Председатель райисполкома Геннадий Шатуев рассказывает о сложном для аграриев годе, инновациях на предприятиях и о тех, для кого земля — смысл жизни

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу прынята падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года. Пра тое, як прайшла ўборачная кампанія, якія вынікі дасягнуты аграпрамысловым комплексам Карэліччыны, расказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзій ШАТУЕЎ.


— Генадзій Мікалаевіч, гэты год быў асабліва складаным для аграрыяў раёна. Значную частку азімых прыйшлося перасяваць, у ліпені прыйшла анамальная спёка, а ўборачную стрымлівалі праліўныя дажджы. Але нашы хлебаробы пацвердзілі свой прафесіяналізм: Карэліцкі раён стаў трэцім у абласным спаборніцтве па ўраджайнасці збожжавых культур. Як Вы ацэньваеце працу аграрыяў?
— Праца на зямлі заўсёды быў няпростай, але паважанай. Сапраўды, вяскоўцы працавалі і сёння працуюць у няпростых умовах, абумоўленых то капрызамі нябеснай канцылярыі, то зараз пандэміяй COVID-19.
У бягучым годзе азімыя пасевы ў Карэліцкім раёне пацярпелі мацней, чым у іншых раёнах вобласці. Прыйшлося перасеяць тры тысячы гектараў азімай пшаніцы і трыцікале. Яшчэ каля 40% пасеваў былі сур’ёзна пашкоджаны. Таму запланаванай ураджайнасці не ўдалося дасягнуць. Але ў выніку планавы збор збожжа склаў 84,2 тысячы тон без кукурузы.
Ураджайнасць склала 43, 6 ц/га. Гэта трэці паказчык у вобласці па выніках спаборніцтва сярод раёнаў. Пасля рэфакцыі кукурузы атрымаем каля 100 тысяч тон зерня. Удзельная вага нашага хлеба ў вобласці складае 7,5%.
Прыемна, што ў гэтым годзе ўпершыню за ўсю гісторыю раёна мы першымі ў вобласці завяршылі ўборку збожжавых культур. ДП імя Царука, на ўзбраенні якога знаходзяцца ўсяго 5 камбайнаў, раней за іншых на Гродзеншчыне завяршыла абмалот хлеба.
— Асноўную грашовую масу ў гаспадаркі раёна прыносяць малако і мяса. Што трэба рабіць, каб надоі і прывагі былі на ўзроўні, а казна прадпрыемстваў не бяднела?
— Менавіта ад вытворчасці малака залежыць фінансавы дабрабыт сельгаспрадпрыемстваў. Гэта і заработная плата, і выплаты ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, і падаткі. Як гаворыцца, за малако вяскоўцы жывуць. Напрыклад, рэнтабельнасць малака ў СВК «Маяк-Заполле» па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года склала 57%, у СВК «Свіцязянка-2003» — 49,9%. Хочацца адзначыць, што СВК «Свіцязянка-2003» — гэта эталон не толькі еўрапейскага, але і сусветнага ўзроўню па вытворчасці малака. Аднак ёсць у раёне і тыя прадпрыемствы, у якіх рэнтабельнасць складае 20% і ніжэй.
Прыемна, што ў бягучым годзе мы не знізілі вытворчасць малака ў параўнанні ў мінулым, і да канца года дасягнем 100% росту валавой вытворчасці. Плануем павялічыць і рэалізацыю сыравіны.
У агульнай валавой вытворчасці вобласці наша малочная галіна займае каля 6%, мясная (свініна, ялавічына і птушка) — 5,5%. Карэліччына знаходзіцца на 5 месцы сярод 17 раёнаў Гродзеншчыны па валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Для таго, каб малочныя рэкі не мялелі, трэба выконваць прынцып пяці К: кадры, карова, кармы, якасць малака і колькасць малака. Значэнне кадраў вельмі вялікае. Асабліва востра мы адчулі гэта ў перыяд пандэміі, захварэлых аператараў машыннага даення замяняюць тыя, у каго ў дадзены момант свабодныя рукі. Важна атрымаць здаровае цяля, якое вырасце ў высокапрадуктыўную карову. А для гэтага, у ліку іншых важных фактараў, патрэбны якасныя кармы. На чале кута — жорсткая дыктатура тэхналогіі на ўсіх этапах не толькі вытворчасці малака, але і нарыхтоўкі кармоў, іх захоўвання, адносіны работнікаў ферм да жывёл.
Таксама немалаважна і тое, за якую цану сельгасвытворцы рэалізуюць сваю прадукцыю. Так, напрыклад, 1 тона малака гатунку «экстра» ў межах сыравіннай зоны каштуе 840 рублёў, а на Беларускай універсальнай таварнай біржы — 1270 рублёў. Як бачым, розніца істотная, у паўтара раза. Вядома, сыравінная зона — гэта добра, але для паляпшэння эканамічнага стану сельгаспрадпрыемстваў трэба дазволіць нашым вытворцам прадаваць сваю прадукцыю на біржы з больш высокім дабаўленым коштам.
— Як вядома, малако ў каровы на языку. Ці атрымалася правесці сезон корманарыхтоўкі на годным узроўні і дасягнуць намечанага?
— У сезон нарыхтоўкі кармоў аграрыі папрацавалі на выдатна, і ў пагалоўя будзе сытная зімоўка. Травяністых кармоў нарыхтавалі на 103% больш за ўзровень мінулага года. Сенажу маецца 180 тысяч тон, сіласу — 157 тысяч тон, сена — 8 тысяч тон. Усе гэтыя паказчыкі ў бягучым годзе павялічаны. Гэта дазволіла атрымаць на адну ўмоўную галаву 34,4 цэнтнера кармавых адзінак, або на 1,8 ц карм. адз. больш, чым у мінулым годзе. Лідарам на корманарыхтоўцы стаў СВК «Маяк-Заполле», дзе атрымана 41,1 ц карм. адз. Менш за ўсё атрымана кармоў у КСУП «Племзавод Карэлічы» — 31,6 ц карм. адз. У мінулым годзе СВК «Маяк-Заполле» таксама лідзіраваў на зялёным жніве — 39,2 ц карм. адз. Адставала птушкафабрыка «Чырвонаармейская» — 23,2 ц карм. адз. У выніку ў мінулым годзе «Чырвонаармейскай» прыйшлося купляць кармы ў іншых сельгасарганізацый. У гэтым годзе перад працаўнікамі птушкафабрыкі ставілася задача нарыхтаваць кармы ў поўным аб’ёме, і яны з ёй справіліся: атрымана 32,9 ц карм. адз. (+9,7 ц карм. адз.).
Рапсу ў раёне сёлета атрымалі на 100 тон менш, чым у мінулым годзе (98% да ўзроўню мінулага года). У бягучым годзе ў СВК «Свіцязянка-2003» і «Жухавічы» пачалі функцыянаваць лініі па вытворчасці рапсавага жмыху і алею. У будаўніцтва кожнай з іх укладзена ад 900 да 1 400 тыс. рублёў уласных сродкаў. І зроблена гэта было з веданнем справы, бо рапс — культура прыбытковая. Напрыклад, у «Свіцязанцы-2003» яго рэнтабельнасць склала 122%. У бягучым годзе плануецца ўвесці ў строй аналагічную вытворчую лінію ў СВК «Маяк-Заполле». У ААТ «Карэлічы-Лён» будуць павялічаны аб’ёмы прасавання рапсу.
Набліжаецца да завяршэння ўборка цукровых буракоў, атрымана 180 тыс. тон салодкага кораня. У валавой вытворчасці цукровых буракоў на Гродзеншчыне доля Карэліцкага раёна складае 13%. Карэліччына ўтрымлівае другую пазіцыю па пасяўных плошчах і валавой вытворчасці гэтай культуры. Ураджайнасць складае 542 ц/га.
Вытворчасцю бульбы і агародніны ў раёне ў асноўным займаюцца фермерскія гаспадаркі. Бульба складае 13% ад усёй абласной вытворчасці, агародніна — 11%. Высокі ўзровень вытворчасці мае фермерская гаспадарка «Агароднінны край».
— Якія інавацыі з’явіліся ў прадпрыемствах раёна?
— Акрамя дзвюх ліній па перапрацоўцы рапсу, пра якія гаварылася раней, у СВК «Жухавічы» вядзецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы «Кожава» на 610 галоў буйной рагатай жывёлы. У СВК «Маяк-Заполле» рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва такога ж аб’екта. У СВК «Свіцязянка-2003» завяршаецца ўстаноўка лініі коштам 1,5 млн рублёў па вытворчасці грануляваных кармоў. У сакавіку бягучага года на ААТ «Карэлічы-Лён» набыты прэс для прасавання льнокастры і атрымання буйнагабарытных кастрабрыкетаў, якія экспартуюцца ў Бельгію і Францыю.

Істотна ўмацаваўся машынна-трактарны парк раёна. Набыта 13 трактароў, у тым ліку 3 энерганасычаных, 5 збожжаўборачных камбайнаў, 5 пагрузчыкаў, 2 апырсквальніка, у тым ліку адзін самаходны, 5 трактарных прычэпаў з адаптарам для ўнясення арганічных угнаенняў, 2 касілкі, у тым ліку адна самаходная, і 2 прэс-падборшчыка. На набыццё тэхнікі затрачана больш за 6 млн рублёў.
— Сваімі поспехамі ў развіцці АПК раён абавязаны кіраўнікам і спецыялістам прадпрыемстваў, работнікам ферм і палёў. Каму хацелася б сказаць асаблівыя словы ўдзячнасці?
— Напярэдадні прафесійнага свята хачу падзякаваць кіраўніку СВК «Свіцязанка-2003» У. А. Галавачу і яго калектыву за ўзорную работу, якая з’яўляецца эталонам не толькі ў рэспубліцы, але і ў свеце. Асаблівая ўдзячнасць — кіраўніцтву аб’яднанай гаспадаркі «Лукі-Агра» і асабіста М. А. Гавіне. У былую гаспадарку «Цырын-Агра» ўдыхнулі новае жыццё, і цяпер аб’яднанае прадпрыемства працуе рытмічна нягледзячы на сур’ёзную фінансавую нагрузку. Шмат гадоў кіруе СВК «Жухавічы” Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Д. Д. Янкоўскі. Нягледзячы на недахоп кадраў дырэктар ДП імя Царука А. М. Лейка і галоўны інжынер М. М. Кузьміч годна правялі і завяршылі палявыя работы. Таленавітым кіраўніком паспеў зарэкамендаваць сябе дырэктар ААТ «Карэлічы-Лён» Ф. М. Жук. Нялёгкую ношу ўзялі на сябе жанчыны-кіраўнікі Н. І. Дубкова (ДП «Чарняхоўскі-Агра») і А. П. Рабцэвіч (КСУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»), якія годна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Дзякуючы працы спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна, работнікам палёў і ферм удалося дасягнуць годных вынікаў. Хочацца падзякаваць кожнаму работніку галіны раёна, дзякуючы каму наш аграпрамысловы комплекс адчувае сябе ўпэўнена нават у няпростых сучасных умовах. Дзякуй за прафесіяналізм, адказнасць і любоў да роднай зямлі. Няхай у вашых дамах заўсёды будуць мір і дастатак!

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара