Как отпразднуют День народного единства на Кореличчине

Да святкавання Дня народнага адзінства на Карэліччыне далучацца ўсе працоўныя і вучнёўскія калектывы, грамадскія арганізацыі і жыхары раёна. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан.

— Святкаванне Дня народнага адзінства ў раёне ўжо пачалося канцэртным марафонам па населеных пунктах, — адзначыў ён. — Важна, каб атмасферу свята адчулі нават у самых аддаленых кропках нашага раёна.  У бібліятэках, клубах, установах адукацыі ўжо ладзяцца выставы, акцыі, фотаконкурсы і флэш-мобы.

На наступным тыдні плануецца шэраг буйных мерапрыемстваў. Так, 15 верасня адбудзецца маладзёжны патрыятычны аўтапрабег чатырох раёнаў: Карэліцкага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага і Баранавіцкага “Ганарымся Радзімай сваёю”. Прадстаўнікі раёнаў сустрэнуцца ў вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна, на месцы масавага знішчэння мірных жыхароў, каб аддаць даніну памяці.

Адчыніць свае дзверы абноўлены бібліятэчны пункт Карэліцкай раённай бібліятэкі ў Карэлічах па вул. Гастэлы.

У скверы імя Мікалая Арцюха з удзелам кіраўніцтва раёна будзе закладзена памятная алея ў гонар першага святкавання Дня народнага адзінства.

Шмат увагі будзе нададзена моладзі. З маладымі спецыялістамі сустрэнецца кіраўніцтва райвыканкама, каб абмеркаваць надзённае. Запланавана экскурсія па раёне. Самых актыўных чакаюць велапрабегі і спартыўныя спаборніцтвы.

Для ветэранаў працы таксама прадугледжаны прыемныя сюрпрызы. Віншаванні атрымаюць юбіляры, чый дзень народзінаў прыйшоўся на 17 верасня. Адбудзецца ўрачыстае ўручэнне пенсійных пасведчанняў карэліччанам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту.

Цэнтральным мерапрыемствам свята стане ўрачысты канцэрт “Разам мы — Беларусь!”, які адбудзецца 17 верасня ў 15.00 у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Арганізатары абяцаюць, што святочныя мерапрыемствы да Дня народнага адзінства нікога не пакінуць раўнадушнымі і стануць добрай традыцыяй нашага краю.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

1