Начальник Кореличского района электрических сетей Игорь Маковик: «Электрики, как саперы, ошибка в их работе недопустима»

Традыцыйна 22 снежня, у адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе, сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі. Пра вынікі, высновы і перспектывы напярэдадні святочнай даты нам расказаў начальнік Карэліцкага раёна электрычных сетак Ігар Маковік.

– Ігар Генадзьевіч, раскажыце, з якімі вынікамі калектыў Карэліцкіх электрычных сетак сустракае сваё прафесійнае свята і завяршае год?

– Нашай асноўнай задачай заўсёды было і будзе надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў. Цяпер гэта асабліва актуальна, паколькі жыццё не стаіць на месцы. У сучасным свеце актыўна развіваюцца новыя тэхналогіі, літаральна некалькі секунд без электраэнергіі могуць стаць велізарнай праблемай для абсталявання. З дня ў дзень мы сочым за стабільным і бяспечным паступленнем электрычнасці. Дапушчальны перапынак у падачы электраэнергіі – долі секунды. За 2021 год капітальна адрамантаваны 58 км ПЛ-10 кВ, 53 км ПЛ-0,4 кВ, 112 трансфарматарных падстанцый. Старыя правады заменены на новыя, ізаляваныя, што павышае характарыстыкі ліній і зніжае рызыку адключэнняў. Мяняюцца маральна састарэлыя трансфарматарныя падстанцыі на больш надзейныя і зручныя ў эксплуатацыі: слупковыя і мачтавыя. За гады маёй працы вельмі змянілася матэрыяльна-тэхнічная база РЭС, цяпер паўсюдна ўсталёўваюцца аўтаматычныя выключальнікі на выпадак аварыі, дыстанцыйная сістэма кіравання абсталяваннем, датчыкі вызначэння пашкоджанага ўчастка і многае іншае. цяпер у раёне пачало актыўна распаўсюджвацца электраатапленне. На электраабаграванне пераходзяць як шматкватэрныя дамы, так і вялікая колькасць прыватных домаўладанняў. Мы працуем над тым, каб можна было бяспечна і надзейна правесці яго ў аддаленыя куткі Карэліччыны, аднак не заўсёды гэта магчыма, паколькі невялікія плошчы ўжо газіфікаваны. Акрамя гэтага, мы праводзім работы па выдаленні дрэў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу электрычным правадам. Хоць бывае і такое, што правады пашкоджваюць і дрэвы, што падаюць з ляснога масіва ад моцных ураганаў і навальніц, такое даволі няпроста прадбачыць.

– Якая тэрыторыя ўваходзіць у зону адказнасці Карэліцкага раёна электрычных сетак? Якая працягласць сетак па раёне?

– На балансе Карэліцкага РЭС знаходзяцца 468 трансфарматарных падстанцый, 2 размеркавальныя падстанцыі, 720 км паветраных ліній 10 кВ, 650 км паветраных ліній 0,4 кВ, 80 км кабельных ліній 0,4-10 кВ.

– Як вы клапоціцеся пра бяспеку супрацоўнікаў?

– Як гаворыцца, электрык, як і сапёр, памыляецца адзін раз. Таму без строгага захавання правілаў аховы працы ў электрасетках немагчыма працаваць. Выкананне нашымі людзьмі прафесійных абавязкаў звязана з павышанай рызыкай. Увесь персанал электрасетак забяспечаны спецвопраткай, сродкамі абароны. Работы выконваюцца выключна па нарадах, распараджэннях і кантралююцца дыспетчарам.

– Раскажыце пра калектыў Карэліцкага РЭС.

– У нашым калектыве налічваецца 82 чалавекі. І аператыўна-дыспетчарскай службе — начальнік, 5 дыспетчараў і 10 электраманцёраў аператыўна-выязной брыгады. Штодня два чалавекі з брыгады дзяжураць на працягу сутак, каб у выпадку чаго можна было ліквідаваць аварыю ў любы час дня і ночы. У апошнія гады калектыў амаладзіўся: на змену дасведчаным работнікам, якія адправіліся на заслужаны адпачынак, прыйшла моладзь. Але мы не губляем кантакт і з ветэранамі, запрашаем іх на мерапрыемствы, сходы, звяртаемся па парады. У навучальных установах даюць тэарэтычныя веды, а практычныя навыкі набываюцца ў працэсе працы. Каб падрыхтаваць добрага манцёра, трэба як мінімум паўтара года, майстра – тры гады, а на падрыхтоўку персаналу аператыўна-дыспетчарскай службы — і больш таго, тут ужо без вопыту працы ў брыгадах не абысціся. Таму ўсім навабранцам у нашай арганізацыі дапамагаюць больш вопытныя супрацоўнікі. Штогод мы займаемся павышэннем кваліфікацыі нашых супрацоўнікаў. Кожны з іх зараз разбіраецца ў новым тэхнічным аснашчэнні і сучасных накірунках працы, але самае важнае, кожны з іх – першакласны практык.

Я шчыра віншую ўвесь калектыў раёна электрасетак, нашых ветэранаў і ўсіх энергетыкаў Карэліччыны з прафесійным святам і выказваю велізарную падзяку за іх працу! А нашых паважаных спажыўцоў — з надыходзячымі Новым годам і Калядамі. Жадаю здароўя, дабрабыту, пазітыву, невычэрпнай энергіі, стабільнасці ва ўсім, прафесійнага росту, святла і цяпла ў сем’ях, каб у дамах заўсёды было светла і ўтульна.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара