Шляхецкае выхаванне і адукацыя моладзі ў даўнія часы

Выхаванне маладога пакалення з’яўляецца адной з галоўных мэт і задач сям’і – найважнейшага сацыяльнага інстытута. Менавіта з сям’і пачынаецца развiццё дзіцяці як асобы.

З даўніх часоў нараджэнне дзіцяці было вялікай падзеяй для сям’і. Для яго будучага лёсу важным з’яўлялася хрышчэнне, якое азначала ахову душы чалавека. Цырымонія хрышчэння дзіцяці адбывалася ў храме ў атачэнні сям’і, сяброў і ганаровых гасцей. Дзяцей магнатаў хрысцілі вышэйшыя царкоўныя саноўнікі, а ўрачыстасць моманту падкрэслівалася тым, што дзеці былі апранутыя ў багата аздобленую вопратку. У XVI–XVII стст. пры хрышчэнні дзецям надавалі імя ў гонар хрысціянскага святога. У шматлікіх шляхецкіх і магнацкіх сем’ях існавала традыцыя перадачы імя з пакалення ў пакаленне: ад бацькі да сына ці ад дзеда да ўнука. Радзівілы, напрыклад, мелі традыцыю надаваць старэйшаму сыну імя Мікалай.

Галоўнай апякункай як дзяўчынак, так і хлопчыкаў першапачаткова была маці, якой дапамагалі кармiлiцы, нянечкі і служанкі. Яна сачыла за здароўем, гігіенай, харчаваннем дзяцей. Дачку маці апекавала да самага шлюбу. Так, дзяўчынкі набывалі неабходныя навыкі, якія тычыліся асноў вядзення хатняй гаспадаркі і выхавання дзяцей. Бацька ж – галава сям’і, займаўся адукацыяй сыноў, калі тым спаўнялася 7 год. Ён мог вучыць хлопчыка ездзіць конна, страляць з лука, кідаць дзіду ў цэль, фехтаваць зброяй, змагацца без яе. Акрамя гэтага, важна было навучыць хлопчыка ўмеламу кіраванню маёнткам, удзелу ў грамадскім жыцці краіны, яе абароне; выхаваць яго справядлівым, міласэрным і сумленным.

Згодна з традыцыямі таго часу, пачатковую адукацыю дзеці часта атрымоўвалі пры дапамозе хатніх настаўнікаў. Так, пачатковую адукацыю пры дапамозе хатніх настаўнікаў атрымаў Караль Станіслаў Радзівіл (1669–1719), а пасля некалькі гадоў вучыўся ў нясвіжскай школе. Вядома таксама, што адукацыяй 5-гадовага Дамініка Радзівіла (1786–1813) займалася шмат настаўнікаў, адным з якіх быў Францішак Карпінскі – вядомы ў той час паэт, драматург, перакладчык, філосаф і педагог. Цікава, што абіраючы прыдатныя навукі для малога Дамініка, настаўнік браў пад увагу яго ўзрост. Ён адзначаў: “У такім дзіцячым узросце нельга нічога больш рабіць з панам Дамінікам, акрамя таго, каб вучыць яго рэлігіі, праўдзе і дабрадзейнасці, а пасля крыху айчыннай гісторыі, не забываючы пра лічбу і алфавіт…”.

Акрамя гэтага, шляхецкая моладзь часта набывала веды ў езуіцкіх калегіумах. Там меліся вялікія бібліятэкі, працавалі школьныя тэатры, меліся курсы філасофіі і тэалогіі. Напрыклад, Караль Станіслаў Радзівіл (1669–1719) навучаўся ў Люблінскім езуіцкім калегіуме. А ў 1684 г. ён выехаў у падарожжа, наведаў дзесяткі еўрапейскіх гарадоў: Кракаў, Дрэздэн, Парыж, Прагу…

І не дзіўна, бо каб удасканаліць атрыманыя веды, дзяцей накіровалі ў падарожжы па Еўропе. Для прыкладу можна таксама ўзгадаць Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, які ва ўзросце 14 гадоў быў пасланы ў Нямеччыну вывучаць замежныя мовы, або Багуслава Радзівіла (1620–1669), які ў маладыя гады вывучаў абарончыя сістэмы ў Амстэрдаме і іншых галандскіх гарадах. Дарэчы, такія падарожжы спрыялі фарміраванню эстэтычных густаў і звычаяў. З-за мяжы магнаты пераймалі забавы, моду на нашэнне еўрапейскага        адзення, выкарыстоўванне тых ці іншых аксесуараў.

 

Вераніка КРАСОЎСКАЯ,

малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”