27 студзеня — Сусветны дзень ахвяр Халакосту. Халакост на Міршчыне ў гады акупацыі

Мірскі раён быў заняты нямецкімі войскамі да канца чэрвеня 1941 года. Не пазней чым праз два тыдні акупацыйныя ўлады пачалі ствараць мясцовую паліцыю ў Міры.

Першапачатковая колькасць іх складала 30 чалавек. Сярэдні ўзрост – 25-35 гадоў. Па нацыянальным складзе ў асноўным гэта былі беларусы з навакольных вёсак, некалькі палякаў і татараў. Сярод мясцовага насельніцтва яшчэ з даваеннага часу аб гэтых “дабравольцах” ішла нядобрая слава. У асноўнай большасці гэта былі тыя, хто прагнуў улады і лёгкага прыбытку за кошт маёмасці іншых людзей. Прыкладна трэцяя частка мела блізкіх родзічаў, якія трапілі пад савецкія рэпрэсіі і былі высланыя ў Сібір, таксама ў паліцыю паступілі асобы, якія мелі апантаныя антысеміцкія погляды. Матэрыялы следства – захопленыя дакументы нямецкай жандармерыі, у якіх былі характарыстыкі на мірскіх паліцаяў, асабліва падкрэсліваюць добраахвотнасць набору.

Першым начальнікам паліцыі ў Міры быў Краўчанка, былы адвакат. Але з сярэдзіны кастрычніка 1941 года ён быў заменены на Сямёна Серафімовіча, беларуса, 1910 года нараджэння, які паходзіў з беднай сям’і. У 1930-я гады праходзіў службу ў польскім войску. Напярэдадні вайны Серафімовіч працаваў абмершчыкам на млыне ў вёсцы Вобрына. Меў шлюб з палячкай, сваякі якой былі дэпартаваныя ў часы савецкай улады. Да прызначэння ў Мір ён узначальваў паліцыю ў Турцы. Пры немцах ён зрабіў хуткую кар’еру, стаўшы начальнікам паліцыі Мірскага раёна.

Аналіз матэрыялаў паказанняў сведкаў  выдзяляе своеасаблівы стэрэатып дзеянняў мясцовай паліцыі ў час правядзення так званых “акцый” па масавых забойствах яўрэяў. У населены пункт, абраны для “акцыі”, прыбываюць паліцэйскія сілы з бліжэйшых пастарункаў амаль у поўным складзе, часцей за ўсё з Турца, Міра, Ярэміч. Кіраўніцтва іх дзеяннямі ажыццяўляе Серафімовіч, які таксама актыўна прымае непасрэдны ўдзел у забойствах. Пры гэтым выдзяляюцца пэўныя паліцэйскія групы для рабавання і вывазу маёмасці яўрэяў.  Сведкі на судовым працэсе ва ўсіх выпадках пацвярджаюць дапамогу паліцыі з боку  асобных мясцовых жыхароў.

У якасці прыкладу можна прывеці наступнае сведчанне Іегуды Гесіка, жыхара вёскі Турэц: “Я бачыў, як паліцаі вялі прыкладна 55 чалавек. Ля ямы іх падзялілі на тры групы. Першай групе было загадана распрануцца і стаць тварам да ямы. Серафімовіч пачаў страляць, і першай ахвярай быў яго сябар Ханан Хаймовіч. Ён у 1940 годзе быў загадчыкам млына, а Серафімовіч працаваў у яго. У першую групу стралялі метраў з 10, і ўсе ў ёй загінулі адначасова. Ахвяры пападалі ў яму. Другая група (сярод іх была мая сястра Ліба) прасіла аб літасці, але іх жахлівымі ўдарамі прымусілі стаць каля ямы і расстралялі. Трэцяя група была зусім абыякавая да свайго лёсу і моўчкі выконвала загады”. Некаторыя мясцовыя жыхары, якія добраахвотна аказвалі паліцаям дапамогу ў вышуку яўрэяў, што схаваліся, потым разам  “адзначалі перамогу” сумесным распіццём гарэлкі. Сведчанні відавочцаў пазней пацвердзіліся вынікамі праведзенай эксгумацыі.

Я не стану пералічваць усе сістэмныя дзеянні акупацыйных улад па знішчэнні яўрэяў у Мірскім раёне: гэтыя факты вядомыя.  Але іх аналіз дазваляе зрабіць пэўныя высновы. Па-першае, у Міры нямецкая вайсковая адміністрацыя моцна давярала мясцовай паліцыі ў справе выяўлення яўрэяў. Мясцовыя паліцаі ведалі многіх сваіх ахвяр асабіста, праяўляючы нават пільнасць у выпадках, калі асобы яўрэйскай нацыянальнасці спрабавалі падмануць немцаў і ўцячы. Па-другое, пры знішчэнні яўрэяў у Міры паліцыя пры добраахвотнай падтрымцы некаторых местачкоўцаў праявіла такую актыўнасць, што практычна зрабіла за немцаў асноўную працу. Амаль усе апісанні акцый у Міры пацвярджаюць, што немцы адказвалі за іх правядзенне, але найбольшую актыўнасць выявілі Серафімовіч і яго падначаленыя.

Пасля прыбыцця ў Мір жандараў з паліцыі парадку  ў лістападзе 1941 года  пачынаюць ладзіцца так званыя “спецыяльныя акцыі”. Пры іх правядзенні таксама прасочваецца пэўная сістэмнасць і чарговасць у масавых забойствах людзей. Першачаргова выяўленню і ліквідацыі падвяргаліся былыя савецкія актывісты і тыя, хто быў з імі звязаны. Другой групай былі яўрэі ў маленькіх вёсках Мірскага раёна. У трэцюю групу ўваходзілі ваеннапалонныя, чацвёртая складалася з прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі.  Пры гэтым трэба заўважыць, што паліцаі валодалі дастатковай уладай, каб ажыццяўляць арышты і забойствы людзей. Яны не неслі за гэта ніякага пакарання і перашкод не мелі.

Звычайнай з’явай былі здзекі з арыштаваных, прычыненне калецтваў пры допытах.  Ёсць сведчанні аб тым, што напярэдадні масавых забойстваў у Міры паліцаі гвалцілі дзяўчат-яўрэек і што за гэта гвалтаўнікі панеслі толькі дысцыплінарнае   пакаранне.

У працэсе вывучэння пісьмовых крыніц па гісторыі Халакосту ў Мірскім раёне  часта сустракаюцца характарыстыкі адносін паміж беларускім насельніцтвам і яўрэямі як з аднаго, так і з другога боку. Адносіны паміж супольнасцямі да фашысцкай акупацыі характарызуюцца станоўча. Адкрытых антысеміцкіх праяў у даваенны час не існавала, хаця асобы, якія мелі адмоўнае стаўленне да яўрэяў, былі. Яшчэ неабходна ўлічыць адну акалічнасць: да  верасня 1939 года Мір знаходзіўся на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. У 1930-я гады ў мястэчку пражывала больш за 5000 жыхароў, з якіх 47,5% складалі яўрэі. Прыкладна 600 яўрэяў жыло ў Турцы, каля сотні – у Ярэмічах. Яшчэ крыху больш за 100 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці жылі ў невялікіх вёсках раёна, такіх, як Крынічнае, Далматаўшчына і Беражна. Большасць насельніцтва складалі беларусы. Яны працавалі ў асноўным у сельскай гаспадарцы і жылі пераважна ў навакольных вёсках. Яўрэі ў большасці займаліся гандлем і рамяством. Такім чынам, супадзенне пэўных эканамічных інтарэсаў,  узаемная запатрабаванасць і былі асновай станоўчага характару адносін паміж дыяспарамі.

За адносна кароткі час існавання савецкай улады на тэрыторыі Міршчыны пасля ўваходжання заходняй часткі Беларусі ў склад БССР знешніх істотных змен у  міжнацыянальных стасунках не адбывалася. Магчыма, гэтай акалічнасцю, што сацыяльныя каштоўнасці сацыялістычнага ладу яшчэ не глыбока ўвайші ў свядомасць і разуменне заходніх беларусаў, можна растлумачыць неадназначнасць адносін да яўрэяў  з боку мясцовага насельніцтва. З заявы Сімы Бергер на працэсе па абвінавачванні А. Шута: “Мы разам з Малышанскім пайшлі ў Прылукі да сялян, якіх добра ведалі, бо мелі патрэбу ў ежы для хворага сябра. Спярша знаёмыя нам сяляне добра прынялі нас і падзяліліся харчамі. Па дарозе назад мы пачулі крыкі, і нас акружылі дзецюкі-вяскоўцы. Некаторыя з іх былі ўзброеныя рэвальверамі. Моцна збіўшы, яны шпурнулі нас на воз. Просьбы сялян, якія нас прынялі, адпусціць нас, нічога не далі. Па дарозе нас зноў сталі збіваць, потым бандыты распілі пляшку самагонкі. Яны цешыліся з таго, што вязуць “падарунак” жандарам…”. Пасля пераводу гета ў Мірскі замак у яўрэйскім асяроддзі пачынаецца стварэнне арганізацыі актыўнага супраціўлення. Мясцовы жыхар Худоба зрабіў данос Серафімовічу на яўрэя Сімановіча з гета, які пытаўся ў яго (Худобы), дзе можна набыць зброю. Лёгка зразумець, што Сімановіч бачыў у Худобе надзейнага чалавека.

З прыходам фашыстаў схільныя да антысемітызму асобы  атрымалі шырокія магчымасці і паўнамоцтвы для рэалізацыі сваіх поглядаў. Некаторыя сведкі паведамляюць, што пры акупацыйным рэжыме мясцовая паліцыя паводзіла сябе з яўрэямі і іншымі жыхарамі горш за немцаў.  У паліцаяў антысеміцкія абразы і здзекі з яўрэяў увайшлі ў звычку. Гэтаму спрыяў афіцыйна аб’яўлены генацыд. У свядомасці жыхароў акты знішчэння яўрэяў атаясамліваліся з выкананнем законаў “новага парадку”, а страх мець хоць якое дачыненне да ўкрывання яўрэяў ці дапамогі ім часта пераадольваў памяць аб нядаўніх добрасуседскіх адносінах. Але не менш было і адваротных прыкладаў.

Варта адзначыць, што ахвярай паліцаяў мог стаць прадстаўнік любой нацыянальнасці. Сведчыць Яўген Бразоўскі: “Паліцыянты маглі забіць любога без дай прычыны…. Дастаткова было сказаць пра будучую ахвяру, што яна была партызанам ці камуністам, каб апраўдаць сябе ў вачах жандармерыі. Яны  забівалі людзей, каб пераканаць нямецкія ўлады ў сваёй лаяльнасці…”. Яшчэ адным матывам такіх паводзін паліцаяў было пачуццё ўлады над жыццём і лёсам мясцовых жыхароў, а найбольш пераважнай  у  іх учынках была ўпэўненасць у тым, што немцы перамогуць, можна будзе зрабіць кар’еру, узбагаціцца, атрымаць узнагароды. Прыкладна такая ж матывацыя была і ў пэўнай часткі мясцовых жыхароў, якая супрацоўнічала з рэжымам. Сюды трэба яшчэ дадаць страх быць выпадкова абвінавачаным у сувязях з партызанамі.

Таксама нельга не ўлічваць адсутнасць крыніц аб’ектыўнай інфармацыі аб становішчы на савецка-германскім фронце. Мір, па сутнасці, знаходзіўся на працягу другой паловы 1941 года і аж да лета 1942 года ў інфармацыйнай ізаляцыі. Толькі з істотнай актывізацыяй партызанскага руху з другой паловы 1942 года з’яўляецца пэўная магчымасць даносіць да ведама насельніцтва праўдзівыя франтавыя звесткі.

Акупацыйныя ўлады ў сваю чаргу імкнуліся стварыць выгляд “добразычлівых” адносін да мясцовага насельніцтва. Так, з верасня 1941 года аднаўляецца дзейнасць Мірскай школы. Яе ўзначаліў Раман Федаркевіч. Разам з ім працавалі Соф’я Чарнецкая, Андрэй Бразоўскі, сын дырэктара Юрый Федаркевіч, Рамуальд Рудзіх і інш. З ліку падлеткаў ва ўзросце 12-15 гадоў ствараецца  юнацкая арганізацыя, якая мае на мэце рыхтаваць мясцовую моладзь да адданай службы інтарэсам рэйха. І пастаянна, мэтанакіравана, актыўна сцвярджаецца, што толькі пасля поўнага знішчэння яўрэяў, камісараў і партызан наступіць заможнае і вольнае жыццё. Узнікае пытанне: “Ці можна аднесці да калабарантаў тых, каго паставілі перад выбарам: супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі або фізічнае знішчэнне?” Тым больш, што пасля вызвалення Міра ўсе гэтыя людзі і моладзь былі рэпрэсіраваныя.

Валерый БРАНТ,

старшы захавальнік фондаў музея ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»