З гісторыі школы ў Карэлічах (частка другая)

Школьныя гады застаюцца ў памяці кожнага з нас да апошніх дзён жыцця. Невыпадкова ў сваіх думках мы часта вяртаемся да той навучальнай установы, дзе некалі апантана і настойліва адкрывалі для сябе цудоўны свет ведаў. Успамінаем любімых настаўнікаў, якія аддавалі нам цеплыню сваіх бескарыслівых сэрцаў, сеялі “разумнае, добрае, вечнае” ў нашых душах. Хачу нагадаць чытачам гісторыю Карэліцкай школы, дзе мне давялося вучыцца ў 1960-70-я гады.

Народнае вучылішча “імя Яго імператарскай Вялікасці”

Вечарам 22 лістапада 1911 года на ўскраіне мястэчка Карэлічы ў будынку, дзе пад адным дахам месціліся Карэліцкае народнае вучылішча  і чатырохкласнае гарадское, успыхнуў пажар. Васіль Кішко, загадчык двухкласнага сельскага вучылішча імя Яго імператарскай Вялікасці Мікалая Аляксандравіча, правяраючы вучнёўскія сшыткі, выпадкова перакуліў газавую лямпу. Газа ўспалыхнула і хутка трапіла праз шчыліны пад падлогу, дзе знаходзілася шмат ядлоўцу, пакладзенага туды, як казалі людзі, дзеля таго, каб не заводзіліся мышы. Сухі ядловец лёгка загарэўся, і хутка ўвесь другі паверх будынка аказаўся ахутаны дымам. Асцерагаючыся, што агонь пад падлогай распаўсюдзіцца па ўсім будынку і перакінецца на драўляныя лесвіцы, людзі пачалі выносіць з будынка рэчы, дзеля чаго прыйшлося ўзламаць зачыненыя дзверы і выбіць вокны на першым паверсе. Дзякуючы намаганням сялян пажар хутка быў патушаны, але падлога ў пакоі настаўніка паспела выгарэць. 23 лістапада ў Мінскую дырэкцыю народных вучылішч з Карэліч паляцела тэлеграма, у якой паведамлялася, што заняткі на некалькі дзён прыпынены з-за пажару ў вучылішчы. У той жа дзень настаўнік-інспектар Карэліцкага гарадскога вучылішча Сцяпан Рамановіч накіраваў Дырэктару народных вучылішч рапарт, у якім паведаміў аб здарэнні: “Честь имею донести Вашему Высокородию, что 22 ноября в 9 часов вечера от разбитой учителем народного училища лампы вспыхнул в здании пожар. Занятия были прекращены на один день и 24 ноября открываются”.

Гэта здарэнне адбылося праз год пасля таго, як Сцяпан Рамановіч стаў настаўнікам-інспектарам Карэліцкага чатырохкласнага гарадскога вучылішча, адкрытага 1 верасня 1910 года. Сцяпан Канстанцінавіч Рамановіч (1878 – 1959) паходзіў з сялянскай сям’і, што спрадвеку жыла ў вёсцы Падкасоўе на Навагрудчыне. Вёсачка гэта месціцца зусім недалёка ад Шчорсаў, дзе некалі шчыраваў у сваім маёнтку асветнік і мецэнат граф Храптовіч, у багатай бібліятэцы якога працавалі многія вядомыя людзі, у тым ліку Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Іаахім Лялевель і іншыя.

Сцяпан Рамановіч, атрымаўшы адукацыю ў Нясвіжскай семінарыі, спачатку настаўнічаў ва Уселюбскім народным вучылішчы на Навагрудчыне, а ў 1901 годзе падаўся ў Вільню, каб прадоўжыць вучобу ў настаўніцкім інстытуце. Паводле архіўных дакументаў, зацверджаны пасля вучобы ў Вільні ў чыне калежскага сакратара, ён з 1904 года настаўнічаў у Ігуменскім вучылішчы, з 1908 – у 3-м мінскім гарадскім вучылішчы, а ў 1910 годзе быў накіраваны ў Карэлічы. Разам з ім прыехала ў Карэлічы яго жонка, Аляксандра Рамановіч (Зотава), якая таксама атрымала педагагічную адукацыю. Пасяліліся настаўнікі ў будынку народнага вучылішча на другім паверсе, тут у 1911 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Валянцін, які пазней скончыў Віленскі ўніверсітэт і стаў  таленавітым мастаком.

Сцяпан і Аляксандра Рамановіч з сынам Валянцінам. Каля 1914 г.

Дакументы сведчаць, што народнае вучылішча існавала ў Карэлічах  з 1 верасня 1862 года (дазвол ад 16  лістапада 1863 г.). У 2022 годзе мы будзем адзначаць 160-годдзе школы ў Карэлічах! З казны на ўтрыманне вучылішча выдзелілі на той час 200 рублёў. У 1880-я гады тут настаўнічалі Канстанцін Рыбцэвіч, Аляксандр Краскоўскі, у 1890-я —  Канстанцін Якімовіч,  Фёдар Бусько, у пачатку 1900-х – Міхаіл Шут, Міхаіл Добраслаўцаў, Іван Сатыга, Канстанцін Шыш, з 1907 да 1911 – равеснік адмены прыгоннага права Аляксандр Якаўлевіч Дзянькевіч. Апошні ў пачатку мінулага стагоддзя прычыніўся да з’яўлення ў мястэчку  будынка народнага вучылішча, пісаў прашэнне на імя Мікалая II з просьбаю выдзеліць сродкі на яго будаўніцтва, вазіў з Івянца чырвоную цэглу на будоўлю, уклаў у добрую справу ўласныя грошы, а потым сам настаўнічаў у гэтай навучальнай установе, якая з 1909 года стала двухкласным сельскім вучылішчам. Разам з ім працавалі настаўніца Вольга Маскалевіч і законанастаўнік, святар Карэліцкай царквы Уладзімір Любіч. Пазней Аляксандр Дзянькевіч вучыў дзяцей недалёка ад Карэліч, у Зарэчскім вучылішчы.

Настаўнік вывеў на светлы жыццёвы шлях не толькі многіх вучняў, але  і ўласных дзяцей, якіх у яго было сямёра. Старэйшы сын, Мікалай, яшчэ да рэвалюцыі падаўся ў Кіеў і там працаваў інспектарам Паверачнай палаты, а потым пачаў здымацца ў фільмах і спяваць на опернай сцэне. Не менш адметным аказаўся лёс і Людмілы Дзянькевіч, якая скончыла ў Кіеве рэжысёрскі факультэт кінаінстытута і стала кінарэжысёрам. З 1937 года яна працавала спачатку на Адэскай кінастудыі, а потым на кінастудыі імя А. Даўжэнкі. Пры яе непасрэдным удзеле былі зняты фільмы “Я – чарнаморац!”, “Блакітныя дарогі”, “Лёс Марыны”, “Мора кліча”, “Матрос Чыжык” і многія іншыя. Людміла Дзянькевіч стала выдатнікам кінематаграфіі СССР і ўпісала сваю адметную старонку ў гісторыю савецкага кіно. А пачыналі вучобу брат з сястрой  у Карэлічах.

Карэліцкі настаўнік  пахаваны на руціцкіх могілках, дзе раней хавалі мясцовых жыхароў. На помніку зроблены надпіс: “Александр Яковлевич Денькевич, бывший народный учитель. Ж(ил) 64 г. Ум(ер) 4 октября 1924 г.”

Аляксандр Дзянькевіч з 1909 да 1911 г. быў загадчыкам Карэліцкага двухкласнага вучылішча, якое будаваў разам з сялянамі (да гэтага ў Карэлічах існавала аднакласнае вучылішча), а потым яго замяніў на гэтай пасадзе былы настаўнік Зарэчскага вучылішча Васілій Кішко, а Аляксандр Дзянькевіч перайшоў на яго месца. Што ж адбылося ў гэты час? У 1910 г. у будынку сельскага двухкласнага вучылішча размясцілі чатырохкласнае гарадское вучылішча. Двум установам у адным будынку стала цесна, і 17 кастрычніка 1911 года новы загадчык двухкласнага вучылішча Васіль Кішко падаў інспектару Мінскай дырэкцыі народных вучылішч рапарт, у якім гаварылася, што двухкласнаму вучылішчу не хапае месца ва ўласным будынку.

“В здании, построенном для Кореличского двухклассного имени Его императорского Величества Николая Александровича училища, временно поместилось городское училище. Инспектор городского училища не признает, что это здание построено крестьянами для двухклассного училища, а считает его принадлежащим городскому училищу. (…)Кроме того, имея собственное здание, построенное крестьянами для двухклассного училища, имеющее три классные комнаты, учителя занимаются в одной комнате. Это имеет большое неудобство и даже влияет на успешность школьного дела. Квартира учительницы вполне годится под класс, но если таковую обратить, то учительница должна нанимать квартиру. Г. Инспектор городского училища пользуется квартирой, принадлежащей двухклассному училищу, каковую он может освободить для пользования двухклассному училищу.

Об изложенном честь имею покорнейше просить Ваше Высокородие довести до сведения Г. Директора народных училищ и сделать распоряжение, чтобы Инспектор городского училища немедленно освободил погреб, кладовую, учительскую, а вместе с тем и квартиру, занимаемую им. Классы могут оставаться в этом же здании до конца учебного года. Заведывающий В. Кишко”. (На мове арыгінала)

На падставе гэтых дакументаў можна зрабіць вывад, што будынак народнага вучылішча, дзе цяпер знаходзіцца Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, быў пабудаваны не пазней 1910 года, будаваўся ён для двухкласнага вучылішча, а двухкласным, як сведчыць “Памятная книжка Минской губернии”, народнае вучылішча стала ў 1909 г.

Карэліцкае гарадское вучылішча

Гарадскому вучылішчу, у якім у 1911 г. працавалі настаўнік-інспектар Сцяпан Рамановіч, настаўнікі Аляксандр Сітнікаў і Іван Каралько, а таксама законанастаўнік святар Уладзімір Любіч, пасля рапарту В. Кішко было прапанавана арандаваць памяшканне,  і на наступны год гарадское вучылішча размясцілася ў двух наёмных дамах за плату 1100 руб. у год. На ўтрыманне гарадскога вучылішча адпускалася з казны 4250 руб., са спецыяльных сродкаў – 1100 руб. Вучняў у 1911 г. налічвалася 96 чалавек, плата за навучанне складала 10 руб. у год, заробак настаўнікаў – 700-800 руб. у год.

Што ўваходзіла ў гэты заробак? Настаўнік-інспектар Рамановіч С.К. атрымліваў плату (жалованье) 350 руб., “сталовыя” грошы – 190 руб., за загад. вучылішчам – 150 руб., дап. 138 руб. і кватэру. Настаўнік Аляксандр Сітнікаў атрымліваў плату 350 руб., “сталовыя” – 190 руб., кватэрныя – 75 руб. і 75 руб. за выкладанне спеваў. Законанастаўнік Уладзімір Любіч  меў плату 250 руб., “сталовыя” – 140 руб і дап. – 73 руб. (Даведка: у 1911 – 1915 гг. можна было купіць каня за 80 руб., карову – за 50 руб., свінню – за 20 руб., батон хлеба каштаваў 5 кап., абед у сталовай – ад 30 да 50 кап., 10 яек – 30 кап.) У 1912 г. колькасць вучняў павялічылася да 140 чал. У вучылішчы пасля заканчэння Віленскага настаўніцкага інстытута з’явіўся яшчэ адзін настаўнік – Максім Царык.

1 студзеня 1913 г. Карэліцкае гарадское вучылішча было пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. Колькасць вучняў павялічылася да 174 чалавек, большым стаў і заробак настаўнікаў:  інспектар атрымліваў 1560 руб. (плата – 960 руб., за загад. – 300 руб., за выслугу – 300 руб. і кватэра), А. Сітнікаў – 900 руб. і за выкладанне спеваў – 200 руб. На працу быў прыняты настаўнік Уладзімір Танкевіч (960 руб.), на наступны год пачала працаваць з дзецьмі і Аляксандра Рамановіч. 14 верасня 1914 г. інспектар Сцяпан Рамановіч звярнуўся да дырэктара народных вучылішч Мінскай губерні з  прашэннем “о разрешении израсходовать из специальных средств  училища для выдачи вознаграждения допущенной к временному исполнению из платы по найму обязанностей учителя Кореличского высшего начального училища Александре Георгиевне Романович по 40 рублей за годовой урок, что за 18 уроков составит 720 рублей в год”. У 1914 г. спецыяльныя сродкі ў вучылішчы (плата за навучанне)  склалі 1555 рублёў.

У вучылішчы вывучаліся наступныя прадметы: Закон Божы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, чарчэнне, руская мова, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, праводзіліся ўрокі спеваў, малявання і фізкультуры. У 1 клас прымаліся дзеці ва ўзросце ад 10 да 13 гадоў. Дакументы сведчаць, што ў 1912–1915 гадах у Карэліцкім вышэйшым пачатковым вучылішчы вучыўся будучы генерал-маёр артылерыі, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны, адзін з абаронцаў Масквы Аляксандр Трусевіч з вёскі Паланая.

Былы будынак народнага вучылішча, 1930 гг.

Першы выпуск навучэнцаў Карэліцкага вышэйшага пачатковага вучылішча адбыўся ў 1914 годзе, закончаную пачатковую адукацыю атрымалі 33 вучня. У гэты год вучылішча з выдатнымі адзнакамі скончыў жыхар Карэліч Аляксандр Андрэевіч Богуш, бацька будучых вучоных, дактароў навук  Андрэя і Аляксандра Богушаў. Пра выдатную вучобу Аляксандра Богуша  сведчаць яго атэстат і кніга з даравальным надпісам інспектара Сцяпана Рамановіча. Адразу пасля заканчэння вучылішча выпускнік трапіў спачатку на ваенныя курсы, а потым на вайну.

Скончыў Карэліцкае гарадское вучылішча Павел Антонавіч Бурдо. Ён нарадзіўся ў 1895 г. у г. Баранавічы ў сям’і чыгуначніка. Пазней сям’я пераехала ў в. Даўгінава. У 9-гадовым узросце хлопчык пачаў вучобу ў народным вучылішчы спачатку ў Райцы, а потым  у Даўгінава. У 1911 г. паступіў вучыцца ў м. Карэлічы. Пасля заканчэння Карэліцкага гарадскога вучылішча здаў экзамен на званне народнага настаўніка ў Навагрудку, пасля чаго быў прызваны на ваенную службу. Прайшоўшы ваенную падрыхтоўку спачатку ў Вільні, а потым у Маскве, паручнік Бурдо быў накіраваны на фронт, пасля ранення прызнаны непрыгодным да вайсковай службы. У 1920 – 1930-я гг. працаваў на гаспадарцы, а пазней –  настаўнікам пачатковых класаў у школах раёна.

У 1914–1915 гг.  у Карэліцкім вышэйшым пачатковым вучылішчы працаваў настаўнікам  Іван Івашын. Гэта сапраўднае імя паэта Янкі Журбы, які падчас знаходжання ў Карэлічах  пісаў  вершы і друкаваў іх у газеце “Наша ніва”, але неўзабаве пакінуў мястэчка і выехаў у бежанства.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў час Першай сусветнай вайны асобныя настаўнікі Карэліцкага вучылішча трапілі на вайну. 18 ліпеня 1914 г. быў мабілізаваны на ваенную службу і адпраўлены ў 71 запасны батальён настаўнік Аляксандр Сітнікаў. 10 жніўня жонка Сітнікава накіравала на імя міністра народнай адукацыі тэлеграму, у якой паведамляла, што муж прызваны ў армію, а яна засталася без сродкаў для існавання. Сям’і мабілізаванага ў армію  А. Сітнікава было прызначана ўтрыманне. 20 жніўня 1914 г. Міністэрства народнай асветы растлумачыла: “…если Ситников состоял на государственной службе, то семейству его надлежит выдавать всё производившееся ему содержание, если же он состоял преподавателем из платы по найму, то семейство его имеет право на получение всего или части содержания, согласно установленному Советом Министров особому исчислению”. 6 чэрвеня 1915 г. Міністэрства народнай асветы ўдакладніла, што  “ежемесячное пособие семейству учителя Кореличского высшего начального училища Ситникова по Правилам 9 августа 1914 г. должно быть выдаваемо до дня производства его в прапорщики”.

У ліпені 1915 г. у дзеючую армію для выканання пастырскіх абавязкаў камандзіраваны быў і святар Карэліцкай царквы айцец Уладзімір Любіч. 28 ліпеня 1915 г. епіскап Мінскі накіраваў адказ дырэктару народных вучылішч: “На отношение от 14 сего июля за №5463 имею честь сообщить Вашему Превосходительству, что я согласен на допущение священника Кореличской церкви Новогрудского уезда А. Кобы к исполнению должности законоучителя местного высшего начального училища на время нахождения законоучителя сего училища священника В. Любича в действующей армии”.

Інспектар Карэліцкага вучылішча Сцяпан Рамановіч характар меў настойлівы і прынцыповы, што, відаць, і спарадзіла абвінавачванне ў “нядобранадзейнасці”, маўляў, вёў з людзьмі размовы аб несвоечасовасці вайны. Настаўнік, які страціў на вайне ў 1914 годзе адзінага брата і ўзяў на сябе клопат аб яго дзецях, вымушаны быў даваць тлумачэнні ў вышэйстаячыя інстанцыі, каб абвергнуць нагаворы і абараніць чалавечую годнасць. У 1915 годзе яго перавялі на Палессе, у Давыд-Гарадок, дзе ён працаваў інспектарам мясцовага вучылішча. Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Карэлічах, інспектарам якога стаў Аляксандр Лесік, у 1916 г. ужо не дзейнічала, а вось у двухкласным сельскім вучылішчы працягвалі вучыцца дзеці. Загадваў ім па-ранейшаму Васіль Кішко, не пакінула працу і Марыя Біруковіч,  законанастаўнікам застаўся святар Аляксандр Коба.

Ад  польскай  сямігадовай да рускай сярэдняй

Наваградзец не прыжыўся на Палессі, яго ўвесь час цягнула на радзіму, і таму ў 1921 годзе сям’я Рамановічаў вярнулася ў Падкасоўе. Сцяпан Рамановіч настаўнічаў у роднай вёсцы, пакуль не перабраўся зноў у Карэлічы, дзе выкладаў матэматыку ў польскай сямігодцы, дырэктарам якой быў Антоній Дулемба. Менавіта ў гэты час у школе вучыўся адзін з самых таленавітых яго вучняў – будучы вучоны, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт, які на ўсё жыццё захаваў пра свайго настаўніка самыя добрыя і светлыя ўспаміны. Сын настаўніка, Валянцін, таксама наведваў Карэліцкую школу ў 1924 годзе, пакуль не паступіў у Навагрудскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Гэтаму хлопчыку наканавана было стаць таленавітым мастаком, выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта, стварыць шэраг жывапісных палотнаў і медзярытаў. Яго высокамастацкімі гравюрамі ўпрыгожана сёння адна з залаў Тракайскага замка.

Сярод тых, хто вучыўся ў польскай сямігодцы, былі будучыя медыкі, настаўнікі, бухгалтары, вучоныя. З 1936 г. наведвала школу будучая заслужаная настаўніца БССР Кацярына Главінская з в. Палужжа, якая пасля вайны настаўнічала ў Карэліцкім раёне, узначальвала школу ў роднай вёсцы. Пачыналі вучобу ў польскай сямігодцы  ўраджэнцы Карэліч, беларускія вучоныя Андрэй і Аляксандр Богушы, а таксама сын мясцовага святара Расціслаў Душук, які пазней апынуўся ў Маскве, дзе стаў прафесарам ветэрынарыі.

У час Вялікай Айчыннай вайны школа працягвала працаваць, і дзеці маглі вучыцца, прычым заняткі вяліся на беларускай мове, але вясной 1944 года нямецка-фашысцкія захопнікі ператварылі навучальную ўстанову ў казарму, размясціўшы тут гарнізон “Беларускай краёвай абароны”. У канцы красавіка 1944 года падчас налёту партызан на казарму школа пацярпела ад пажару. Пасля вызвалення раёна яе аднаўлялі на працягу трох гадоў – да восені 1947 года.  Увесь гэты час заняткі праводзіліся ў двухпавярховым будынку на плошчы 17 Верасня, дзе цяпер месціцца рэдакцыя раённай газеты “Полымя”. Дзіцячыя галасы загучалі там ужо восенню 1944 года. Дырэктарам Карэліцкай сярэдняй школы з пачатку жніўня быў прызначаны настаўнік Сцяпан Рамановіч, але ўжо ў лістападзе яго замяніў на гэтай пасадзе  Іван Ігнатовіч.

Іван Сцяпанавіч Ігнатовіч нарадзіўся ў м. Карэлічы, скончыў народнае вучылішча, у 1908 г. здаў экзамен і атрымаў права працаваць настаўнікам пачатковых класаў. Вось толькі стаў ён не настаўнікам, а землямерам і з 1909 да 1918 г. працаваў у землеўпарадкавальнай камісіі ў Мінску. З 1918 г. займаўся навуковай працай у Навукова-даследчым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі Беларусі і адначасова займаў пасаду землеўпарадкавальніка ў сістэме  Наркамзема БССР. У 1924–1926 гг. выкладаў курс геадэзіі спачатку ў Мінскім політэхнікуме, потым у землямернай школе сістэмы Наркамзема БССР. У 1925–1929 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце права і гаспадаркі, пасля заканчэння якога атрымаў спецыяльнасць юрыста-эканаміста. У 1930 г. быў рэпрэсіраваны і высланы ў г. Мінусінск Краснаярскага края. З 1931 да 1936 г. Іван Сцяпанавіч працаваў там гарадскім землямерам і інжынерам-землеўпарадкавальнікам, пазней займаўся гэтай жа справай у г. Арле, а з 1938 г. працаваў настаўнікам геаграфіі і астраноміі ў Наўлінскай СШ Арлоўскай вобласці і завочна вучыўся ў педінстытуце. Пасля акупацыі г. Арла Іван Ігнатовіч вярнуўся на радзіму і выкладаў геаграфію і фізіку ў Карэліцкай школе. Пасля вызвалення раёна быў прызначаны дырэктарам школы, але знаходзіўся на гэтай пасадзе нядоўга. Працаваў настаўнікам у Карэлічах да выхаду на пенсію (1956 г.), яго агульны працоўны стаж склаў больш за 46 гадоў.

З 15 снежня 1945 г. да пачатку жніўня 1953 г. дырэктарам школы працаваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан Чырвонай Арміі Макар Мацюшонак. Менавіта яму давялося займацца аднаўленнем старога школьнага будынка. Прыходзілася вырашаць і шмат іншых праблем: настаўнікі не былі забяспечаны камунальнымі паслугамі, затрымлівалася зарплата, а прадуктовы паёк (мука, цукар, мыла, газа) часам зусім не выдаваўся. Школа была недастаткова забяспечана падручнікамі.

Многія дзеці пасля вайны засталіся без бацькоў і знаходзіліся ў дзіцячым доме, які ўзнік у час вайны і размяшчаўся ў будынку былой саўгаснай канторы. Туды трапілі дзеці, якіх немцы ў 1943 годзе не давезлі ў Германію з-за ўзарванай партызанамі чыгункі. Іх выратавалі ад голаду мясцовыя жыхары. Перад адступленнем немцаў дзяцей вывезлі з Карэліч, каб яны не загінулі. Пасля вызвалення раёна 82 чалавекі знаходзіліся ў в. Працяневічы Карэліцкага сельсавета, спалі на падлозе, у большасці з іх не было ні адзення, ні абутку.  Дзіцячы дом быў пераведзены ў Карэлічы ў прасторнае памяшканне з кухняй і пральняй. Спачатку яго ўзначаліла Дар’я Прохарава, у 1945 г. – Варвара Марчанкава, у 1953 г. – Ніна Цімошанкава.

Шмат гадоў узначальваў Карэліцкую СШ удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Паўлавіч Бельскі, прызначаны на гэту пасаду 8 красавіка 1957 г. Лёс яго склаўся даволі драматычна. Як сведчаць дакументы, нарадзіўся Міхаіл Паўлавіч у 1920 годзе ў вёсцы Шмялі Барысаўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1938 годзе скончыў Зэмбінскую СШ і паступіў на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1941 годзе юнак паспеў закончыць 3 курсы. Вораг імкліва набліжаўся да сталіцы, і многія людзі пакідалі Мінск. Рушыў на ўсход і Міхаіл. 13 ліпеня ён апынуўся ў Смаленскай вобласці і ў Сухініцкім РВК добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Спачатку яго накіравалі на вучобу, і ён стаў  курсантам вучэбнай каманды ў горадзе Яфрэмаве Тульскай вобласці. У маі 1942 года Міхаіл Паўлавіч скончыў  пяхотнае вучылішча і, атрымаўшы званне лейтэнанта, знаходзіўся ў дзеючай арміі ў складзе 192 стралковай дывізіі  676 стралковага палка ў якасці камандзіра ўзвода. У пачатку ліпеня полк, у якім служыў лейтэнант Бельскі, быў накіраваны у Сталінградскую вобласць на Паўднёва-Заходні фронт. Тут маладога лейтэнанта прызначылі памочнікам камандзіра мінамётнай роты. Неўзабаве полк, у якім знаходзіўся Міхаіл Паўлавіч, трапіў у варожае акружэнне, прарвацца з якога байцы не здолелі. Так летам 1942 года М. Бельскі апынуўся ў палоне. Спачатку ён знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Нюрнбергу, а потым быў вывезены ў Нарвегію на востраў Шторфозэн. Толькі ў маі  1945 года прыйшло вызваленне, і ён змог вярнуцца на радзіму. Восенню 1945 года працаваў старшым інспектарам па кадрах у будраёне горада Дрыса (цяпер Верхнядзвінск). У канцы лістапада быў адкамандзіраваны ў 362 стралковы полк, адкуль неўзабаве дэмабілізаваўся ў званні лейтэнанта. Міхаіл Паўлавіч доўгі час марыў вярнуцца да вучобы, але спачатку лёс прывёў яго ў школу, дзе пасля вайны не хапала настаўнікаў. Са студзеня 1946 года Міхаіл Паўлавіч пачаў працаваць настаўнікам у Смольчыцкай НСШ Карэліцкага раёна, але ўжо ў жніўні яго перавялі выкладчыкам гісторыі ў Карэліцкую СШ, а 15 кастрычніка  прызначылі дырэктарам Карэліцкай школы рабочай моладзі. Адначасова ён завочна заканчваў вучобу на гістарычным факультэце БДУ. У 1949 годзе, пасля некалькіх гадоў вымушанага перапынку, атрымаў, нарэшце, вышэйшую адукацыю. Пазней Міхаіл Паўлавіч быў прызначаны завучам Карэліцкай СШ, а ў 1957 годзе –   дырэктарам. Ён узначальваў школу 15 гадоў, і за гэты час паспеў здзейсніць шмат добрых спраў. За час працы Міхаіл Бельскі праявіў сябе як высокакваліфікаваны педагог і здольны кіраўнік, які ўмела накіроўваў вучэбна-выхаваўчы працэс. Ён шчодра дзяліўся сваімі ведамі з іншымі настаўнікамі, а маладым педагогам мог умела і тактоўна даць добрую параду.

(Працяг у наступных нумарах)

Святлана КОШУР, выпускніца Карэліцкай СШ 1974 г., член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Фота з архіва аўтара