30 января — День белорусской науки. Вспоминаем ученых — уроженцев Кореличского района

Юбілейныя даты навукоўцаў карэліцкай зямлі

Традыцыйна ў апошнюю нядзелю студзеня ў краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі. Вынікі работы беларускіх вучоных адпавядаюць высокім сусветным патрабаванням, актыўна прымяняюцца ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы краіны, уносяць значны ўклад у вырашэнне задач інавацыйнага развіцця дзяржавы.

Дзень беларускай навукі вельмі добрая нагода, каб узгадаць дасягненні вучоных у розных галінах ведаў.

Наша карэліцкая зямля здаўна славіцца выдатнымі і таленавітымі людзьмі, якія сваё жыццё прысвяцілі навуцы. Сярод іх ёсць навукоўцы, юбілейныя даты з дня нараджэння якіх адзначаюцца ў 2022 годзе.

АДАМУШКА Уладзімір Іванавіч

Нарадзіўся 1 студзеня 1952 года ў в. Падгайна Карэліцкага раёна.

Вучоны-гісторык, ганаровы архівіст Беларусі, дзяржаўны дзеяч Беларусі, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў Дружбы народаў і Францыска Скарыны.

Уладзімір Іванавіч Адамушка прымаў актыўны ўдзел у працы Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне», з’яўляўся прадстаўніком Урада Рэспублікі Беларусь у папячыцельскім савеце Фонда ФРГ «Памяць, адказнасць і будучыня».

Уладзімір Іванавіч унёс вялікі ўклад у станаўленне архіўнай галіны ў сучаснай Беларусі.

Памёр у 2020 годзе.

КАЛЕСНІК Уладзімір Андрэевіч

Нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў в. Сіняўская Слабада Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер — Карэліцкі раён).

Кандыдат філалагічных навук, прафесар, беларускі крытык, літаратуразнаўца, празаік, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа і Літаратурнай прэміі імя І. Мележа.

Займае адметнае месца ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры, яго імя і літаратурная творчасць добра вядомы ў нашай краіне і далёка за яе межамі.

Памёр у 1994 годзе.

МУРАЧКОЎСКІ Мікалай Восіпавіч

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1932 года ў в. Смольчычы Карэліцкага раёна.

Беларускі псіхолаг, педагог, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт. Працаваў у Жодзішкаўскай сярэдняй школе (Смаргонскі раён), Гродзенскім дзяржаўным універсітэце (дацэнт кафедры педагогікі), Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны (дацэнт кафедры псіхалогіі).

Навуковыя інтарэсы звязаны з педагагічнай псіхалогіяй, праблемамі дыферэнцыяванага падыходу да вучняў у працэсе навучання і выхавання. Выдаў кнігу «Как предупредить неуспеваемость школьников», якая мае высокі індэкс цытавання. Сааўтар выдадзенага ў Маскве даследавання «Психологические проблемы неуспеваемости школьников». Выдаў мноства публікацый у выданнях «Советская педагогика», «Народная асвета», «Псiхалогiя».