Жители Кореличского района, переболевшие COVІD-19, проходят реабилитацию в физиотерапевтическом отделении райбольницы

Здароўе — найвялікшая каштоўнасць у жыцці. Да гэтай высновы чалавек найчасцей прыходзіць тады, калі перанясе хваробу. Перад ім паўстае пытанне: як вярнуць яго, каб  прадаўжаць жыць, адчуваць штодзённа яго асалоду, радавацца новаму дню.

Свае карэктывы ўнёс у жыццё і COVІD-19. Зараз намаганні перахварэлых на каранавірус накіраваны на канчатковае выздараўленне: яны праходзяць рэабілітацыю. Журналісты раённай газеты «Полымя» накіраваліся ў Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу, каб пагутарыць з медыцынскімі работнікамі і пацыентамі.

Звенні аднаго ланцуга

— Лячэнне і рэабілітацыя хворых на COVІD-19 — звенні аднаго ланцуга, — гаворыць урач-фізіятэрапеўт Аляксандр Шашко. — У перыяд чарговых хваляў у нашай установе перапрафілююцца структурныя падраздзяленні для лячэння людзей.

Звенні аднаго ланцуга

— Лячэнне і рэабілітацыя хворых на COVІD-19 — звенні аднаго ланцуга, — гаворыць урач-фізіятэрапеўт Аляксандр Шашко. — У перыяд чарговых хваляў у нашай установе перапрафілююцца структурныя падраздзяленні для лячэння людзей.

Фізіятэрапеўтычныя метады лячэння ў перапрафіляваных аддзяленнях  на працягу захворвання ў вострым перыядзе прымяняюцца абмежавана і зводзяцца ў асноўным да інгаляцыйнай тэрапіі, якая накіравана на паляпшэнне дрэнажнай функцыі бронхаў. Рэабілітацыйныя мерапрыемствы пачынаюцца на больш познім этапе — у перахварэлых. Становішча дадзенай катэгорыі пацыентаў рознае. Некаторыя з іх знаходзяцца ў тэрапеўтычным стацыянары і патрабуюць кіслароднай падтрымкі, другія ж, якія перанеслі інфекцыю ў лёгкай форме, прыступаюць да работы. Тым пацыентам, якія прадаўжаюць лячыцца ў стацыянары, у залежнасці ад цяжкасці становішча, з мэтай рэабілітацыі працягваецца інгаляцыйная тэрапія, па паказаннях дабаўляецца апаратная фізіятэрапія: у асноўным біяптрон і салюкс. Не сакрэт, што ў перахварэлых пацыентаў зачастую абвастраюцца хранічныя захворванні, а гэта патрабуе самых разнастайных фізіятэрапеўтычных метадаў лячэння, што таксама ўваходзіць у рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Па меры паляпшэння становішча пацыентаў прымяняем высокаякасную тэрапію, а таксама лячэнне, накіраванае на стымуляцыю імуннай сістэмы. У дадзеным выпадку паказана лазератэрапія, якая прымяняецца як на спецыяльных кропках і зонах, так і ў выглядзе надвеннага апрамянення крыві, што ўмацоўвае імунную сістэму. У больш позні перыяд, па меры паляпшэння становішча, паказаны і іншыя фізіятэрапеўтычныя метады лячэння, рэабілітацыі, у тым ліку масаж, санаторна-курортнае лячэнне. Працэс рэабілітацыі ў шэрагу выпадкаў бывае дастаткова працяглым. Падыходзіць да гэтага патрэбна адказна, каб зменшыць рызыку посткавідных ускладненняў.

У фізіятэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы на працэдуры могуць прыняць усіх, хто звярнуўся па меддапамогу, і ў гэты самы дзень іх аказаць. Ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі  лечаць у асноўным лёгкія, але могуць пасля гэтай хваробы абвастрацца і іншыя хранічныя захворванні, якія таксама патрабуюць лячэння ў перыяд рэабілітацыі. Рэабілітацыю праходзяць пацыенты ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. За дапамогай найчасцей звяртаюцца невакцынаваныя грамадзяне.

Дыхальная гімнастыка супраць віруса

Як адзначае інструктар па лячэбнай фізкультуры УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Яўгенія Яцук, COVІD-19 — сур’ёзная пагроза для лёгкіх.  Але ёсць спосабы палегчыць стан пацыентаў. Пры правядзенні дыхальнай гімнастыкі паляпшаецца кровазварот органаў дыхання, змяншаюцца  запаленчыя працэсы і  застойныя з’явы ў лёгкіх, актывізуецца дрэнажная сістэма бронхаў, лёгкіх, узмацняецца насычанасць крыві кіслародам.

Наталля Васілеўская з Вялікай Вобрыны праходзіць рэабілітацыю пасля COVІD-19 у райбальніцы

Дапамагчы людзям пасля каранавіруснай інфекцыі — адна з важнейшых задач медыцынскіх работнікаў. Калі інструктар ЛФК прыходзіць да іх праводзіць лячэбную фізкультуру, і хворыя пачынаюць папраўляцца, то яе старанні не дарэмныя. «Лячэбная фізкультура дапамагае пры ўсіх захворваннях. Наша праца вельмі патрэбная, вяртаем людзям здароўе і ўсяляем веру», — гаворыць Яўгенія Яцук і раіць ім увогуле ніколі не сумаваць, займацца спортам, бываць на свежым паветры, кожную раніцу займацца зарадкай.

Яўгенія Яцук — спецыяліст вопытны. У медыцыне яна — 34 гады. Спорт лічыць сваім жыццём. Ніводныя спаборніцтвы ў раёне і вобласці не прайшлі без яе ўдзелу, і заўсёды былі прызавыя месцы. «Спорт дапамагаў мне ў жыцці і рабоце. Вось і выкарыстоўваю гімнастыку для лячэння і паляпшэння здароўя пацыентаў. З дня — у дзень. З палаты — у палату. Ад аднаго хворага — да другога. Толькі разам  мы можам перамагчы хваробы, у тым ліку наступствы каранавіруснай інфекцыі», — адзначае Яўгенія Яцук.

Быць здаровым — гэта здорава

Адны з пацыентаў педыятрычнага аддзялення  — Караліна Новік і Багдан Сасноўскі  з г.п. Карэлічы. Трапілі ў бальніцу з запаленннем лёгкіх.  Дзеці штодня робяць спецыяльную зарадку, ім кладуць парафін на спіну, а таксама робяць інгаляцыі і ўколы — і ўжо прападае кашаль, яны адчуваюць сябе лепш дзякуючы праводзімым працэдурам і клопаце медыцынскіх работнікаў.

У педыятрычным аддзяленні райбальніцы дзеці штодня робяць спецыяльную зарадку

Жыхарка вёскі Вялікая Вобрына Наталля Васілеўская год таму ляжала ў Карэліцкай раённай бальніцы, хварэла на COVІD-19. У бальніцы лячылася на працягу тыдня, астатні час — на даму.  Ляжала на жываце, прымала прэпараты, выконвала практыкаванні, якія параілі ўрачы.

Пазней каранавірус даў ускладненні на суставы, пачалося іх запаленне. Жанчына звярнулася да хірурга ў райпаліклінніку, і яе накіравалі ў раённую бальніцу. Тут яна праходзіць шэраг фізіяпрацэдур, прымае лекі, робіць гімнастыку — і стала лягчэй рухацца.

Наталля Васілеўская захварэла яшчэ да прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі. Калі ж выйшла з бальніцы, то вырашыла яе зрабіць і  раіць іншым. Жанчына прыйшла да высновы, што прышчапляцца трэба абавязкова.  Пацыентка выказала словы падзякі лечачаму ўрачу Чаславу Готта і  інструктару ЛФК Яўгеніі Яцук.

COVІD-19 — вачамі медработнікаў

Працэдурная медсястра тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы Данута Каціло захварэла на каранавірусную інфекцыю ў пачатку лістапада бягучага года. У першыя дні была слабасць, затым стала лягчэй, знізілася  тэмпература.

— Прыходжу зараз рабіць працэдуры, — гаворыць медработнік. — Лазератэрапія для павышэння імунітэту і біяптрон на вобласць грудной клеткі для купіравання астаткавых праяўленняў пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Яшчэ цяжка дыхаць, калі ўзнімаюся па лесвіцы, таму і раблю працэдуры.

Ультравысокачастотная тэрапія для павышэння імунітэту

Данута Каціло адзначыла і той факт, што на працы ў медыцынскіх работнікаў ёсць абарона ад каранавіруснай інфекцыі: яны носяць маскі і пальчаткі, а калі ідуць да пацыентаў, то адзяваюць абарончыя экраны.  Так жа абараніць сябе і іншых павінны ўсе, хто наведвае грамадскія месцы. І, вядома, прышчапляцца, бо гэта ўнікальная магчымасць сфарміраваць імунітэт.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ