На планерке у председателя: прививочная кампания против COVID-19, зимнее оздоровление детей и строительство в сфере АПК

У Карэліцкім раёне зафіксаваны ўсплеск каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева з раённымі службамі.

На мінулым тыдні колькасць хворых на COVID-19 карэліччан павялічылася ў два разы, аднак ачагоў інфекцыі не зафіксавана. Вакцынавана 55,5 працэнта жыхароў раёна, сярэднеабласны паказчык складае 55,4 працэнта.

— У працоўных калектывах неабходна ўзмацніць растлумачальную работу аб карысці прышчэпкі ад COVID-19, — адзначыў Генадзій Шатуеў. — Статыстыка сведчыць, што сярод пацыентаў з цяжкім цячэннем захворвання рэгіструюцца непрышчэпленыя грамадзяне. Безумоўна, прышчэпка не гарантуе поўную абарону ад небяспечнай інфекцыі, але сама хвароба працячэ ў лягчэйшай форме.

Адзначалася, што захворваемасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту застаецца на нізкім узроўні. На зімовых канікулах у школьных аздараўленчых лагерах адпачыла 109 дзяцей.

Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Быліча, у аграгарадку Ярэмічы ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання, чакаецца замена водаправодных сетак і будаўніцтва воданапорнай вежы. На чарзе будаўніцтва аналагічнай станцыі ў вёсцы Радунь.

Актыўна вядзецца будаўніцтва аб’ектаў у аграпрамысловым сектары. Так, гатоўнасць малочнатаварнай фермы паблізу вёскі Кожава складае 50 працэнтаў, будаўнікі пачалі ўзвядзенне даху. Аналагічны аб’ект неўзабаве пачнуць узводзіць у СВК «Маяк-Заполле». Новы зернесушыльны комплекс у гэтым сельгаспрадпрыемстве гатовы прыняць зерне ўраджаю 2022 года.

Генадзій Шатуеў даручыў кіраўнікам раённых службаў актывізаваць работу па падрыхтоўцы неабходнай дазвольнай дакументацыі для правядзення добраўпарадкавання, якое пачнецца з надыходам вясны. У прыватнасці, работы закрануць возера Быкава, вуліцу Новая ў аграгарадку Турэц і пешаходныя дарожкі ў парку г.п. Карэлічы.

Іна ЛЕЙКА