Выполнены 7 из 9 показателей прогноза социально-экономического развития. На заседании Кореличского райисполкома рассмотрены итоги работы за 9 месяцев

Па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года Карэліцкім раёнам выкананы 7 з 9 паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.

Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Марына Бурак расказала, што выкананы такія паказчыкі, як інвестыцыі ў асноўны капітал (117,4% пры прагнозе 103%), намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата (979,8 рубля, або 112% пры прагнозе 943,9 рубля, або 112%), індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі (103,6% пры прагнозе 101,2%), рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі (102,3% пры прагнозе 101,5%), пасажыраабарот (103,4% пры прагнозе 79,5%), грузаабарот транспарту (103,5% пры прагнозе 102,7%), увод жылля (1792 квадратных метра пры заданні 1365 кв. м). Не выкананы паказчыкі па вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі сельгасарганізацыямі (92,5% пры прагнозе 103,6%) і аб’ёму будаўніча-мантажных работ (5550 тыс. рублёў пры прагнозе 6500 тыс. рублёў).

Інвестыцыі і будаўніцтва

Аб’ём інвестыцый за 9 месяцаў бягучага года склаў амаль 39 млн рублёў, або 117,4% да мінулага года. На набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў накіравана 54,8% інвестыцый, на будаўніча-мантажныя работы — 14,2%. Асноўныя аб’ёмы інвестыцый прыпадаюць на ТАА «Энвіента» (24,5%), СВК «Свіцязянка-2003» (14,7%) і СВК «Маяк-Заполле» (10%).

Такі паказчык, як аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананы толькі на 57,1%. Гэта звязана з адсутнасцю фінансавання на будаўніцтва аўтамабільнай дарогі ў абыход г.п. Мір.

Досыць актыўна вядзецца будаўніцтва ў аграрным сектары. Так, у СВК «Жухавічы» будуецца МТФ «Кожава» на 610 галоў буйной рагатай жывёлы. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ «Востухава» СВК «Маяк-Заполле».

Завершана мадэрнізацыя вуліцы Юбілейнай у аграгарадку Лукі на суму 113 тыс. рублёў з мясцовага бюджэту.

На развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры накіравана 53 тыс. рублёў.

Выконваюцца работы па будаўніцтве інжынерных камунікацый у квартале індывідуальнай забудовы «Зорны» ў г.п. Мір. Пасля завяршэння работ будзе прадастаўлена 23 зямельных участка пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.

За кошт сродкаў абласнога бюджэту пачата будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Ярэмічы, якое плануецца завяршыць у бягучым годзе. У вёсках Тударава і Міратычы пракладзена 8,032 км газавых сетак на суму 251 тыс. рублёў.

Дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленнем № 158 адрамантавана амаль 17 км мясцовых дарог.

Уведзена ў эксплуатацыю 1792 квадратных метра агульнай плошчы жылых памяшканняў, што склала 131,3% да аналагічнага перыяду мінулага года. З прыцягненнем сямейнага капіталу і льготнага крэдыту палепшылі свае жыллёвыя ўмовы дзве шматдзетныя сям’і.

Заробкі выраслі, але не ва ўсіх

Намінальная сярэднямесячная заработная плата карэліччан за 9 месяцаў склала 979,8 рубля, у тым ліку за верасень — 994,9 рубля.

Тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года складае 112%, рэальнай зарплаты — 102,6%. Аднак не ўсе галіны дасягнулі росту заробку. Працэнт выканання задання па росце заработнай платы па галінах эканомікі вагаецца ад 98% (будаўніцтва, транспартная дзейнасць) да 110,6% (ахова здароўя і сацыяльныя паслугі).

Куды знікла малако і мяса?

Па выніках працы за 9 месяцаў тэмп росту валавай прадукцыі склаў 92,5% пры заданні 103,6%. Гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на суму 138,4 млн рублёў, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі на суму 83 млн рублёў, раслінаводства — 55,4 мільёна рублёў.

Раёнам зніжана вытворчасць малака. За 9 месяцаў атрымана 63459,5 т або 98,9% (мінус 682,7 т) да аналагічнага перыяду мінулага года. З заданнем па вытворчасці малака справіліся толькі СВК «Маяк-Заполле», «Свіцязянка-2003» і «Жухавічы».

Недаатрымалі і ялавічыны. Так, выраблена 5105,8 т, або 95,7% (мінус 229,3 т да аналагічнага перыяду мінулага года). Толькі СВК «Маяк-Заполле», «Свіцязянка-2003» і ДП «Племзавод «Карэлічы» змаглі дасягнуць вытворчага ўзроўню мінулага года.

Адзначаецца зніжэнне сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы, якія роўныя 719 грамам, што на 28 г ніжэй за ўзровень 2020 года. У выніку рэалізавана 5011,3 т рагатай жывёлы ў жывой вазе, што менш на 98 т, чым у мінулым годзе.

Спецыялісты адзначаюць, што немалаважны ўплыў на вытворчасць малака і рост прадуктыўнасці дойнага статка аказвае яго ўзнаўленне, вырошчванне маладняку, падрыхтоўка цялушак да расцёлу і іх наступны раздой. Аднак у раёне знізілася колькасць цялят (на 154 галавы), на 48 галоў вырасла невытворчае выбыццё буйной рагатай жывёлы. На 56 галоў вырас і падзеж жывёлы, прычынамі якога сталі несвоечасовае выпойванне першай порцыі малозіва (асабліва пры начных расцёлах), недахоп ветэрынарных спецыялістаў у гаспадарках раёна.

У свінагадоўлі справы ідуць лепш, чым у вытворчасці малака і ялавічыны. За 9 месяцаў выраблена 7354,7 т свініны (плюс 229,2 т), або 103,2% да аналагічнага перыяду 2020 года. Сярэднясутачныя прывагі свіней склалі 701 г. Свінапагалоўе вырасла і складае 51649 галоў. Рэалізавана 7072 т свініны, або 102,7%.

За 8 месяцаў гаспадаркамі раёна атрымана 9 млн 125 тыс. рублёў прыбытку, які знізіўся на 2 млн 966 тысяч рублёў. Усе прадпрыемствы раёна спрацавалі з чыстым прыбыткам, акрамя ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская».

Экспарт у 17 краін свету

За 8 месяцаў аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 7947,8 тыс. долараў ЗША (тэмп росту 231,7%), у тым ліку экспарт тавараў — 3293,4 тыс. долараў ЗША, або 197,1%, імпарт — 4654,4 тыс. долараў ЗША, або 264,6%.

Знешні гандаль ажыццяўлялася з 17 краінамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры — Казахстан (47,3%), Расія (23,3%) і Кітай (20,9%).

ТАА «Вікас» пастаўляла на экспарт мяса і каўбасныя вырабы, ААТ «Карэлічы-Лён» — кароткае валакно, ТАА «НВП Ніка» — насенную бульбу.

Рынак працы і занятасць

За 9 месяцаў у арганізацыях раёна адзначаецца перавышэнне звальнення работнікаў над прыёмам. Прынята на працу 1180 чалавек, звольнена 1299 чалавек. На 1 кастрычніка ў раёне маецца 267 вакансій, з якіх 39,3% — вакансіі па рабочых прафесіях. На адну вакансію прыпадае 0,04 беспрацоўных.

Бюджэт з прафіцытам

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Дарашэнка далажыў, што ў кансалідаваны бюджэт раёна за 9 месяцаў паступіла 14 332,9 тыс. рублёў уласных даходаў, забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 76,2%, тэмп росту да аналагічнага перыяду 2020 года склаў 101 працэнт.

На ўтрыманне устаноў і правядзенне мерапрыемстваў у галіне адукацыі накіравана 9 520,1 тыс. рублёў (72,4% ад удакладненага гадавога плана), аховы здароўя — 8 252,3 тыс. рублёў (77,1%), сацыяльнай палітыкі — 1 143,7 тыс. рублёў (70,7%), культуры — 1 197,1 т рублёў (65,6%), фізічнай культуры — 243,9 тыс. рублёў (66,4%).

У поўным аб’ёме прафінансаваны расходы на выплату заработнай платы. У першачарговым парадку фінансаваліся выдаткі на аплату лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, прадуктаў харчавання, камунальных паслуг, выплату трансфертаў насельніцтву.

Іна ЛЕЙКА