СПК «Жуховичи» отгрузил первую партию рапсового масла

У сельгаскааператыве “Жухавічы” на бягучым тыдні зрабілі першую адгрузку рапсавага масла, вырабленага на ўласнай лініі па перапрацоўцы насення рапсу. 22 тоны прадукта з водарам карэліцкіх палёў адправіліся на ААТ “Аграпрадукт” у Зэльву.

У старшага аператара вытворчасці Юрыя Бязушкі з раніцы прыўзняты настрой. Яно і зразумела: першы блін не выйшаў комам, запушчаная трэцяга верасня лінія працавала як гадзіннік і вось першы вынік — больш за 20 тон каштоўнай прадукцыі.

— Да пераходу на рапсавую лінію я працаваў у гаспадарцы вядучым інжынерам, — расказвае Юрый. — Мне прапанавалі стаць аператарам, доўга не раздумваў: заробак добры і тэхналогія простая, бо лінія аўтаматызаваная. Але працаваць спусціўшы рукавы тут нельга, трэба пільна сачыць за праходжаннем усіх працэсаў, каб не атрымаць непрыемных сюрпрызаў.

Юрый праводзіць экскурсію па вытворчасці. Насамрэч, лінія зусім кампактная, нават дзіўна, што за суткі работы яна здольная вырабіць 2 тоны масла і 5 тон жмыха.

— Тэхналагічнае абсталяванне выраблена ў Чэхіі. Яно дазваляе двойчы спрэсаваць насенне рапсу, у выніку павялічваецца выхад масла і атрымліваецца жмых лепшай якасці, — тлумачыць аператар.

Да гутаркі далучаецца намеснік старшыні СВК “Жухавічы” па вытворчасці Міхаіл Штыцько. Па яго словах, у будаўніцтва лініі ўклалі 1 млн 150 тысяч рублёў. Куплялі ў лізінг.

— Вытворчасць будзе рэнтабельнай, — упэўнены Міхаіл Міхайлавіч. — Адна тона масла каштуе больш за тры тысячы рублёў. Яго з рукамі адрываюць вытворцы, якія займаюцца вырошчваннем птушкі. Рапсавае масла — незаменны кампанент камбікармоў. Рапсавы жмых уласнай вытворчасці ўжо ўвялі ў рацыён нашага дойнага пагалоўя. Дарэчы, новая лінія выпускае высокаякасны корм, у складзе якога абаронены бялок. Так ён лягчэй засвойваецца жывёлінай. Такім чынам мы зможам знізіць выдаткі на вытворчасць малака. Дарэчы, у суткі на карову атрымліваем 24,1 літра малака.

Для таго, каб лінія выйшла на поўныя вытворчыя магутнасці, неабходна 2,5 тысячы тон рапсу. Для гэтага ў гаспадарцы пашырылі плошчы пад азімы рапс на 50 гектараў.

— Галоўнае, каб надвор’е не падвяло, каб у меру было і сонца, і дажджу, тады і добрую ўраджайнасць возьмем, — гаворыць Міхаіл Штыцько. — Мы ж сваю справу ведаем: добры насенны матэрыял і выкананне тэхналогій.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара