Шпилечный револьвер Лефоше конца XIX века хранится в фондах Мирского замка

Падчас Вялікай прамысловай выстаўкі ў Лондане ў 1851 г. французскі інжынер і прамысловец Казімір Лефашэ прадставіў увазе наведвальнікаў сваю распрацоўку – шпількавы патрон. А ўжо праз два гады, заснаваная ім кампанія выпусціла першую прадукцыю – шпількавыя патроны і зброю пад іх.
Казімір Лефашэ і яго сын Эжэн стварылі шэраг стралковай зброі пад «cartouche à broche» самых розных калібраў. У 1854 г. Эжэн распрацаваў новы рэвальвер пад шпількавы патрон калібра 12 мм. Рэвальверам зацікавіліся вайскоўцы, і, пасля працяглых выпрабаванняў, у 1858 г. Lefaucheux M1858 афіцыйна паступіў на ўзбраенне французскай арміі. Францыя стала першай у свеце краінай, якая ўвогуле паставіла на ўзбраенне рэвальвер. Гэты факт стаў дадатковай рэкламай для новай зброі і шпількавых патронаў.
Галоўнай асаблівасцю патрона была наяўнасць уласных сродкаў узгарання – ударнага складу і шпількі. Гэтыя дэталі давалі адмысловыя магчымасці, але пры гэтым стваралі нязручнасці для збройнікаў і стралкоў: складаная канструкцыя, цяжкасці ў вытворчасці і эксплуатацыі зброі.
Пры знаходжанні патрона ў барабане рэвальвера шпілька выступала за межы канструкцыі зброі. Выпадковы ўдар мог прывесці да стрэлу, з-за чаго ў канструкцыі для абароны была прадугледжана Г-абразная дэталь. Адсутнасць закраіны таксама ўскладняла выманне стрэлянай гільзы.
Шасцізарадны шпількавы рэвальвер сістэмы Лефашэ, што захоўваецца ў фондах нашага музея, складаецца з рамкі, шчочак рукаяці, спускавой дужкі, барабана, восі барабана, дэталяў ударна-спускавога механізма, шомпала, дзверцы, прыцэльнага і мацавальнага прыладдзя. На барабане маецца кляймо выпрабавання зброі стральбой (г. Льеж, Бельгія, з 1893 г.). У канструкцыю рэвальвера самаробным спосабам былі ўнесеныя істотныя змены, адсутнічаюць некаторыя дэталі (мушка, спружыны, мацавальныя прылады), а формы, памеры і некаторыя дэталі не адпавядаюць характарыстыкам завадскіх узораў.
У войсках такая зброя заставалася да апошніх дзесяцігоддзяў XIX ст., а грамадзянскія стралкі карысталіся падобнымі сістэмамі і ў пачатку XX ст. З 1860-ых гг. у Расійскай імперыі рэвальверамі Лефашэ ўзбройваўся Жандарскі корпус.
Шпількавы патрон канструкцыі Лефашэ-Улье меў масу пераваг перад менш дасканалымі боепрыпасамі старых тыпаў, аднак новыя распрацоўкі ў галіне унітарных патронаў дазволілі вырашыць наяўныя задачы без недахопаў патрона Лефашэ. Унітарны патрон хутка выцесіў шпількавы.
Па матэрыялах facebook.com/zamakmir