В СПК «Жуховичи» наградили старшего комбайнера Сергея Костюка

На двары — жнівень. Час убіраць вырашчанае — на палях жнуць збожжавыя. Але і пасля гэтага прасторы не губляюць сваёй велічы і прыгажосці. Вочы радуюць дагледжаныя палеткі.

Візіт у сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Жухавічы» быў невыпадковым. Разам з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерыем Літвіным і старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзіяй Шэўка завіталі на збожжавыя палеткі. Старшаму камбайнеру Сяргею Касцюку, які намалаціў больш 1000 тон зерня, уручылі Дыплом, вымпел, прэмію ад Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускакага прафсаюза работнікаў АПК.

— На камбайне «Ліда-1300» працую адзінаццаты сезон, — расказвае камбайнер. — Працаваў з чатырнаццаці гадоў памочнікам камбайнера ў бацькі, вось з таго часу прызвычаіўся да хлебаробскай справы. Сам родам з Мядзвядкі, затым пераехалі ў Юравічы. Калі ажаніўся, то далі кватэру ў Жухавічах.

Сваім жыццём і працай Сяргей Касцюк задаволены. Гаспадарка перадавая, хаця трэба старацца і самому. Галоўнае — павінна быць добра падрыхтаванай тэхніка ды надвор’е спрыяла. Яно робіць пэўны ўплыў на вынікі ў працы — у дзень намалочвае ад 40 да 100 тон.

Камбайнер прызнаўся, што тэхніка яму падабалася з дзяцінства. За гады працы яшчэ мацней яе палюбіў і з усёй сур’ёзнасцю адносіцца да даручанай справы. Хаця ў сельгаскааператыве нямала руплівых і дбайных хлебаробаў. Зямля любіць клапатлівых.
Галіна СМАЛЯНКА