СПК «Маяк-Заполье» демонстрирует лучшую урожайность кукурузного силоса в районе

Праца на полі каля вёскі Кальчычы СВК «Маяк-Заполле» кіпіць з самай раніцы. Магутныя камбайны адзін за адным прасоўваюцца праз шчыльную сцяну кукурузы, вымахаўшай пад тры метры. Аграрыі не хаваюць радасці: іх сельгаспрадпрыемства дэманструе лепшую на Карэліччыне ўраджайнасць кукурузнага сіласу — 457 цэнтнераў з гектара.

— Убіраць культуру на сілас выйшлі 6 верасня, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі        Андрэй Казлоўскі. — За 4 няпоўных дня ўжо атрымалі 1005 тон зялёнай масы, якую закладваем у траншэю. Усяго плануем атрымаць 19,1 тысячы тон зялёнага корму.

Каля вёскі Кальчычы ўраджай ўбірае механізатар з амаль 40-гадовым стажам Вячаслаў Базянюк. На сваім надзейным кормаўборачным камбайне «Кронэ» за дзень ён абмалочвае каля 20 га кукурузы. Механізатары на адвозцы Яўген Ложачнік і Яўген Лісоўскі за дзень перавозяць па 70-75 тон сіласу. На трамбоўцы зялёнай масы працуюць механізатары Міхаіл Гуцько і Анатоль Ярашэвіч.

Ураджай царыцы палёў добры. Умовы надвор’я парадавалі. У гарачую першую палову лета перыядычна праходзілі дажджы. Жнівень стаў шчодрым на ападкі як ніколі. Бездакорна ў сельгаспрадпрыемстве выканалі патрабаванні тэхналогіі. Вынік не прымусіў сябе чакаць. Цяпер галоўная задача — у аптымальны тэрмін і якасна ўбраць усё, што вырашчана.

Андрэй Казлоўскі не сумняваецца, што за кошт кукурузы сёлета атрымаецца важкая прыбаўка да ўжо нарыхтаваных травяных кармоў:

— Пад кукурузу ў гэтым годзе ў гаспадарцы адвялі 450 гектараў. Зялёнай масы з кожнага гектара збіраем па 457 цэнтнераў — на 2 цэнтнера больш, чым у 2020-м. Працягваем папаўняць запасы сенажу, якога маем звыш 19,3 тысячы тон. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы травяных кармоў назапасілі 20,4 цэнтнера кармавых адзінак. Цудоўны ўраджай кукурузы дазволіць гэтую лічбу павялічыць.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара