Кореличское унитарное коммунальное предприятие бытового обслуживания населения возглавила Алла Маковик

25 кастрычніка новым дырэктарам Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва назначана Ала Пятроўна Маковік.

А.П. Маковік нарадзілася 7 студзеня 1965 года ў в. Зазер’е Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 2005 годзе скончыла Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці «камерцыйная дзейнасць».

Працоўны шлях пачынала ў 1985 годзе прадаўцом Карэліцкага райспажыўсаюза. Тут жа працягнула працаваць на розных пасадах, у тым ліку эканамістам па цэнах, намеснікам начальніка аддзела па працы з пастаўшчыкамі, начальнікам гандлёвага аддзела. У 2007 годзе прыйшла на пасаду намесніка дырэктара Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, у якой прапрацавала 14 гадоў.

— Рэаліі сённяшняга часу патрабуюць ад вытворцаў не проста якаснай прадукцыі, а пошуку новых рынкаў збыту, — адзначае Ала Маковік. — Галоўная мая задача як кіраўніка — забяспечваць працоўны калектыў працай, бо ў кожнага — сем’і, якія трэба карміць. У сваю чаргу я спадзяюся на падтрымку сваіх калег і раённага кіраўніцтва. Бо адзін у полі не воін, а з камандай аднадумцаў любая задача пад сілу. Мы і ў далейшым будзем рабіць усё для таго, каб запыты нашых людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці, былі задаволеныя.