Заведующий юридической консультацией Кореличского района Александр Кузьмицкий: «Право — это искусство добра и справедливости»

5 снежня адзначаецца Дзень юрыста. З гэтай нагоды загадчык юрыдычнай кансультацыі Карэліцкага раёна Аляксандр Мікалаевіч КУЗЬМІЦКІ расказвае аб сакрэтах прафесіі і рабоце з людзьмі.

— Аляксандр Мікалаевіч, якімі паўнамоцтвамі надзелены супрацоўнікі юрыдычнай кансультацыі? 

— Згодна з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», адвакатура — гэта прававы інстытут, які закліканы аказваць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь на прафесійнай аснове  юрыдычную дапамогу з мэтай ажыццяўлення  і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб. У сувязі з гэтым асноўнае паўнамоцтва адваката (яго права і яго абавязак) — гэта аказваць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу тым, хто ў гэтай дапамозе мае патрэбу.

Для рэалізацыі гэтай задачы закон надзяляе адваката пэўнымі правамі, напрыклад: прадстаўляць правы і інтарэсы кліентаў, якія звярнуліся за юрыдычнай дапамогай, у судах, дзяржаўных органах, іншых арганізацыях і перад фізічнымі асобамі; запрошваць даведкі, характарыстыкі і іншыя неабходныя дакументы, запрошваць меркаванні спецыялістаў у  галіне навукі, тэхнікі, мастацтва і іншых сферах; бесперашкодна і канфедэнцыяльна гутарыць сам-насам са сваім кліентам;  заяўляць хадайніцтвы, падаваць ва ўстаноўленым парадку скаргі на дзеянні суда, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, службовых асоб, якія ўшчамляюць правы, свабоды і інтарэсы кліента, а таксама правы адваката пры ажыццяўленні ім прафесійных абавязкаў; прымяняць у сваёй прафесійнай дзейнасці тэхнічныя сродкі (камп’ютары, відэа- і гуказапісваючую апаратуру, фота- і кінаапаратуру, размнажальную і іншую тэхніку) з улікам  патрабаванняў, устаноўленых працэсуальным заканадаўствам.

Суд, дзяржаўны орган, іншая арганізацыя ці службовая асоба не могуць адмовіць у прызнанні права адваката прадстаўляць правы і інтарэсы фізічнай ці юрыдычнай асобы, якая звярнулася за юрыдычнай дапамогай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных занадаўчымі актамі.

— Вы працуеце ў юрыдычнай кансультацыі адзін. Зыходзячы з таго, што іншы раз зваротаў бывае шмат, як удаецца задавальняць запыты грамадзян?

— Так, на дадзены момант юрыдычная кансультацыя Карэліцкага раёна працуе ў саставе аднаго адваката. У гэтым, вядома, ёсць складанасці, паколькі колькасць выпадкаў, якія патрабуюць аказання юрыдычнай дапамогі,  не заплануеш. Акрамя таго, нярэдка аказанне такой дапамогі нельга адкласці і таму патрабуецца аператыўна адрэагаваць на ўзнікшую праблему. Справіцца са складанасцямі дапамагае перш за ўсё разуменне гэтых складанасцей з боку саміх кліентаў і дзяржаўных органаў, з якімі адвакату прыходзіцца працаваць. Калі чалавеку тлумачыш, што работу па яго справе трэба на нейкі час адкласці, таму што ў кагосьці другога ўзніклі праблемы, якія патрабуюць больш хуткага  вырашэння, то звычайна людзі з разуменнем адносяцца да гэтага. Спраўляцца ў дадзеным выпадку дапамагаюць самі кліенты, якія звяртаюцца за юрыдычнай дапамогай, а таксама тыя людзі, з якімі адвакату прыходзіцца працаваць, аказваючы юрыдычную дапамогу.

Акрамя таго, юрыдычная кансультацыя Карэліцкага раёна працуе ў вельмі цесным супрацоўніцтве з юрыдычнай кансультацыяй суседняга Навагрудскага раёна. Мы заўсёды выручаем адзін аднаго ў неабходных выпадках, што таксама вельмі дапамагае ў вырашэнні ўказаных складанасцей у рабоце.

— З якімі пытаннямі людзі найчасцей звяртаюцца ў юрыдычную кансультацыю?

— Кола пытанняў, па якіх адвакаты аказваюць юрыдычную дапамогу, вельмі шырокае. Гэта пытанні грамадзянскага, працоўнага, жыллёвага, шлюбна-сямейнага, зямельнага, крымінальнага, гаспадарчага, падатковага, адміністратыўнага права.

У нашу кансультацыю часцей за ўсё людзі звяртаюцца па пытаннях, якія датычацца правоў на жылыя памяшканні, раздзела сумесна нажытай маёмасці, пакрыцця прычыненай шкоды, абароны правоў спажыўцоў, зямельных спрэчак, працоўных праваадносін.

Аб’ём і віды канкрэтнай юрыдычнай дапамогі залежаць ад самой праблемы, з якой звярнуўся чалавек. Такая дапамога можа абмежавацца толькі вуснай кансультацыяй, калі кліенту патрэбна толькі растлумачыць сутнасць узніклай праблемы з прававога пункту погляду, растлумачыць канкрэтныя правы і абавязкі, даць рэкамендацыі адносна законных спосабаў вырашэння праблемы. Аднак далёка не ўсялякая праблема вырашаецца толькі ў рамках вуснай кансультацыі. І тады адвакат можа аказаць кліенту дапамогу ў выглядзе складання неабходных прававых дакументаў (гэта іскавыя заявы ў суд, скаргі на судовыя пастановы, заявы і скаргі ў органы дзяржаўнага ўпраўлення і многія іншыя дакументы). Калі ж для аказання дапамогі кліенту і гэтага недастаткова, то адвакат можа аказаць дапамогу ў форме прадстаўлення (абароны) інтарэсаў кліента ў судзе, органах папярэдняга расследавання, іншых дзяржаўных органах і арганізацыях.

— Быць адвакатам — ганарова і адказна. Чаму выбралі гэтую прафесію?

— Ёсць такое вядомае старажытнарымскае выказванне: «Права — гэта мастацтва дабра і справядлівасці». Яшчэ ў школьныя гады я стаў заўважаць у сабе цікавасць да гэтага мастацтва. Мне хацелася ведаць, як на тую ці іншую праблему глядзіць закон, хто ў той ці іншай сітуацыі з пункту погляду закона будзе правы, а хто не правы. Таму ў свой час я вырашыў паступаць на юрыдычны факультэт.

Чаму стаў менавіта адвакатам? Зноў жа сашлюся на старажытнарымскае выказванне. У перакладзе з латыні слова «адвакат» азначае «клікаць на дапамогу». Функцыя адваката — аказваць дапамогу людзям у прававых пытаннях, быць звязуючым звяном паміж чалавекам і законам. Менавіта гэтым мяне і прыцягнула прафесія адваката. Вядома, усе юрысты ў той ці іншай ступені выконваюць такую ролю. Але ў прафесіі адваката гэта роля, як мне здаецца, праяўляецца ў найбольшай ступені, бо менавіта задачай адваката з’яўляецца дапамога чалавеку рэалізаваць прадастаўленыя яму законам правы, дапамога чалавеку вырашыць праблему ў рамках прававога поля, выкарыстоўваючы законныя метады і сродкі, дапамога чалавеку адстаяць праўду шляхам звароту да закона. З усіх катэгорый юрыстаў бліжэй за ўсё да людзей у гэтым плане менавіта адвакаты.

— Які выпадак з працоўнай дзейнасці асабліва запомніўся?

— Якісьці адзін канкрэтны выпадак назваць складана. Аднак магу адназначна сказаць, што больш за ўсё запомніліся выпадкі, калі ўдаецца дапамагчы чалавеку ў складанай сітуацыі, калі чалавек ужо страціў усялякую надзею на ўдалы зыход, але ў канчатковым выніку атрымоўваецца адстаяць яго правы і законныя інтарэсы. Такія выпадкі запамінаюцца, бо яны паказваюць, наколькі складаная работа адваката, і паказваюць, што дадзеная прафесія патрэбная людзям.

— Праца з людзьмі заўсёды лічылася няпростай. Як актуалізуеце веды і адкуль чэрпаеце сілы для выканання прафесійных абавязкаў?

— Веды актуалізуюцца шляхам пастаяннага вывучэння заканадаўства, юрыдычнай практыкі, абмеркавання праблемных пытанняў з калегамі, ну і, вядома, сам вопыт работы паступова павялічвае багаж неабходных у рабоце ведаў і навыкаў.

Што датычыць крыніцы сіл для выканання прафесійных абавязкаў, то, напэўна, асноўная крыніца — гэта наяўнасць патрэбы ў тваёй дапамозе. Калі бачыш, што чалавек сапраўды мае патрэбу ў дапамозе з твайго боку, тады знаходзяцца сілы.

— Ці існуюць ільготы ў грамадзян пры зваротах у юрыдычную кансультацыю?

— Так, такія льготы маюцца. Па-першае, ёсць выпадкі, калі прававая дапамога аказваецца адвакатамі за кошт сродкаў калегіі адвакатаў (напрыклад, удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў — пры дачы вуснай кансультацыі па пытаннях, якія не звязаныя з прадпрымальніцкай  дзейнасцю).

Па-другое, маюцца выпадкі, калі юрыдычная дапамога падазраванаму ці абвінавачваемаму па крымінальнай справе аказваецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

Акрамя таго, некалькі разоў у год у нас праводзіцца акцыя па аказанні маламаёмным грамадзянам бясплатнай юрыдычнай дапамогі ў выглядзе вуснай кансультацыі. Такія бясплатныя прыёмы праводзяцца ў сувязі з пэўнымі знамянальнымі датамі (Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, Дзень утварэння адвакатуры Рэспублікі Беларусь, Дзень пажылых людзей, Дзень юрыста). Аб правядзенні такіх бясплатных прыёмаў мы заўсёды публікуем адпаведныя аб’явы ў раённай газеце.

— Аляксандр Мікалаевіч, што б пажадалі калегам з нагоды Дня юрыста?

— У сувязі з прафесійным святам хачу шчыра пажадаць сваім калегам моцнага здароўя, дабра, дабрабыту, аптымізму, поспехаў у абранай прафесіі, а таксама адзінства. Меркаванні ў юрыстаў могуць быць рознымі. Гэта нармальна і правільна. Але ўсіх павінны аб’ядноўваць вера ў закон і павага да закону, бо без закона прафесіі юрыста проста няма.

Галіна СМАЛЯНКА