3 декабря — День инвалидов Республики Беларусь. Руслан Гончаров: “Нужно дарить людям добро”

3 снежня — незвычайная дата ў календары. Яна нагадвае пра тое, што сярод нас жывуць тыя, хто мае патрэбу ва ўвазе, падтрымцы, дапамозе. Людзі з няпростымі лёсамі моцна трымаюцца  за жыццё, шукаюць у ім сэнс, маюць свае захапленні, вераць у будучыню.

Наш сённяшні субяседнік — жыхар вёскі Баранавічы Малюшыцкага сельсавета, наведвальнік Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Руслан ГАНЧАРОЎ.

— 3 снежня адзначаецца Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Якія пачуцці авалодваюць Вамі з нагоды гэтай даты ў календары?

— Радасць ад таго, што для нас, людзей з інваліднасцю, вызначылі святочны дзень. Нас вітаюць, дораць падарункі, і адчуваеш ад гэтага задавальненне. Раней для нас ладзіліся святы, у сувязі з пандэміяй яны часова прыпыніліся.

— Коратка раскажыце пра свае захапленні.

— Я люблю чытаць, захапляюся камп’ютарам, а таксама спяваю.  З роднай вёскі пастаянна прыязджаю ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання  і прымаю ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяць супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

 — Вельмі важна ў жыцці не адчуваць сябе адзінокім. З кім раздзяляеце свае будні, на каго можна пакласціся ў цяжкія хвіліны?

— З бацькамі Лідзіяй Мікалаеўнай і Уладзімірам Лазаравічам. Яны суцешаць, падтрымаюць, дапамогуць. У мяне ёсць сёстры, з якімі сябрую, жывуць у іншых населеных пунктах, але разам мы — сям’я.

— А самі нейкім чынам можаце падтрымаць блізкіх, сяброў, знаёмых?

— Бацькам дапамагаю па гаспадарцы. Ёсць свінні, трусы, куры, я іх кармлю. Усім астатнім людзям дару песні на розных мерапрыемствах. Яны — пра каханне, родны край, Беларусь.

— Чым прыцягвае Вас Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— У Цэнтры шмат чаго цікавага ладзіцца. Наведваю розныя гурткі, любімы — па камп’ютарнай грамаце. Тут сустрэў шмат сяброў. У Цэнтры аказваецца гуманітарная дапамога адзеннем і абуткам.

— Інфармацыя на сучасным этапе мае вялікае значэнне. Ці любіце чытаць?

— Люблю чытаць навіны, з задавальненнем знаёмлюся з раённай газетай «Полымя». Хачу быць у курсе ўсіх падзей. Перажываю за бежанцаў, якія зараз знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы, і спадзяюся, што ў іх будзе ўсё добра.

— Якія якасці людзей найбольш падабаюцца?

— Дабрыня. Люблю добрых людзей. Яны да мяне чула адносяцца. І дома, і ў Цэнтры такія людзі ёсць. Дзякуючы ім, адчуваю сябе больш упэўнена ў жыцці.

— Ці ёсць у Вас мара?

— Я пабудаваў бы новы Цэнтр для інвалідаў, каб ён быў прасторным, і ў ім хапала б месца ўсім для занятку і адпачынку.

— З нагоды Дня інвалідаў каму б выказалі словы ўдзячнасці?

— Такія людзі ёсць, яны акружаюць нас штодзённа, дораць дабрыню сваіх сэрцаў і дапамагаюць справіцца з праблемамі ў жыцці. Гэта начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Аляксандраўна Богуш, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Мікалаеўна Сямібратава, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра Ірына Казіміраўна Трыбуць, спецыялісты гэтага аддзялення Наталля Міхайлаўна Маліко і Вераніка Леанідаўна Кулак.

— На парозе — 2022 год. Што Вы чакаеце ад яго? Што б пажадалі блізкім, знаёмым, жыхарам Карэліччыны?

— Чакаю ад новага года радасці, падарункаў, сапраўднай зімы са снегам.  Усім людзям жадаю моцнага здароўя і міру на зямлі.

З першых вуснаў

Ірына ТРЫБУЦЬ, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ЦСАН Карэліцкага раёна:

— Руслан Ганчароў — адзін з самых актыўных і дапытлівых нашых наведвальнікаў. У яго фенаменальная памяць. Любіць чытаць навіны, вывучае энцыклапедыі, можа сказаць, хадзячы даведнік. З ім вельмі цікава гутарыць.

Ён пастаянны ўдзельнік фестывалю творчасці маладых інвалідаў «Калі мы разам — мы мацней».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ