Журналист «Полымя» и сотрудник санстанции проверили, как кореличчане соблюдают масочный режим

З 9 кастрычніка нашэнне масак у грамадскіх месцах стала абавязковым. Наколькі ахвотна карэліччане выконваюць масачны рэжым?

Першым аб’ектам падчас рэйду стаў адзін з папулярных магазінаў у райцэнтры — Хіт-Экспрэс ААТ «Еўрагандаль». На гадзінніку — 9 гадзін 10 хвілін. У гандлёвай зале — пакупнікоў няшмат, усе ў масках. Вядзём гутарку з дырэктарам Кацярынай Навіцкай.

«Мы патрабуем ад пакупнікоў, каб былі маскі, — гаворыць кіраўнік. — Яны рэагуюць па-рознаму: хтосьці апранае адразу, а нехта кажа, што не абавязаны гэта рабіць, бо носіць рэкамендацыйны характар. Але пасля 9 кастрычніка практычна ўсе пакупнікі прыходзяць у масках. Маску можна набыць прама ў магазіне, касіры разлічваюць па першым звароце без чаргі — 21 капейка за штуку».

У гандлёвай зале працуе рэкламнае інфармацыйнае апавяшчанне (раз у сем хвілін), што трэба насіць маскі і захоўваць дыстанцыю. У магазіне захоўваюцца ўсе санітарна-эпідэміялагічныя правілы. З боку кіраўніцтва кампаніі ўзмоцнены кантроль у дадзеным накірунку.

Аптэка № 65 г.п. Карэлічы. На ўваходных дзвярах — аб’ява аб тым, што з мэтай прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый і для бяспекі выкарыстанне масак у аптэцы абавязковае, а іх продаж ажыццяўляецца па-за чаргі.

Фармацэўты абслугоўваюць у масках і пальчатках. У кожнага на рабочым месцы маюцца дэзінфікуючыя сродкі ў выглядзе спрэя. Пакупнікі таксама ў масках. Яе можна тут набыць, кошт: ад 13 капеек да 2 рублёў 82 капеек. Ёсць фільтры для масак, каштуюць 12 капеек.

У аптэцы маецца інфармацыйны куток аб прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі. Асобна выстаўлены ў вітрыне антысептычныя і дэзінфікуючыя сродкі. На падлозе — разметка для захавання дыстанцыравання.

«Пасля 9 кастрычніка людзі сталі з разуменнем адносіцца да выканання правіл рэспіраторнага этыкета», — адзначае загадчык аптэкі Ніна Краскоўская.

Накіроўваемся ў Дом быту Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва. У цырульні ажыўлена, цырульнікі і кліенты ў масках.

«Носім іх, каб абараніць сябе і акружаючых, — гаворыць Маргарыта Буцкевіч. — На працы пастаянна ў масках, яны аднаразовыя, праз дзве гадзіны мяняем. Кіраўніцтва выдзеліла абарончыя шчыткі і пальчаткі. Маюцца і дэзсродкі, апрацоўваем столікі, крэслы, дзвярныя ручкі. Падлога мыецца з дабаўленнем дэзінфікуючых сродкаў».

Чацвёртым аб’ектам наведвання ў гэты дзень стала паштовае аддзяленне ў райцэнтры. І што немалаважна: тут таксама не давялося расчаравацца. Работнікі і наведвальнікі пошты былі ў масках. Апошнія ў чарзе захоўвалі дыстанцыю. На пошце маецца інфармацыя аб тым, як абараніць сябе ад COVІD-19, памятка аб прафілактыцы інфекцыі, факты аб вакцынацыі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ксеніі МУРАЎСКАЙ