сходах детей обучают безопасности

Лета — любімая пара для дзетвары. Дзяўчынкі і хлопчыкі імкнуцца знайсці сабе занятак для душы і весела правесці вольны час. І як важна, каб гэта цудоўная пара прайшла для іх бяспечна і з карысцю. Для дарослых гэта найбольш адказны час: бацькам патрэбна пастаянна трымаць забаўкі  дзяцей у полі зроку.

Дзяржаўныя органы раёна прыкладаюць намаганні, каб прадухіліць няшчасныя выпадкі з удзелам дзяцей, папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны непаўналетніх. Па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх на працягу летняга перыяду праводзяцца дзіцячыя сельскія сходы ў аграгарадках сельсаветаў. Да ўдзелу ў іх запрашаюцца дзеці і дарослыя з усіх навакольных вёсак, як мясцовыя жыхары, так і прыезджыя на канікулы ці ў водпуск. Мэта іх  правядзення — сістэматызаваць веды непаўналетніх па правілах бяспечнай жыццядзейнасці, навучыць пазбягаць і ўмець папярэдзіць небяспечныя сітуацыі, нагадаць,  “што такое добра, а што такое дрэнна”.

На дзіцячай пляцоўцы ў аграгарадку Палужжа 21 ліпеня  сабралася шмат дзяўчынак і хлопчыкаў. Нямала прыехала сюды і зацікаўленых асоб, якія ў гульнёва-дыялогавай форме тлумачылі дзетвары правілы бяспекі на дарогах, пры пажарах, на вадзе, прыводзілі прыклады розных надзвычайных сітуацый і меры іх прадухілення, папярэдзілі прысутных пра недапушчальнасць крадзяжоў, хуліганства, распіцця алкагольных напіткаў, адказалі на пытанні.

Падобныя сходы ўжо адбыліся ў шасці аграгарадках раёна, больш за 200 дзяцей прынялі ўдзел у мерапрыемствах. Сустрэчы будуць працягвацца да канца лета.

На сустрэчы па бяспецы да дзяцей прыязджаюць супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, ДАІ, старшыня раённага Таварыства выратавання на водах, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, метадыст упраўлення адукацыі райвыканкама.

Работа працягваецца, бо, як вядома, толькі  агульнымі намаганнямі можна вырашыць нават самую складаную справу. І дастукацца да сэрца кожнага.

Галіна СМАЛЯНКА