Алексей Хилевич из Цирина служит в ИТ-роте

20 лістапада ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл Беларусі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прыняццю ваеннай прысягі новым папаўненнем. Клятву на вернасць Радзіме прынеслі больш за 6,8 тысячы ваеннаслужачых, у тым ліку 35 карэліччан.

Раздзяліць важную і хвалюючую падзею ў жыцці сына Аляксея паспяшаліся матуля Алена Анатольеўна і бацька Васілій Аляксеевіч Хілевічы з аграгарадка Цырын. Сын праходзіць службу ў роце інфармацыйных тэхналогій Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Сюды набіраюць юнакоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Больш таго, Аляксею прыйшлося ўдзельнічаць у конкурсе з 10 чалавек на месца, папярэдне здаўшы тэсты ў ВНУ, каб трапіць у роту інфармацыйных тэхналогій. Ён разам з другімі навабранцамі будзе займацца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, спецыяльных і прыкладных праграм.

У гэтым годзе Аляксей Хілевіч скончыў Беларускі нацыянальны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе вучыўся на факультэце інфармацыйных тэхналогій.
Бацькі стараліся выхаваць лепшыя якасці ў характары сына. Іх старанні не аказаліся дарэмнымі: юнак вырас працавітым і мэтанакіраваным. Маці салдата, настаўнік ДУА «Цырынскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Алена Анатольеўна Хілевіч пераканана, што служыць у арміі трэба абавязкова, кожны юнак павінен выканаць свой абавязак. Пажадала, каб заўсёды быў мір на зямлі і панаваў дабрабыт у дзяржаве і сем’ях, а наша краіна квітнела з кожным годам.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена сям’ёй ХІЛЕВІЧ