Праект «Беларускасць ва ўсім» рэалізоўваюць у Красненскай сярэдняй школе

Уменне любіць сваю Радзіму, быць карысным сваёй сям’і, грамадству і дзяржаве, здольнасць інтэгравацца ў існуючую сістэму грамадскіх адносін, уменне ўсталёўваць кантакты з іншымі людзьмі, быць гатовым  да вырашэння асабіста і грамадска значных праблем, да супрацоўніцтва і згоды — вось якім павінен быць выпускнік сучаснай школы. Таму, на  мой погляд, дарослым неабходна не навязваць штосьці звонку, а падхопліваць дзіцячыя і моладзевыя ініцыятывы, актуальныя і карысныя для грамадства, для малой радзімы.

З гэтай мэтай некалькі гадоў назад у нашай установе адукацыі быў створаны штаб дзіцячых і моладзевых ініцыятыў “Перспектыва”. Гэта так званая пляцоўка дыялогу і супрацоўніцтва  настаўнікаў і вучняў. У аснову работы штаба была пакладзена рэалізацыя сумеснага мега-праекта “Беларускасць ва ўсім”, які складаўся з некалькіх праектаў.

Першай  важнай агульнай справай стала рэалізацыя праекта «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!», у якім мы асаблівую ўвагу надалі гімну Рэспублікі Беларусь.

Далей узнікла ідэя стварэння кветкавых кампазіцый патрыятычнага зместу на тэрыторыі ўстановы адукацыі, што знайшло ўвасабленне ў  праекце «Упрыгожым Радзіму кветкамі».

У працэсе інавацыйнай дзейнасці ўзніклі новыя ідэі, якія ўвасобіліся ў наступныя міні-праекты: “Тэрыторыя дзяцінства”, “Вясёлка дабрыні” і “Дворык дзяцінства”.

Першы міні-праект «Тэрыторыя дзяцінства» быў прызваны вырашыць пытанне арганізацыі вольнага часу для дзяцей на летніх канікулах. Членамі штаба “Перспектыва” былі праведзены выязныя забаўляльныя праграмы для дзяцей з аддаленых вёсак, што было асабліва актуальна ў Год малой Радзімы.

Як вядома, удзел у добраахвотніцкім руху дазваляе юным валанцёрам  праявіць свае гуманныя якасці, унесці свой уклад у будучыню нашага грамадства. Таму яшчэ адной важнай сумеснай справай стала рэалізацыя міні-праекта «Вясёлка дабрыні», у межах якога  мы наладзілі зносіны з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і адзінокімі людзьмі.

Акрамя гэтага, мы вырашылі зрабіць штосьці асаблівае і для самых маленькіх жыхароў нашай школы — выхаванцаў дашкольнай установы  і вучняў пачатковых класаў. Старшакласнікамі і педагогамі была распрацавана і пракладзена цэлая экалагічная сцяжына. Так быў рэалізаваны міні-праект “Дворык дзяцінства”.

Такім чынам,  работа ў гэтым накірунку не спынілася і зараз, а стала  яскравай адметнасцю нашай установы адукацыі ў цэлым. У выніку гэтага палітра нашага  школьнага жыцця напоўнілася яркімі фарбамі і глыбокім зместам цікавых спраў. Работа ў дадзеным накірунку дала магчымасць праявіць сябе, паказаць, на што мы здатныя, рэалізаваць свае задумы і творчыя ідэі. Уключэнне ў такую сацыяльную практыку, на мой погляд, дае магчымасць назапасіць станоўчы вопыт і лепш падрыхтавацца да самастойнага жыцця па-за межамі школы.

Ганна СКУРАТОВІЧ,

вучаніца 10 класа