Ці задаволены карэліччане якасцю ўборкі дарог і тратуараў?

Дарогі.  Ад таго, у якім становішчы знаходзяцца, залежыць настрой чалавека. Роўныя і дагледжаныя, яны выклікаюць пачуццё радасці, а забытыя і непрыбраныя — дыскамфорт.

Мы пацікавіліся ў карэліччан, як яны адчуваюць сябе ў дарозе і ці заўсёды задаволены якасцю іх уборкі.

Наталля ГАЛУШКА, старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба Карэліцкага раёна, жыхарка вёскі Некрашэвічы Турэцкага сельсавета:

— Кожны дзень я езджу на работу ў Карэлічы на асабістым аўтамабілі. Дарога ад Некрашэвіч да Беразаўца патрабуе ўвагі падчас снегападу.  Хаця адзначу, што яна чысціцца пастаянна, і за пяць гадоў паездак не ўзнікала праблемных сітуацый. Цэнтральная шасейная дарога Мір-Карэлічы заўсёды мае належны выгляд, і ехаць па ёй адно задавальненне.

У райцэнтры пытанняў наконт якасці ўборкі дарог не існуе. Вось толькі што датычыць стадыёна «Юнацтва». У снежны час яго тэрыторыю замятае, і прыходзіцца звяртацца да тых, хто можа аказаць дапамогу. радуе, што не адмаўляюць. У мінулым годзе работнікі Карэліцкага  ДРБУ-158 расчысцілі не толькі стадыён, але і праход да рэчкі Рутка. Хацелася б, каб пра гэта не трэба было напамінаць. Чысцяць дарогі ў райцэнтры — і каб стадыён не міналі. Увогуле, якасцю ўборкі нашых дарог задаволена.

Алена МОНІЧ, настаўнік-дэфектолаг ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:

— Хачу сказаць, што раённыя камунальныя і дарожныя службы імкнуцца аператыўна ачысціць ад снегу дарогі. Так было і пасля нядзельнага снегападу, калі раніцой у гэты панядзелак ішла на працу.  Тратуары ад магазіна «Родны кут» да сярэдняй школы № 2 у райцэнтры былі ачышчаны.

У дрэннае надвор’е езджу на асабістым аўтамабілі. Трэба адзначыць, што за рулём адчуваю сябе камфортна — на якасць уборкі дарог няма падстаў  скардзіцца. Дарогі пасыпаюцца пяском, затым своечасова яго рэшткі   прыбіраюць.

Добрым словам хачу ўспомніць працу дворнікаў. Яны наводзяць належны парадак на тэрыторыі двароў каля шматпавярховак. Важна, каб пра чысціню дбалі і самі карэліччане: не кідалі смецце пад ногі, карысталіся ўрнамі. Ды час ад часу праводзілі суботнікі, як гэта было раней.

Лідзія АЛЯСЮК, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Карэлічы —  дарагі сэрцу куточак. Пра яго прыгажосць гавораць і госці, якія прыязджаюць з вялікіх гарадоў. Сэрца радуюць дамы, вуліцы, дарогі. Працуе камунальная служба раёна, работнікі сочаць за парадкам на вуліцах. Вось толькі, на вялікі жаль, ёсць яшчэ тое, што прадаўжае турбаваць нас, жыхароў гэтых цудоўных мясцін. Гэта адносіны некаторых адпачываючых выхаднога дня да парадку на вуліцах.

Раніцай і плошча, і двары засмечаны бутэлькамі, папяровымі і пластмасавымі стаканчыкамі, кардонам і лушпіннем ад семечак. Ніхто нікому не забараняе адпачываць, але ж і смецце пасля сябе прыбіраць трэба. Вось і прыходзіцца дворнікам раніцою ўбіраць рэшткі чыйгосьці «застолля». Пераканана, што ўсім разам трэба берагчы і захоўваць парадак. Тады не сорамна будзе перад самімі сабой і гасцямі.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА