На планерке у председателя: защита людей от пожаров, новогодние сюрпризы для детей, подготовка сельхозтехники к весне

На працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева асаблівую ўвагу надалі супрацьпажарнай сітуацыі ў раёне. З пачатку года на Карэліччыне адбылося 40 пажараў і 5 чалавек загінула. Кіраўнік раёна даручыў выратавальнаму ведамству ўзмацніць прафілактычную работу ў жылым сектары.

– Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях павінны штодзённа правяраць стан печаў, электраправодкі і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах нашых жыхароў. Няма нічога даражэй за жыццё нашых людзей, — адзначыў Генадзій Шатуеў.

Закранулі на планёрцы і тэму добраўпарадкавання. Так, у райцэнтры завершаны капітальны рамонт дома па вуліцы Прытыцкага, 1, у снежні будзе здадзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Ярэмічы. Плануецца, што да Новага года будзе завершана будаўніцтва зернесушыльнага комплексу ў СВК «Маяк-Заполле», збожжасховішча ў СВК «Свіцязянка-2003» і добраўпарадкаванне тэрыторыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў райцэнтры.

У раёне дадзены старт навагоднім і калядным святам. З 17 снежня пачне працаваць Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, куды могуць прыйсці ўсе жадаючыя і расказаць добраму чараўніку пра свае запаветныя жаданні. З 27 снежня ў школах і дзіцячых садах пройдуць ранішнікі і вечары. Карэліцкія школьнікі пабываюць на навагодніх ёлках з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка.

У сферы аграпрамысловага комплексу раёна праводзіцца вапнаванне глебы. Работы праведзены на 97 працэнтах плошчаў, сярэднеабласны паказчык складае 91 працэнт. У наяўнасці 26% мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу 2022 года. Нарыхтавана 62 працэнты арганічных угнаенняў, вывезена ад нарыхтаванага 88 працэнтаў, унесена ад нарыхтаванага 67 працэнтаў. Актыўна праводзіцца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Ужо асвоена больш за 90 тысяч рублёў, ці 89,4% ад выдзеленых сродкаў. Так, гатоўнасць трактароў да выхаду ў поле складае 90 працэнтаў, культыватараў — 61, збожжавых сеялак — 55, сеялак для цукровых буракоў і кукурузы — 56, сеялак для лёну — 67.

Сёлета на Карэліччыне атрыманы важкі ўраджай цукровых буракоў — 190 тысяч тон, летась удалося атрымаць толькі 154 тысячы тон салодкага кораня.

Акцэнтавалася ўвага і на кампаніі вакцынацыі супраць COVID-19. Прышчэплена 49,7 працэнта карэліччан. Усплеску інфекцыі не назіраецца, але меры засцярогі неабходна выконваць. Спецыялісты нагадваюць аб важнасці нашэння сродкаў абароны органаў дыхання, апрацоўкі рук і захаванні дыстанцыі.

Іна ЛЕЙКА