Поэтесса, руководитель литературного объединения «Рэчанька» при районной газете «Полымя», отличник образования Республики Беларусь, чье имя занесено в районную Книгу Славы, — Галина Павловна Колтунова празднует 75-летие

3 лістапада 2021 года адзначае 75-годдзе кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя», актыўны пазаштатны аўтар раёнкі, наш даўні і надзейны сябар Галіна Паўлаўна Калтунова.

Ад родных ніў, ад роднай хаты

Галіна Паўлаўна Калтунова нарадзілася ў 1946 годзе ў вёсцы Падгайна Карэліцкага раёна. Скончыла ў 1964 годзе Цырынскую СШ, у 1969 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна. Усё жыццё адпрацавала ў сістэме адукацыі.

Друкавацца стала ў школьныя гады. Аўтар кніг «Споведзь душы», «Карэліцкія мадонны», «Душы маёй зачараванне, мой край Карэліцкі…», «Буквар Карэліцкага краю». Кіруе літаратурным аб’яднаннем «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя».

«Жыццё знаёміць нас з людзьмі невычэрпнай шчодрасці душы, якія робяць будні змястоўнымі і непаўторнымі, — адзначае дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Арцюх. — Такое знаёмства ў мяне адбылося больш трыццаці гадоў таму, калі я прыехала працаваць у Карэліцкую раённую бібліятэку па размеркаванні. У чытальнай зале я сустрэлася з актыўным чытачом Галінай Паўлаўнай Калтуновай. Добразычлівая, прыветлівая ўсмешка і незвычайны цёплы голас далі зразумець, што гэта жанчына з добрай, пяшчотнай душой. Працуючы ў школе, яна знаходзіла час завітаць у бібліятэку, узяць пачытаць кнігі або часопісы. Шмат цікавых мерапрыемстваў адбылося ў бібліятэцы з удзелам Галіны Паўлаўны. Яна шмат гадоў працавала на ніве адукацыі раёна, заслужыла вялікі аўтарытэт і павагу сярод калег і вучняў, мае нямала ўзнагарод.

Галіна Паўлаўна піша цудоўныя вершы, яны выдадзены ў некалькіх зборніках. Галоўныя матывы яе творчасці — тэма Радзімы, любові да Бацькаўшчыны, да роднай мовы. Як кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» прыклала ўсе намаганні, каб сабраць пад адной кніжнай вокладкай вершы нашых мясцовых аўтараў, аматараў паэтычнага слова. Вынік гэтай працы — зборнік вершаў «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай».

І сапраўды, слова мясцовай паэткі кранае душу, вершы хочацца чытаць і перачытваць. Яна сэрцам заўсёды там, «дзе лес, загарэлыя сосны, бярозак агністы фантан», «дзе першая зорка кахання надзеяй сустрэчы гарыць», «дзе лепшыя ў свеце світанні, якіх не пад сілу забыць».

А вось якімі вершаванымі радкамі яна выказвае сваю любоў да роднай старонкі:

Не аддам, не прадам, не змяняю

Ні на якую ў свеце зямлю.

Я цябе, родны, любы мой краю,

Бо ўсім сэрцам удзячным люблю.

«Ясміна» — пра жанчын і для жанчын

Пяру Галіны Паўлаўны Калтуновай належаць шматлікія нарысы, замалёўкі, артыкулы — іх немагчыма падлічыць. Яна стала добрым і надзейным сябрам для раёнкі, сваёй у рэдакцыі. І мы, журналісты «Полымя», удзячны яе падтрымцы, яе важкаму слову. Яна на працягу многіх гадоў піша нарысы пра лепшых жанчын Карэліччыны, якія знаходзяць адлюстраванне на старонках творчага праекта «Ясміна». Яго сумесна ладзяць рэдакцыя раённай газеты «Полымя» і РА РГА «Беларускі саюз жанчын», і які стаў любімым для чытачоў раёнкі.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца адна з гераінь нарыса, сацыяльны работнік з аграгарадка Турэц Наталля Ясюля: «Я ў захапленні ад гэтага чалавека. Такая чыстая, светлая, добрая, з адкрытай душой. Калі гутарыш з ёй, то прыкіпаеш душой. Здаецца, яна кожнай клетачкай сваёй існасці адчувае субяседніка. Мае падапечныя састарэлыя людзі па сённяшні дзень перачытваюць яе артыкул пра мяне «Галоўная прафесія яе жыцця — любіць людзей». І гэта так, бо людзі без людзей не бываюць. Вось і з Галінай Паўлаўнай, як роднасныя душы, доўга размаўляем і разумеем адна адну з паўслова.

Я люблю чытаць вершы Галіны Паўлаўны Калтуновай і членаў літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пра родны край і прысвечаныя матулям, яны кранаюць душу. Бывае, навяваюць успаміны пра дзяцінства, родную вёску. Слова яе трапяткое і патрэбнае для душы. Хочацца, каб і надалей яна радавала чытачоў сваімі артыкуламі і вершамі».

Мне ж хочацца нагадаць вершаваныя радкі паэткі:

І зблізку, і здалёку, —  адусюль,

Як ні былі б вы справамі заняты,

Спяшайцеся дадому, да матуль,

Спяшайцеся да роднай хаты.

Прызнанне ў любові

«Мая маленькая Радзіма… непаўторная ў сваёй прыгажосці карэліцкая зямля… Багатая, хлебная, песенная, шчодрая на працавітых людзей, на дабрыню, гасціннасць і сардэчнасць. Шчодрая на таленты», — піша ў прадмове да зборніка вершаў «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай» Галіна Паўлаўна Калтунова. Кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» імкнецца раскрыць паэтычныя таленты роднай Карэліччыны, а ўдзячныя мясцовыя паэты прызнаюцца ёй у любові і адрасуюць найлепшыя радкі. Вось што піша ў рэдакцыю член літаб’яднання Марыя Палуян з г.п. Карэлічы: «Залатая восень, залаты характар, залаты чалавек і залаты ўзрост! Цудоўная нагода, каб падарыць паэтычны букет са слоў ад усіх паэтаў, якія дасылаюць свае вершы ў Карэліцкую раённую газету «Полымя» нашаму нязменнаму кіраўніку літаратурнага клуба «Рэчанька» Галіне Паўлаўне Калтуновай, якая 3 лістапада адзначае сваё 75-годдзе. Камусьці, як настаўніца, Галіна Паўлаўна дапамагала спасцігнуць асновы навукі, іншым дала ўпэўненасць у паэтычным, рыфмаваным радку, а асабіста мяне зачаравала сваёй непаўторнасцю са сцэны раённага Дома культуры як вядучая з нагоды свята Дня маці. Я сядзела ў глядзельнай зале і на адным дыханні слухала аповеды пра лёсы старэнькіх матуль і пра сучаснае жыццё іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, а ў кагосьці і прапраўнукаў. І гэтыя расказы пра іх сем’і дапаўняла сваімі ўласнымі, чароўнымі вершамі. Гэта ж сколькі трэба было аб’ездзіць вёсак, сустрэцца з героямі гэтай урачыстасці, каб потым на сцэне РДК пражыць з імі іх жыццё! Я адзначыла, што слухала Галіну Паўлаўну на адным дыханні, не, я наогул не дыхала, каб не прапусціць ніводнага слова, ніводнага жэсту, ніводнай слязінкі або ўсмешкі на твары вядучай. І толькі бясконца задавала пытанне: «Як змаглі ў адным Чалавеку змясціцца і розум, і талент, і памяць, і жаданне прайсці сцяжынкамі тых людзей, якіх у гэты дзень ушаноўвалі ў нашым раёне?» І менавіта з нагоды юбілею хачу выказаць падзяку Галіне Паўлаўне за цярпенне і стрыманасць, уменне падтрымаць словам і ўчынкам і пачынаючых паэтаў, і тых, у каго на рахунку больш за сотні вершаў».

Яшчэ адзін ліст атрымала рэдакцыя газеты «Полымя» ад нашага пазаштатнага аўтара Ганны Козел, вось радкі з яго: «Непаўторны талент на працягу многіх гадоў не пакідае раўнадушным ніводнага чытача. Яе змястоўныя і цікавыя артыкулы, прызнаюся, перачытваю некалькі разоў. У іх адлюстравана шмат звестак пра знакамітых людзей нашага раёна. Я вельмі ўдзячна, што яна прапанавала мне ўдзельнічаць у літаратурным аб’яднанні «Рэчанька». Тут, сярод знаёмых, добразычлівых людзей я адчуваю душэўнае задавальненне, упэўненасць і нават подых маладосці, з якой не хочацца развітвацца. Галіна Паўлаўна — чысцейшай дабрыні чалавек. Яе светлы і ласкавы голас, прыгожая ўсмешка заўсёды пакідаюць самыя цёплыя ўражанні пасля сустрэчы з ёй. Няхай Ваша творчасць на старонках раённай газеты «Полымя» радуе нас як мага часцей».

 

Вы для паэтаў нібы родная матуля,

Заўжды нас можаце натхніць і падтрымаць.

Ды менавіта ў гэтую хвіліну

Мне хочацца Вас вершам велічаць.

Наш кіраўнік нязменны, дарагі,

Ідзём мы за парадаю, нібы да роднай маткі.

Вы ў свой жыццёвы колас залаты,

Сабралі нас усіх, нібы зярняткі.

Цудоўна быць прызнаным пры жыцці

Хоць і маленькім, але ўсё ж паэтам.

Сваёй малой радзімай даражыць

І мець вялікі гонар

за куточак гэты,

Хоць у кожнага ў сэрцы ён адзіны,

І кожны называе свой.

З дзяцінства засталіся ўспаміны

Рамонкі ў полі са спелай збажыной.

Ды толькі мудра, велічна й прыгожа

Вы можаце яскрава апісаць,

Як бацяны над хатай хараводзяць

І дзе ў каралях росных сенажаць.

Жыццё бяжыць, нібы цягнік імклівы,

А Вы, як ратавальны круг жыцця.

Няхай магутны Бог дае Вам сілы,

Бо мы без Вас, як скрыпка без смычка,

А «Рэчанька» — для творчасці крыніца,

І плынь яе нікому не стрымаць.

Упэўнена ў далеч паглядзіце,

Бо Вам яшчэ да сотні — дваццаць пяць!

Марыя Палуян

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц і з сямейнага архіва