Дыялогавая пляцоўка «Старэйшае пакаленне — за актыўнае даўгалецце»

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна адбылася дыялогавая пляцоўка «Стварэнне новых магчымасцей для рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, прадаўжэння іх актыўнага даўгалецця».
У сваім выступленні старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Лідзія Шэўка адзначыла, што Канстытуцыя патрабуе змяненняў і дапаўненняў і назвала асноўныя аспекты праекта. Сярод іх — захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну, абарона персанальных даных і інстытута сям’і, прыданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу і г. д. Разам з тым прамоўца адзначыла, што кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы (артыкул 21), грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні асабістага здароўя (артыкул 45).
Магчымасці і патрэбнасці пажылых людзей розныя, — сказала дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава. — У першую чаргу гэта магчымасць заняцца любімай справай, на якую не хапала часу, пакуль была работа і падрасталі дзеці. Гэта фізкультура і спорт, грамадская занятасць, карыснае правядзенне вольнага часу і іншае. Гэта клубы і цэнтры для зносін, спартыўныя пляцоўцы, басейны, школы актыўнага даўгалецця. Нагадала пра тое, што пажылыя людзі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі прафсаюзнай дзейнасці. Валанцёры сярэбранага ўзросту актыўна праводзяць вольны час, дзеляцца сваімі прафесійнымі ведамі як кіраўнікі тэрытарыяльных цэнтраў. Пажылыя людзі карыстаюцца інтэрнэтам, займаюцца іншымі карыснымі справамі.
Сёння ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030» дзяржавай зроблены пэўныя крокі, каб жыццё пажылых людзей было актыўным, цікавым, насычаным. У сувязі з гэтым важным пасылам у праекце Канстытуцыі з’яўляецца павышэнне сацыяльнай адказнасці грамадзяніна за сябе асабіста, сваё здароўе, сваю сям’ю, а таксама абавязковы асабісты ўклад у агульную справу, — лічыць Інэса Сямібратава.
Старшыня Карэліцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур адзначыла, што абмеркаванне змяненняў у Канстытуцыю вядзецца на ўсіх узроўнях, і з улікам сучасных рэалій неабходна ўносіць штосьці новае і рухацца далей. Назвала слушнымі прапановы ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэт-прасторы, якія паступаюць ад ветэранаў.
Праект абноўленай Канстытуцыі накіраваны на захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, умацаванне сацыяльнай палітыкі, падтрымку моладзі, удасканальванне дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне.
Па словах ветэранскага лідара раёна, трэба памятаць не толькі падзеі вайны, але таксама ведаць і паважаць мінулае нашага краю, ушаноўваць вядомых людзей, якія праславілі нашу маленькую радзіму. Кожны чалавек павінен бачыць, што дадуць змяненні яму, сям’і, населенаму пункту, краіне ў цэлым. Удзел у рэферэндыуме — грамадзянскі доўг кожнага беларуса.
Гэтую краіну будавалі нашы дзеды і прадзеды, — сказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Іна Богуш. — Зараз будуем мы, і якім будзе далейшае жыццё, залежыць ад нашых дзеянняў. У нас ёсць свая мадэль — гэта чалавек і клопат пра яго, а за чалавекам — будучае.
Іна Аляксандраўна нагадала пра тое, што грамадзяне краіны могуць зараз задаваць хвалюючыя пытанні, бо ідзе абмеркаванне Асноўнага Закона, і кожная прапанова важная.
Начальнік упраўлення паведаміла аб тым, што ў гандлёвай сетцы ўводзіцца 10-працэнтная скідка для пенсіянераў на прадуктовыя тавары першай неабходнасці — яшчэ адно праяўленне клопату дзяржавы аб людзях пажылога ўзросту.
Іна Богуш заклікала пенсіянераў наведваць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і прыводзіць сяброў і знаёмых. У ЦСАН яны знойдуць шмат карыснага для сябе, а галоўнае — гэта зносіны з наведвальнікамі, якія жывуць адзінымі імкненнямі і інтарэсамі. Тут яны могуць правесці вольны час карысна і цікава.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ