Антисанитария, безработный молодой отец и великовозрастные дети на шее. Журналист «Полымя» принял участие в профилактической отработке Циринского сельсовета

У ходзе прафілактычнай адпрацоўкі Цырынскага сельсавета была звернута ўвага на абследаванне домаўладанняў грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, і грамадзян, якія стаяць на прафілактычных уліках крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, а таксама  замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Праведзены прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў.

Журналіст раённай газеты «Полымя» прыняла ўдзел у адной з груп абследавання. Наведаны 9 замежных грамадзян, якія стаяць на ўліку ў пашпартна-візавай службе РАУС, і 6 грамадзян — у крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС.

Сустрэча са шматдзетнай сям’ёй заўсёды ў радасць. Дзеці — надзея і апора, пра іх клапоціцца дзяржава. Вось і ў нашым выпадку ў сям’і — пяцёра дзяцей, старэйшай дачцы — 12 гадоў, меншаму сыну — 5 месяцаў. Бацька працуе ў мясцовай гаспадарцы, маці — у водпуску па догляду за дзіцем. «Былі грахі ў мінулым, быў на «дамашняй хіміі», без  накіравання ў месцы пазбаўлення волі», — тлумачыць мужчына і дадае, што зараз адносіны да жыцця змяніліся, дзякуючы сямейнаму капіталу набылі дом. На першы погляд, усё добра,  жыццё наладзілася, але агледзеўшыўшы цяперашняе жыллё шматдзетнай сям’і, прадстаўнік праваахоўных органаў нагадвае шматдзетнай маці аб тым, што яна з’яўляецца ахоўніцай сямейнага ачага і павінна клапаціцца аб падтрыманні парадку ў доме. Маладая гаспадыня абяцае зрабіць уборку.

Другая сустрэча — з асобамі без грамадзянства, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Яны — браты, абое не працуюць. Адзін з іх абяцае ў бліжэйшы час уладкавацца на работу, другі спасылаецца на тое, што ў сям’і нарадзілася дзіця, і трэба дапамагчы жонцы, таму займаецца часовымі заробкамі. «Трэба працаваць, мець пастаянны занятак, — раяць праваахоўнікі. — Так надзейней будзе, не будзеце прыцягваць увагі. Не трэба парушаць правапарадку, і абавязкова прапіска».

Тэма бацькоў і дзяцей ва ўсе часы была актуальнай. Сёння  таксама на вуснах многіх. Размова з адзінока пражываючай пенсіянеркай атрымалася хвалюючай. Зусім нядаўна разам з ёю жылі сын з сужыцелькай.  Завіталі ў гэтую сям’ю невыпадкова: яна стаіць на ўліку ў праваахоўных органах. Маладыя людзі пераехалі ў іншы населены пункт, сямейнай ідыліі не атрымалася. «Адгарадзіце мяне ад іх»,— просіць маці ў членаў рэйдавай групы. Супрацоўнікі РАУС раяць ёй быць пільнай, зачыняць дзверы, у выпадку небяспекі тэлефанаваць у міліцыю.

З грамадзянінам Расіі ў членаў рэйду атрымалася шчырая размова. Лёс аказаўся не асабліва літасцівы да нашага суразмоўцы. Летась нябёсы забралі спадарожніцу жыцця, і ён жыве з васьмігадовай дачкой. У гэтым жа населеным пункце жыве цешча. Вось толькі бацька лічыць, што сам павінен займацца выхаваннем дачкі, і ў яго гэта атрымліваецца. Дзяўчынка добра вучыцца ў школе, у іх склаліся добрыя ўзаемаадносіны паміж сабою. У хаце чыста, вядзецца рамонт. Жыццём у Беларусі задаволены. «Дзяржава клапоціцца пра сваіх грамадзян, — гаворыць ён. —  Асабліва гэта датычыць  бясплатнага медыцынскага абслугоўвання. У краіне людзі жывуць спакойна і пад мірным небам». Праваахоўнікі  яшчэ раз нагадваюць мужчыне, што трэба жыць па месцы рэгістрацыі.

Якія яны, ісціны жыцця? Трэба сумленна жыць, шчыра працаваць, паважаць старэйшых, любіць дзяцей.  Магчыма, тады не трэба будзе на схіле гадоў шкадаваць аб дарэмна прайшоўшых гадах, а ў праваахоўнікаў будзе больш часу на іншыя справы.

Галіна СМАЛЯНКА