Доброе сердце — людям. Ученики Красненской средней школы занимаются волонтерской деятельностью

Сярод штодзённай мітусні неабходна знайсці час і азірнуцца, звярнуць сваю ўвагу на тых, каму сапраўды неабходны падтрымка, добрае слова, чалавечая цеплыня, неабыякавасць. Таму і застаюцца надзённымі дапамога старым, інвалідам, адзінокім людзям, маральная і матэрыяльная падтрымка тых, хто мае ў гэтым патрэбу. У гэтым выпадку незаменнымі з’яўляюцца валанцёры, добраахвотнікі, чыя бескарыслівая дапамога часам адыгрывае важную ролю ў жыцці некаторых людзей. Актыўныя і зацікаўленыя людзі, неабыякавыя да патрэб і праблем іншых, ёсць ва ўсіх кутках зямнога шара. Менавіта яны з’яўляюцца душой грамадства, робячы свет лепшым і дабрэйшым.

Валанцёрства, на мой погляд, дае магчымасць нам, падлеткам, самастойна прымаць рашэнні, развівае ў нас успрымальнасць да праблем іншага чалавека і грамадства ў цэлым, робіць нас адкрытымі, сумленнымі, міласэрнымі людзьмі. Усе гэтыя якасці спрыяюць нашаму паспяховаму маральнаму станаўленню.

Валанцёрскі рух у нашай установе адукацыі ўзнік і аформіўся некалькі гадоў таму: у 2016 г. былі створаны цімураўскі атрад «Міласэрнасць» і валанцёрскі атрад «Добрае сэрца». У той час мае старэйшыя таварышы ўжо ўступілі ў рады  Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Крыху пазней і мы з аднакласнікамі сталі членамі валанцёрскага атрада.

З цягам часу добраахвотніцкая дзейнасць у нашай установе адукацыі ўсё больш пашырала свае межы, а таксама ўмацоўвала пазіцыі. Валанцёрамі сумесна з педагогамі былі складзены сацыяльны праект і праграма «Вясёлка дабра», распрацаваны цэлы каляндар валанцёра, дзе на кожны месяц былі запланаваны пэўныя акцыі, аперацыі і іншыя мерапрыемствы. Неабходна сказаць і пра традыцыйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца юнымі добраахвотнікамі. Гэта віншаванне пенсіянераў, адзінокіх людзей з Днём пажылых людзей, а таксама аказанне ім дапамогі ў навядзенні парадку на прысядзібных участках, уборцы ўраджаю. Узімку валанцёры арганізоўваюць працоўны дэсант па ўборцы снегу, а цімураўцы клапоцяцца аб зімуючых птушках, вешаючы ім кармушкі ў школьным садзе. Напярэдадні навагодніх свят ва ўстанове адукацыі валанцёры арганізоўваюць дабрачынную акцыю «Кошык дабра» па зборы падарункаў дзецям-інвалідам, выхаванцам дзіцячага прытулку. Незвычайным стала правядзенне забаўляльнага мерапрыемства да Дня інвалідаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія сталі гасцямі нашай установы ў адзін з шостых школьных дзён. У перыяд навагодніх канікулаў валанцёры ўжо які год наведваюцца з падарункамі ў дзіцячы прытулак.

Хочацца адзначыць і акцыю «Кветкавы марафон», у рамках якой у красавіку нашы валанцёры ажыццяўляюць пасеў насення кветак на расаду, а ў маі высаджваюць іх у кветніках пенсіянераў. Пастаянным стаў удзел у акцыях па пасадцы лесу, добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні 9 Мая валанцёры і цімураўцы наведваюць удзельнікаў вайны, блакаднікаў Ленінграда, віншуюць іх са святам Вялікай Перамогі, дораць кветкі, паштоўкі. Не забываюцца дзеці і пра настаўнікаў-пенсіянераў. Напярэдадні іх прафесійнага свята валанцёры і педагогі наведваюць настаўнікаў, якія выйшлі на заслужаны адпачынак. Добрай дапамогай стаў школьны аўтобус, бо геаграфія нашага Красненскага сельскага савета вялікая. Большасць мерапрыемстваў мы арганізоўваем у шосты школьны дзень. З часам у нашай установе адукацыі некаторыя мерапрыемствы дабрачыннасці і міласэрнасці сталі традыцыйнымі. Выніковасць нашай валанцёрскай работы была адзначана на раённым і абласным узроўнях.

Безумоўна, удзел у валанцёрскім руху развівае нашы ўменні і навыкі, задавальняе патрэбу ў зносінах і самапавазе. Дзякуючы гэтаму, мы ўсведамляем сваю карыслівасць і патрэбу, атрымліваем падзяку за сваю працу.

Мы і далей працягнем аказваць пасільную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Яна будзе ажыццяўляцца з дапамогай канкрэтных спраў, мерапрыемстваў для інвалідаў, пажылых людзей, якія жывуць на тэрыторыі Красненскага сельскага савета.

 

Дзмітрый РАКОВІЧ,

вучань 10 класа