В Кореличской ЦРБ плановая медпомощь временно приостановлена, но без экстренной помощи никто не останется. Рецепт на лекарства и консультацию доктора можно получить по телефону

— Наша ўстанова аховы здароўя працуе згодна з новым загадам Міністэрства аховы здароўя. Планавая меддапамога пакуль на паўзе, каб не ствараць здаровым людзям дадатковую рызыку інфікавання, — расказвае галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Данута Скварада. — Прыпыняецца правядзенне дыспансерызацыі, скрынінгавых мерапрыемстваў, аказанне рэабілітацыйнай дапамогі, выкананне фізіятэрапеўтычных працэдур, маніпуляцый, што патрабуюць знаходжання ў аддзяленнях дзённага знаходжання.

Разам з тым у выпадку неабходнасці пацыентам акажуць экстраную дапамогу, без яе ніхто не застанецца. Калі пацыент пажылы і маламабільны, прама на даму яму могуць зрабіць электракардыяграму і забор крыві на аналіз.

У паліклініцы працуе кол-цэнтр, дзе дзяжураць сярэднія медыцынскія работнікі і ўрач, якія адкажуць на пытанні насельніцтва, што тычацца COVID-19 і вакцынацыі. Акрамя таго, менавіта гэтыя спецыялісты дыстанцыйна цікавяцца станам здароўя хворых на каранавірус і кантактаў першага ўзроўню. Задаць свае пытанні можна па тэлефонах: 8(029)6767195, 8(029)6767103, 2-13-33.

Пацыентам, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў, не трэба ісці ў паліклініку за рэцэптам. Дастаткова патэлефанаваць у рэгістратуру па нумары 2-02-40 і пакінуць заяўку. Акрамя таго, па гэтым жа нумары можна атрымаць дыстанцыйнае кансультаванне ўрача. Медсястра перадасць карту пацыента і яго пажаданні лечачаму ўрачу. У сваю чаргу доктар патэлефануе пацыенту і скажа, дзе будзе знаходзіцца рэцэпт, або дасць параду адносна здароўя.

Па-ранейшаму ў паліклініцы ёсць тры віды вакцыны: расійскай вытворчасці “Спадарожнік V”, “Спадарожнік Лайт” і кітайскай “Vero Cell”. На сёння прышчэплена 30,64% карэліччан. Па-ранейшаму ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх няма ніводнага вакцынаванага пацыента.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара