31 октября — День автомобилиста и дорожника. Водители Кореличской сельхозтехники рассказывают о шоферском братстве, месяцах в дороге и попутчиках

Іван Коўгар круціць баранку ўсё сваё свядомае жыццё — больш за 40 гадоў. У яго працоўнай кніжцы значыцца толькі адзін запіс — Карэліцкая сельгастэхніка.

— 41 год у сельгастэхніцы ды плюс яшчэ два гады ў арміі шафярыў, — усміхаецца Іван Іосіфавіч. — Напэўна, не я выбраў прафесію, а яна мяне. Бацька быў механізатарам, двое дзядзькаў і двое братоў таксама ўсё жыццё за рулём.

У савецкія часы Іван Коўгар хадзіў у дальнія рэйсы па ўсім Савецкім Саюзе, быў у Чачні, расійскіх Мінеральных Водах і Цюмені. Спачатку перавозіў запасныя часткі і тэхніку, пазней перайшоў на фуру і транспартаваў у Расію ПЭТ-бутэлькі і курыныя яйкі.

— Бывала, што месяц жыў у кабіне падчас рэйсу. Там і харчаваўся, там і спаў. Цяпер вось малако дастаўляю на Навагрудскі і Карэліцкі заводы. Вядома, устаю рана, як і ўсе малакавозчыкі, у 4-4.30 раніцы — ужо на рабоце. Карацей, усё жыццё — дарога!

Віталій Януш, які таксама кіруе малакавозам, гаворыць, што ў іх прафесіі патрэбна быць жаваранкам, каб устаць з сонцам:

— Хаця гэта хутчэй звычка. Напрыклад, я месяц быў на бальнічным, лячыў вывіх, дык кожны дзень усё роўна ў чатыры раніцы прачынаўся. Цяпер вось правяраю, як сябе адчувае мой жалезны конь, рыхтую да зімы. Праз пару дзён — за руль!

Віталій Уладзіміравіч успамінае кур’ёзны выпадак, які аднойчы здарыўся з ім у дарозе. Неяк ехаў ён у Жухавічы і заўважыў на абочыне дарогі, якраз насупраць ільнозавода, чалавека, якія неяк разгублена азіраўся. Едзе назад — зноў той чалавек на дарозе. Вядома, спыніўся, спытаўся, што здарылася. Аказалася, мужчына быў з жонкаю на вяселлі ў Карэлічах, яны пасварыліся і згарача чалавек пашыбаваў у бок Міра. Калі трохі астыў, зразумеў, што заблукаў і не ведае дарогі. Віталій, зразумела, падвёз небараку да райцэнтраўскага рэстарана, а той дзякаваў, жартуючы: “Здымай, браце, боты, буду ногі табе цалаваць! Гэта ж мяне, акрамя цябе, ніхто і браць не хацеў!”

Яшчэ адзін малакавозчык Уладзімір Логіш расказвае пра вадзіцельскае братэрства:

— Калі малакавоз стаіць на абочыне, мы заўсёды спынімся, каб спытаць, што здарылася. Ды і ўвогуле, думаю, любы кіроўца спыніцца, каб дапамагчы ці справай, ці парадай. Гэта нармальная чалавечая рэакцыя. Мой вадзіцельскі стаж складае 34 гады. Спачатку працаваў у сельгасхіміі, вось ужо 17 гадоў як у сельгастэхніцы. У цыстэрне майго малакавоза змяшчаецца 4 тоны 300 кілаграмаў малака. Сыравіну збіраем як у сельгаспрадпрыемствах раёна, так і ў насельніцтва. Калгаснае малако адвожу на Навагрудскі завод, ад насельніцтва — на Карэліцкі сырцэх.

Вадзіцель МАЗа Уладзімір Маковік, як і яго таварышы, таксама мясцовы: нарадзіўся і вырас у вёсцы Валокі. У 1999 годзе пачынаў працаваць на УАЗе, потым перасеў на бензавоз, ужо 14 гадоў кіруе МАЗам. За дзень праязджае каля 300 кіламетраў.

— Мой груз — цукровыя буракі. Назад з Гарадзейскага цукровага камбіната вязу на Карэліччыну дэфекат, які потым уносіцца на палі. З Наваельні і Салігорска прывожу мінеральныя ўгнаенні. Пытаеце, ці не сумна аднаму за рулём? Ды не, я прывык быць у дарозе. Часта слухаю навіны або проста музыку. Вельмі люблю “Ласкавы май” і іншыя шлягеры 80-х гадоў. А каб быць больш бадзёрым у дарозе, ваджу з сабой каву.

Побач рамантуе свой МАЗ Мікалай Кузьміч, які дадае, што патрэбна быць вельмі пільным і ўважлівым у дарозе:

— Так, наша прафесія патрабуе значнай канцэнтрацыі, бо ад кожнага,  а тым больш ад вялікагруза, залежыць абстаноўка на дарозе.

Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся ў Руткавічах, за рулём — з 1993 года. У сельгастэхніцы працуе 5 гадоў, да гэтага шчыраваў у аўтапарку, часта вазіў пясок для будаўніцтва мясцовых дарог. Зараз дастаўляе буракі і зерне на перапрацоўчыя заводы.

Універсальным майстрам, пра якіх гавораць: тры ў адным, з’яўляецца 30-гадовы Раман Міхалёў.  Ён і вадзіцель, і слесар, і шынамантажнік.

— Жыццё мяне паматала. У раннім дзяцінстве разам з бацькамі пераехалі ў Беларусь з Расіі. Аселі ў вёсцы Баранавічы. Скончыў Карэліцкае ПТВ на кранаўшчыка. Спачатку працаваў вадзіцелем у Малюшычах, потым ездзіў на расійскія будоўлі. Не спадабаліся ўмовы, ды і зарплата не вельмі задавальняла. Затым па ўсёй Беларусі ездзіў, дахі перакрываў. А як ажаніўся, так і прыйшоў сюды, у сельгастэхніку. 7 гадоў тут працую. Руліць з дзяцінства прызвычаіўся: бацька працаваў у калгасе на камбайне.

Напэўна, дзякуючы такому няўрымсліваму характару Раман змог хутка асвоіць прынцып шынамантажу. Зараз можа за паўгадзіны пераабуць любы вялікагруз. За месяц прыходзіцца абслугоўваць каля 10 адзінак буйна-габарытнай тэхнікі. Ёсць у Рамана і яшчэ адзін функцыянал: ён адзіны ў сельгастэхніцы, хто можа пратэставаць і адрамантаваць паліўную аўтамабільную помпу. Некалькі гадоў таму ён асвоіў спецыяльную камп’ютарную праграму тэсціроўкі і цяпер літаральна з заплюшчанымі вачыма можа разабраць і сабраць паліўную помпу. У маладога кіроўцы — трое сыноў, старэйшы вельмі любіць гуляць з машынкамі, магчыма, працягне сямейную дынастыю.

— Карэліцкая сельгастэхніка — шматфункцыянальнае прадпрыемства, — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства, галоўны інжынер Юрый Русак. — Асноўныя віды работ — транспарціроўка малака, цукровых буракоў, зерня, мінеральных і арганічных угнаенняў. Менавіта гэта і прыносіць асноўны даход. Так, за 9 месяцаў бягучага года перавезена 50,6 тыс. тон малака, 54,9 тыс. т арганічных і 2,9 тыс. т мінеральных угнаенняў, 2,2 тыс. т цукровых буракоў. Усяго 118,5 тыс. тон грузаў. Дзякуючы грузаперавозкам удалося атрымаць 1 млн 157 тысяч рублёў прыбытку. Гэта палова ад усяго атрыманага за гэты перыяд прыбытку. Усяго ў сельгастэхніцы працуе 34 вадзіцеля. Машынна-трактарны парк немалы: тры КАМАЗы, 7 МАЗаў і 24 малакавозы.

Акрамя гэтага, сельгастэхніцкія майстры рамантуюць прычэпы, кормараздатчыкі, вырабляюць уязныя вароты на малочнатаварныя фермы, стойлавыя боксы для кароўнікаў. Праводзяць абслугоўванне энерганасычанай тэхнікі  і абсталявання на МТФ. У цэлым за 9 месяцаў бягучага года прадпрыемства прадэманстравала рэнтабельную работу. Аб’ём вытворчасці прадукцыі склаў 103%, прыбытак — 2,2 млн рублёў, план выкананы на 101,9%.

— Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць усіх работнікаў і ветэранаў аўтамабільнага транспарту, — гаворыць Юрый Барысавіч.— Прафесія аўтамабіліста — асаблівая, з уласцівай ёй рамантыкай, характарам і традыцыямі. Але перш за ўсё гэта напружаная праца, якая патрабуе фізічнай і эмацыйнай самааддачы. Нашымі аўтамабілямі перавозіцца значны аб’ём грузаў. Таму ад зладжанай і безаварыйнай працы вадзіцеляў, дыспетчараў, інжынераў, рамонтных работнікаў залежыць функцыянаванне ўсіх сфер жыццядзейнасці нашага раёна. Я выказваю вам словы падзякі за вашу стваральную і добрасумленную працу. Моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям, прафесійных поспехаў і новых працоўных здзяйсненняў!

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара