На планерке у председателя: прививочная кампания, подготовка к новогодним праздникам, благоустройство

У Карэліцкім раёне другі тыдзень зафіксаваны спад захворвання на COVID-19. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.
— Як вядома, каранавірусная інфекцыя мае хвалепадобнае цячэнне, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. — Другі тыдзень назіраецца зніжэнне захворваемасці. Аднак гэта не падстава забыцца пра меры засцярогі. Нашэнне масак, апрацоўка рук і захаванне сацыяльнага дыстанцыявання па-ранейшаму актуальныя.
На сёння 35,44% карэліччан вакцынаваны ад небяспечнага віруса. 75% вакцынавання дасягнулі асобы, схільныя да найбольш высокай рызыкі заражэння: работнікі сфер адукацыі і гандлю, карэліччане, якія маюць хранічныя захворванні.
Сёння любы ахвотны можа зрабіць прышчэпку ад COVID-19. У раённай паліклініцы маюцца ў наяўнасці вакцыны кітайскай і расійскай вытворчасці. На гэтым тыдні будзе атрымана яшчэ 120 доз кітайскай і 100 доз расійскай вакцын.
Абмеркавалі на нарадзе і канцэпцыю правядзення навагодніх і калядных святаў для дзяцей. У цэнтры ўвагі апынуцца дзеці з інваліднасцю і сіроты, а таксама адораныя юныя карэліччане. Іх увазе будзе прадстаўлены дзіцячы навагодні спектакль, запланаваны анімацыйныя прадстаўлення ў Мірскім замку. Будзе працаваць рэзідэнцыя Дзеда Мароза.
Абмеркавалі на нарадзе і ход добраўпарадкавання. На мемарыяльным комплексе «Зорка» рытмічна ідзе замена гранітнага пакрыцця. На правядзенне гэтых работ выдаткавана каля 110 тысяч рублёў. Крыніцы фінансавання — сродкі з рэспубліканскага суботніка і мясцовага бюджэту. Завяршаецца капітальны рамонт дома па вул. Прытыцкага, 1 у райцэнтры. Прайшло добраўпарадкаванне пешаходнай дарожкі, якая вядзе да СШ №1 г.п. Карэлічы. Аматары пара і веніка пры наведванні лазні ў райцэнтры зараз могуць скарыстацца і басейнам у мужчынскім аддзяленні, у якім замянілі абсталяванне на суму 32,5 тыс. рублёў.
Аб рабоце па перадачы сельскіх могілак спецыялізаваным арганізацыям расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. Гэтая праца пачалося яшчэ тры гады таму і рытмічна працягваецца. Выпрацаваны механізм дазволіць больш эфектыўна праводзіць добраўпарадкаванне гэтых аб’ектаў.
Працягваецца спілоўка аварыйных дрэў на могілках. Так, у мінулым годзе выдалена 380 пагрозлівых дрэў, у бягучым — 750. Гэтая праца будзе працягнутая.
Іна ЛЕЙКА