Значкі і пасведчанні «Ганаровы ветэран» уручаны Веры Сашко і Валянціне Марцюшавай з г.п. Карэлічы

«Мае гады — маё багацце». Так гавораць прадстаўнікі залатога ўзросту, у якіх за плячыма — багатае на падзеі і справы пражытае жыццё. На заслужаным адпачынку яны  прадаўжаюць весці актыўны лад жыцця і  натхняюць іншых на добрыя справы.

У чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі ўручаны значкі і пасведчанні «Ганаровы ветэран» Веры Сашко і Валянціне Марцюшавай з г.п. Карэлічы. Такога звання ветэраны працы ўдастоены за шматгадовы актыўны ўдзел у дзейнасці Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Старшыня Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур назвала гэты дзень урачыстым і ўспомніла  першага ў залатым спісе ганаровых ветэранаў раёна Віталія Шэўку з райцэнтра. Віталія Васільевіча  на Карэліччыне ведаюць як былога кіраўніка аддзела адукацыі райвыканкама. Ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але падтрымлівае сувязь з раённай ветэранскай арганізацыяй.

Ветэранскі лідар расказала пра ганаровых ветэранаў раёна. Вера Сашко ўзначальвае Карэліцкую аб’яднаную арганізацыю ГА «Беларускае таварыства інвалідаў». На працягу шаснаццаці гадоў  дорыць глыбіню вялікага сэрца інвалідам: імкнецца падтрымаць іх добрым словам, дапамагчы ў вырашэнні праблем, арганізаваць вольны час. Заўсёды аказвае кансультатыўную дапамогу ветэранам і інвалідам пярвічных інвалідскіх арганізацый раёна ў вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў. Выяўляе патрэбы і праблемы інвалідаў.

Прымае актыўны ўдзел у рабоце Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі: была членам прэзідыума і членам рэвізійнай камісіі, а зараз з’яўляецца старшынёй рэвізійнай камісіі. У жыцці  ж Вера Міхайлаўна — сціплы і мудры чалавек. Добрасумленная і  шчырая, яна заўсёды прыйдзе на дапамогу і падтрымае ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу.

Валянціна Марцюшава на  працягу трынаццаці гадоў, з 2007 па 2020, з’яўлялася старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы. За перыяд работы на гэтай грамадскай пасадзе паказала сябе ўмелым арганізатарам работы з ветэранамі вайны і працы. Па яе ініцыятыве арганізаваны жаночы клуб «Задушевный разговор» пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старастай якога яна з’яўлялася. Дзякуючы старанням Валянціны Паўлаўны, кожны апошні чацвер месяца праводзіліся пасяджэнні клуба для пажылых людзей «Посидим по-хорошему». Яна  пастаянна вырашала пытанні арганізацыі адпачынку ветэранаў вайны і працы ў райцэнтры.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ