У музеі «Замкавы комплекс «Мір» пачала работу выстава «Маўклівыя сведкі эпохі замкаў: засцерагальныя элементы ўзбраення XVI–XVIII стст.»

17 верасня 2021 г. у музеі «Замкавы комплекс «Мір» пачынае работу выстава «Маўклівыя сведкі эпохі замкаў: засцерагальныя элементы ўзбраення XVI–XVIII стст.». На ёй прадстаўлены прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

Засцерагальнае ўзбраенне прайшло доўгі шлях эвалюцыі і развівалася паралельна развіццю халоднай зброі, каб даць найбольшую абарону і пры гэтым забяспечыць прымальную рухомасць у баі.

Пасля павышэння ролі ручной агнястрэльнай зброі і артылерыі, даспехі ў еўрапейскіх арміях былі, у асноўным, скасаваныя да пачатку XVIII ст. У іншых жа рэгіёнах свету даспехі маглі не губляць актуальнасць ажно да канца XIX ці нават пачатку XX стст.

Наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з арыгінальнымі прадметамі, якія сталі ўжо маўклівымі сведкамі эпохі росквіту нашых замкаў: рознымі тыпамі баявых нагалоўяў (шлемаў), арыгінальнымі часткамі рыцарскіх даспехаў XVI–XVIII стст. (абойчыкамі, нагруднікамі, наручамі, манжэтамі, фрагментамі пласцінчатых спадніц, набедранікамі, элементамі даспехаў для рыцарскіх спаборніцтваў), а таксама фрагментамі металічнай акоўкі конскага рыштунку.

Асобнае месца на выставе займае ложа паляўнічага калясцовага карабіна 1680–1696 гг. з партрэтнай выявай і гербам караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага.

Выстава будзе доўжыцца да 17 снежня 2021 г.

Уваход на выставу па квітках у музей.

Месца правядзення: пастаянная экспазіцыя музея.