Навучэнцы ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” плануюць звязаць сваю будучую прафесію з аграрным накіраваннем

Аграпрамысловы комплекс і яго базавая галіна – сельская гаспадарка з’яўляюцца для нашай краіны вядучымі сістэмаўтваральнымі сферамі эканомікі, якія фарміруюць рынак сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, харчовую і эканамічную бяспеку дзяржавы.

У цяперашні час вялікая ўвага надаецца тэхнічнай мадэрнізацыі галіны, стварэнню і ўкараненню сучасных высокапрадуктыўных і энергаэфектыўных машын і абсталявання, інфармацыйных сістэм кіравання тэхналагічнымі лініямі і аперацыямі. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі, актыўна прымяняюцца найноўшыя навуковыя распрацоўкі і дасягненні.

У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма бесперапыннай аграрнай адукацыі, важным звяном якой з’яўляюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці.

Трэці год у ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” навучэнцы 10-11 класаў займаюцца ў профільных класах аграрнай накіраванасці.

Навучэнцам прадастаўлена магчымасць паглыблена вывучаць вучэбныя прадметы “Хімія”, “Біялогія”, а таксама наведваць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрную прафесію”. Праграма факультатыўных заняткаў складзена ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь. На занятках навучэнцы знаёмяцца з разнастайнасцю сельскагаспадарчых раслін і жывёл, з тэхналогіямі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, з прызначэннем, сутнасцю і перспектывамі аграрных прафесій, а таксама з дзяржаўнай палітыкай развіцця аграпрамысловага комплексу краіны. Асаблівасцю гэтых заняткаў з’яўляецца іх арыентаванасць на свядомы выбар прафесій сельскагаспадарчага профілю, фарміраванне ўяўлення аб будучай працоўнай дзейнасці.

Навучэнцы аграрных класаў атрымліваюць веды ў галіне сельскай гаспадаркі, што дазволіць лепш разумець сельскагаспадарчыя прафесіі і іх складанасць; змогуць больш упэўнена планаваць сваю прафесійную будучыню, а значыць, дакладней ацэньваць перспектывы працаўладкавання і працы ў аграрнай сферы. Акрамя таго, пры паступленні ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы ў выпускнікоў аграрнага класа будуць такія ж прывілеі, што і ў выпускнікоў педагагічнага класа, — залічэнне па выніках субяседавання, без уступных выпрабаванняў і вынікаў ЦТ.

Навучэнцы ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” таксама плануюць звязаць сваю будучую прафесію з аграрным накіраваннем. Такому выбару паспрыялі шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, са спецыялістамі СВК “Свіцязянка-2003”, летняе працаўладкаванне, наведванне сельгаспрадпрыемства, прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Будучыня сельскай гаспадаркі — у высокакваліфікаваных кадрах. А каб вырасціць спецыяліста, мала проста вывучаць асновы вядзення сельскай гаспадаркі, неабходна ўбачыць на свае вочы працу вяскоўцаў, пазнаёміцца на практыцы з прафесіямі ветурача, заатэхніка.

Сувязь паміж школай і ўстановамі вышэйшай адукацыі, якая фарміруецца аграрнымі класамі, дапамагае сённяшнім школьнікам зрабіць выбар, які вызначыць іх далейшае жыццё. Ад гэтага залежыць не толькі іх будучыня, але і будучыня сельскай гаспадаркі краіны ў цэлым.

Святлана ВАРАВА,

класны кіраўнік 11 класа ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”