Кореличчане рассказывают о том, что для них значит народное единство

Таццяна АРДА,

Герой Сацыялістычнай працы, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Я пражыла змястоўнае і цікавае жыццё, шмат дзе пабывала, хаця і працавала нястомна. Навіну аб аб’яўленні 2021 Годам народнага адзінства ўспрыняла з адабрэннем. Мяркую, што гэта дарэчы і своечасова. Мне давялося пабываць у Польшчы і Расіі, і ўсюды нас гасцінна сустракалі. Дарэчы, у Расіі, Томску, жыве дачка Жанна, якая стварыла добрую сям’ю і з мужам-татарынам  выхавалі сумленных дзяцей.

На заслужаным адпачынку часта ўспамінаю гады працы. Працавала даяркай і брыгадзірам на ферме «Людвікі». Працоўны стаж складае каля пяцідзесяці гадоў. Ды і астатнія работнікі жывёлагадоўчай галіны вызначаліся працавітасцю. Рабочы чалавек быў і цяпер застаецца ў  пашане, і праца складала аснову нашага жыцця. Дык навошта рушыць тое, што назапашвалася гадамі? Трэба жыць у згодзе, бо толькі разам можна вырашаць любыя задачы. І не важна, якую пасаду займаеш, працуй сумленна, з пашанай стаўся да калег. Дзеля свайго дабрабыту і росквіту  дзяржавы.

Вераніка КУЛАК,

спецыяліст па  сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна», маці 4 дзяцей:

— Самае дарагое ў нашым жыцці — нашы дзеці. Мы радуемся іх першым крокам і таму, як яны падрастаюць. Затым — іх поспехам і дасягненням. Наша радасць становіцца двайной, калі мы не адны ў сваім імкненні. Педагогі раскрываюць у вучнях таленты.

Так і ў маім выпадку. Я — маці чацвярых дзяцей, трое старэйшых займаюцца ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў. Пеця і Ваня танчаць, Ваня і Ангеліна наведваюць тэатральнае аддзяленне, Ангеліна — салістка вакальнай групы «Усмешка», яна стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Да таго ж, Ваня і Ангеліна — пастаянныя ўдзельнікі міжнародных конкурсаў і былі лаўрэатамі І і ІІ ступеняў.

Чаго б дзеці былі варты без навучання і падтрымкі іх выкладчыкаў? Чаго б яны змаглі дабіцца, каб ні клопат нашай дзяржавы пра таленавітых дзяцей? Толькі разам — сям’я, настаўнік, краіна — можна даць падрастаючаму пакаленню пуцёўку ў будучае. І гэта асабліва адчувальна ў Год народнага адзінства.

 

Вікторыя БАЛАШЭНКА,

бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі:

— Год народнага адзінства дазваляе пры мностве меркаванняў і разнастайных уяўленняў людзей аб шчасці і справядлівасці, аб дабры, аб тым, як жыць, усё-ткі аб’яднацца вакол галоўнага. А галоўнае — гэта, безумоўна, жыццё і лёс дзяцей, добрая і дастойная па ўсіх паказчыках старасць нашых бацькоў, дабрабыт грамадзян у цэлым. Гэта магчымасць для кожнага маладога чалавека самарэалізавацца, адчуваць сябе патрэбным краіне, у якой ён нарадзіўся і жыве. Пакуль мы адзіныя, пакуль мы разам і захоўваем нашы традыцыйныя духоўныя каштоўнасці, той стрыжань, які многія гады аб’ядноўвае беларусаў, нас нікому не зламаць і не перамагчы! Усе прайшоўшыя мерапрыемствы ў Год народнага адзінства былі накіраваны на ўмацаванне ўпэўненасці ў тым, што наша краіна — самае ўтульнае і бяспечнае месца, дзе кожны можа ажыццявіць усе свае стваральныя мары і імкненні на дабрабыт сваёй сям’і і роднай Беларусі ў цэлым.

Год народнага адзінства мае і вялікае патрыятычнае значэнне. Сёння грамадства сутыкаецца з новымі выклікамі і пагрозамі, і цяпер вельмі важна выхаваць любоў да Айчыны і свайго народа, імкненне служыць іх інтарэсам. Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам рэалізаваць усё задуманае і садзейнічаць росквіту нашай краіны. Тое, што робіць жыхароў Беларусі адзіным цэлым, грамадствам, здольным не толькі жыць у міры, разуменні і гармоніі, але не дапускаць паўтарэння страшных і трагічных вехаў нашай гісторыі.

 

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА