Кореличские вышивальщицы Татьяна Купрас и Екатерина Лустач делятся секретами мастерства

Бадай, не бывае людзей, раўнадушных да вышыўкі. Па-ранейшаму існуюць яе прыхільнікі, якія ствараюць сапраўдныя шэдэўры, і тыя, хто цікавіцца іх майстэрствам.

У краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Жыву, люблю, вышываю». Яна прысвечана вышыўцы і майстрам Карэліччыны. Сапраўднымі гераінямі сустрэчы сталі Таццяна Купрас і Кацярына Лустач, якія шчодра дзяліліся сакрэтамі  свайго майстэрства з яе наведвальнікамі.

На выставу Кацярына Лустач прадаставіла дзесяць прац. Сярод іх: «Дама ў капелюшы», «Пара», «Коцік», «Снегіры», «Кветкі ў карзіне» і іншыя. Вышывае крыжыкам  каля пяці гадоў. Майстрыха працуе медыцынскай сястрой аддзялення гемадыялізу ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы і лічыць, што вышыўка  яе заспакойвае. Дапамагаюць у захапленні часопісы «Вышыўка для душы». Увогуле, гэтая справа сямейная: прабабуля Кацярына вышывала крыжыкам і ткала, бабуля Аляксандра вышывала крыжыкам і сукала пражу, а матуля Лілія Георгіеўна вышывала гладдзю. «Вышыўка — занятак для душы», — лічыць Кацярына Лустач.

Другая гераіня сустрэчы Таццяна Купрас працуе інжынерам па ахове працы ў Карэліцкім  будаўнічым прафесійна-тэхнічным ліцэі. Вышывае з дзяцінства, бабуля і матуля      займаліся гэтай справай. Жанчына працуе ў тэхніцы вышыўка ў набор ці, як раней гаварылі, бранае ткацтва. Майстрыха вышывае ручнікі, абрусы, сурвэткі. Вышыла дачцэ сяброўкі вясельны ручнік, таксама сябрам дорыць вышыўкі. Таццяне Аляксандраўне гэты занятак прыносіць задавальненне. На выставу прадаставіла вялікі абрус, які кранаў сэрцы яе ўдзельнікаў.

Майстрыхі назвалі якасці, якімі павінен валодаць майстар па вышыванні: цярпенне, захапленне, любоў да творчасці, жаданне стварыць шэдэўр.  Выказвалі пажаданне навічкам: спрабаваць — і кожны выбера сваё.

На сустрэчу з майстрамі вышыўкі прыйшлі і ўдзельнікі гуртка «Кудесница», які дзейнічае пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Вольга Жук патлумачыла, што тут сабраліся майстры сваёй справы, а падчас сустрэчы з гераінямі выставы яны змаглі  запазычыць штосьці карыснае для сябе.

Напрыканцы наведвальнікі выставы задалі пытанне дырэктару раённага музея: «Ці можна аддаць у экспазіцыі музея бабуліны вышыўкі?» На што Дзмітрый Арцюх адказаў: «З радасцю прымем рэчы».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ