В Кореличах планируется открытие двух музеев под открытым небом

У Карэлічах плануецца стварэнне двух музеяў пад адкрытым небам: музея валуноў і музея макетаў архітэктурных помнікаў. Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Нэлі Маісеенка падчас пасяджэння каардынацыйнага савета па развіцці турызму.

Музей валуноў «Вялікія камяні» будзе прысвечаны знакамітым ураджэнцам карэліцкай зямлі: Яну Чачоту, Ігнату Дамейку, Уладзіміру Калесніку, Барысу Кіту і іншым. На кожным з камянёў будзе размешчана шыльда з біяграфіямі знакамітых землякоў, і кожны жадаючы зможа даведацца цікавыя факты з іх біяграфій. Яшчэ адзін міні-музей збярэ копіі знакавых пабудоў Карэліцкага раёна: касцёла святога Мікалая, царквы святой Троіцы г.п. Мір, Свята-Пакроўскай царквы вёскі Турэц, храма святой Варвары вёскі Райца і іншых. Наведвальнікі змогуць не толькі ў дэталях разгледзець велічныя будынкі, але і дакрануцца да экспанатаў, сфатаграфавацца на памяць.

На пасяджэнні каардынацыйнага савета таксама анансавалася адкрыццё салона-магазіна для выстаў і рэалізацыі сувенірных вырабаў майстроў народнай творчасці і павелічэнне колькасці муралаў на будынках і жылых дамах на тэму «Карэлічы на старых фотаздымках».

Падводзячы вынікі работы за 2019-2021 гады, Нэлі Маісеенка адзначыла, што за гэты час распрацавана 12 турыстычных маршрутаў па Карэліцкім раёне рознай тэматыкі, працягласці, накіраваных на розныя мэтавыя групы. Прамаркіраваны веласіпедны маршрут экалагічнай накіраванасці «Пагаворым з прыродай». З дапамогай карты-схемы руху і ўказальнікаў турыстам будзе зручней арыентавацца па ходзе руху. Маршрут «Яўрэйская спадчына Міра» знайшоў адлюстраванне ў рэкламна-інфармацыйным буклеце ў колькасці 1000 асобнікаў. У рамках фінансавых сродкаў дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» выраблены 14 шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц г.п. Карэлічы, якія неўзабаве зоймуць сваё месца побач з сучаснымі назвамі.

На пасяджэнні таксама адзначаны праблемныя пытанні. Так, на аб’ектах грамадскага харчавання, культуры, культавых будынках недастаткова развіта безбар’ернае асяроддзе. Акрамя таго, не праводзіцца ўстаноўка турыстычных знакаў маршрутнага арыентавання, турыстычных указальнікаў да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Іна ЛЕЙКА