Галоўны спецыяліст аддзела пенсій і сацыяльных дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Салаўёва амаль 30 гадоў служыць людзям і ў гэтым бачыць сваё прызначэнне

Любоў да роднага куточка — назаўсёды. Дзе б чалавек ні быў, што б ні рабіў, яго цягне да мясцін, дзе нарадзіўся і вырас. Калі ж удаецца звязаць з імі сваё жыццё, гэта найвышэйшая ўзнагарода лёсу. Ён служыць людзям і ў гэтым бачыць сваё прызначэнне.

Родны куточак

Алена нарадзілася ў вёсцы Вялікая Слабада, што ў дзесяці кіламетрах ад Карэліч, у сялянскай сям’і. Маці працавала ў мясцовым калгасе паляводам, а бацька — даглядчыкам жывёлы на ферме. Мелі сваю асабістую гаспадарку. Дзяўчына дапамагала па доме, у калгасе. Розныя работы выконвала: даводзілася палоць буракі, ірваць лён, убіраць сена, капаць бульбу. Раней гэтая работа здавалася цяжкай, а цяпер успамінаецца з хваляваннем. Зараз на калгасныя палеткі прыйшла тэхніка, і не трэба рабіць уручную.

— Радзіма — гэта тое, без чаго немагчыма пражыць, — гаворыць Алена і прызнаецца, што цяпер часта ездзіць у родную вёску. Садзіць агародніну і вельмі любіць кветкі. Займаецца імі для таго, каб каля бацькоўскай хаты было прыгожа, у памяць аб дарагіх сэрцу людзях, якія падарылі жыццё і адкрылі таямніцы свету.

Любімая праца

Пасля заканчэння васьмі класаў Вялікаслабодскай васьмігадовай школы з Падзячным лістом Алена паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Гады праляцелі хутка, і па размеркаванні паехала на працу ў Шчучынскі райзабес. Працавала бухгалтарам, затым — інспектарам. Пасля выйшла замуж і паехала за мужам у Хабараўск. Пражылі два гады — і пацягнула на Радзіму.

У снежні 1993 года ўладкавалася на працу ў Карэліцкі райзабес. 1 лютага 1994 года была пераведзена бухгалтарам у аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму непрацаздольным грамадзянам і інвалідам, якое функцыянавала пры дадзенай установе. На працягу чатырох гадоў сумленна выконвала свае прафесійныя абавязкі.

У 1998 годзе зноў вярнулася на працу ў Карэліцкі аддзел сацыяльнага забеспячэння.

Тут прадаўжае працаваць і па сённяшні дзень. Напачатку была інспектарам па назначэнні і выплаце пенсій. З цягам часу змянілася назва ўстановы — зараз гэта ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, ды і ў самой пасада іншая: яна — галоўны спецыяліст аддзела пенсій і сацыяльных дапамог.

— Мая праца — гэта праца з людзьмі, — гаворыць Алена Салаўёва. — У першую чаргу трэба быць псіхолагам. Кожнаму наведвальніку растлумачыць, што датычыць назначэння і выплаты пенсій, што мы, супрацоўнікі ўпраўлення, і робім. Прымаем дакументы, даём кансультацыю, аказваем дапамогу, каб чалавек застаўся задаволены. У гэтым і ёсць наша прызначэнне.

Аб сэнсе жыцця

З абраннікам жыцця Алена пазнаёмілася ў круізе на цеплаходзе, калі ездзіла на Міжземнае мора. Праз год каханы чалавек прыехаў у госці з Хабараўска ў Беларусь, а яшчэ праз паўгода паклікаў замуж.

Трыццаць адзін год жывуць Алена з Юрыем Салаўёвым у шлюбе. У іх жыцці было шмат усяго, але лепшага — больш. Найвялікшай радасцю — тыя моманты, калі нараджаліся дзеці. За гэты час яны ўжо выраслі, сталі дарослымі, вызначыліся ў жыцці.

— Жыццё — гэта мая любімая работа і дарагая сэрцу сям’я, якую шаную і берагу,— сказала напрыканцы сустрэчы Алена Салаўёва. — Назаўсёды ў маім сэрцы — родны куточак з блакітным небам над роднай хатай, васількамі на жытнёвым полі, незабыўнымі сустрэчамі з землякамі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ