Кореличские верующие встретили чудотворную икону святого Пантелеймона

Вечар апускаўся на зямлю. Быццам сама прырода вяла спрэчку з сабою: снежаньскія кроплі дажджу асядалі на твар і рукі, нібы стараліся змыць нешта лішняе. Здавалася, матухна-прырода спяшалася падказаць людзям у гэтыя перадкалядныя посныя дні нешта сваё, калі вядзецца пераасэнсаванне чалавечых каштоўнасцей.

Непагадзь не перашкодзіла наведаць храм святых апосталаў Пятра і Паўла ў райцэнтры. Тым больш, што ў царкве знаходзілася ікона святога Панцеляймона, у якога людзі просяць аб здароўі для сябе і блізкіх.

На вячэрняй службе прыхаджан няшмат. Адна з жанчын гаворыць: «Тут адпачывае душа».

Прыхаджане па чарзе падыходзяць да святыні. Моўчкі прыкладаюцца да іконы, просяць у святога Панцеляймона аб сваім.

Вячэрняя служба пачынаецца. Чуваць гучны голас протаіерэя, настаяцеля царквы Мікалая Орсы. Прыхаджане скіроўваюць позіркі на святара.

У царкве прыгожа і светла. Навокал — цудатворныя іконы і гараць свечкі. Ад іх святла становіцца на душы яшчэ святлей. «Галоўнае — верыць, тады ўсё тое, што мы просім у Бога, павінна збыцца», — перакананы прыхаджане.

У кожнага свая дарога да храма. Тут душу напаўняе благадаць і адыходзяць дрэнныя думкі. На душы становіцца спакойна. У наступны раз ізноў захочацца прыйсці да святыні.

Цудатворныя іконы нясуць вялікую сілу. Святло веры робіць сваю справу: вяртае веру ў жыццё і ў заўтрашні дзень.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі ІВАНОВАЙ