З нагоды прафесійнага свята начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш расказвае аб накірунках дзейнасці ўпраўлення

5 студзеня адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Гэта свята тых, хто праяўляе клопат пра маючых патрэбу ва ўвазе і падтрымцы. Менавіта ад правільных рашэнняў і штодзённай працы прадстаўнікоў сацыяльнай службы залежыць жыццё і дабрабыт многіх, якія ўскладаюць на яе свае надзеі. 

З нагоды прафесійнага свята начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Іна Аляксандраўна БОГУШ расказвае аб накірунках дзейнасці ўпраўлення. 

— Іна Аляксандраўна, адзін з асноўных накірункаў дзейнасці — налічэнне пенсій і дапамог. Якія выплаты атрымліваюць жыхары раёна?

— Важнейшым складальнікам сістэмы сацыяльнай абароны з’яўляецца пенсіённае забеспячэнне. Цяпер ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама розныя віды пенсій атрымліваюць 6520 чалавек.

Гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на пенсіённае забеспячэнне рэалізуецца праз Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні», іншыя заканадаўчыя акты. Законам прадугледжана назначэнне працоўных і сацыяльных пенсій. Працоўныя пенсіі па ўзросце на агульных падставах атрымліваюць 4648 чалавек, датэрміновыя пенсіі па ўзросце па ўмовах працы або па сацыяльных падставах — 175, па інваліднасці — 720, з нагоды страты карміцеля — 203, за выслугу гадоў — 156, за асаблівыя заслугі  перад рэспублікай — 10, сацыяльныя пенсіі – 127 чалавек.

Цяпер ва ўпраўленні ажыццяўляецца выплата 185 дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. З іх: да 3-х гадоў — 62 дапамогі, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў — 47, ад 3-х да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3-х гадоў — 25, па догляду за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў — 51. На 15 снежня 2021 года назначаны 124 дапамогі.

— Хацелася даведацца і пра адрасную дапамогу: каму і калі яна аказваецца?

— Прадастаўленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ажыццяўляецца ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 41 «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе». Яна прадастаўляецца ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльнай дапамогі; сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў;  забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям і грамадзянам пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, пры ўмове рэалізацыі сям’ёй права на сацыяльныя трансферты.

Штомесячную сацыяльную дапамогу могуць атрымліваць на працягу 12 месяцаў наступныя сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян (сем’яў):  адзінокія інваліды I і II групы; адзінокія грамадзяне, якія дасягнулі ўзросту 70 гадоў; няпоўныя сем’і, у якіх маці (бацька) ажыццяўляе догляд за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў;  сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей (дзіця), у якіх абодва бацькі ў поўнай сям’і або адзіны бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) з’яўляюцца інвалідамі 1 або 2 групы, а таксама калі адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам 1 групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім, шматдзетныя сем’і.

Прадастаўляецца сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў. Такая дапамога выдзяляецца інвалідам I групы і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць IV ступень страты здароўя, незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу грамадзяніна (сям’і), у памеры да 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) 4 разы на год, але не больш за адзін раз у месяц.

У сістэме дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ёсць такі від падтрымкі, як забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, які прадастаўляецца сем’ям, што маюць сярэднедушавы даход ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці. У выпадку нараджэння двайнят і больш дзяцей прадугледжваецца права сем’яў на такое забеспячэнне без уліку ўзроўню даходу сям’і.

— Дзе ў нашым раёне могуць правесці адзінокую старасць тыя, хто мае патрэбу ў штодзённым доглядзе і пастаяннай дапамозе?

— Пажылыя людзі, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць заставацца ў сваіх домаўладаннях, размяшчаюцца на медыка-сацыяльныя ложкі пры УАЗ «Мірская гарпасялковая бальніца», у бальніцу сястрынскага догляду ў агр. Лукі, ДУСА «Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў».

За 2021 год размешчана на медыка-сацыяльныя ложкі  27 чалавек, дом-інтэрнат — 10, накіравана да дзяцей, сваякоў — 99.

у раёне функцыянуе 4 замяшчаючыя сем’і, у якіх сацыяльныя паслугі прадастаўляюцца 4 непрацаздольным грамадзянам.

Функцыянуюць стацыянарна замяшчальныя формы працы з пажылымі людзьмі: 4 «прыёмных» і «гасцявых» сям’і, два дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, адна кватэра сумеснага самастойнага пражывання на 4 ложкі-месцы. Арганізавана работа санаторыю на даму,  дапамогу атрымалі  4 грамадзяніна пажылога ўзросту і інваліда.

Галіна СМАЛЯНКА