Намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Вараніца сустрэлася з ідэалагічным актывам Карэліччыны

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылася дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Удзел у ёй прынялі намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Вараніца, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка і ідэалагічны актыў раёна.

Чарговая вучоба ідэолагаў раёна супала з днём правядзення дыялогавай пляцоўкі невыпадкова: больш за тры тыдні па ўсёй краіне ідзе абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона, і прыезд актывісткі з вобласці аказаўся дарэчы.

Святлана Вараніца звярнула ўвагу прысутных на прыамбулу да Канстытуцыі, у якой закладзены своеасаблівы сімвал веры. Вось радкі з яе:»… жадаючы забяспечыць мір і грамадзянскую згоду, дабрабыт грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і росквіт Рэспублікі Беларусь, прымаем сапраўдную Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь». Разам з тым адзначыла, што праект Канстытуцыі напісаны зразумела, коратка, даступна, каб кожны грамадзянін краіны змог яе вывучыць.

У сваім выступленні звярнула ўвагу на некаторыя артыкулы. Напрыклад, у артыкуле 15 гаворыцца, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў артыкуле 54 — аб праяўленні патрыятызму, захаванні гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, якія  з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Заслугоўвае ўвагі і артыкул 32 1: «Дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства».

Удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі цікавілі пытанні інстытута правоў чалавека, адміністрацыйнага дзялення краіны, на якія прамоўца дала тлумачэнні.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Вараніца заклікала прысутных да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праводзіць «Белая Русь» і іншыя грамадскія аб’яднанні.

Яўген Чычкан і Нэлі Маісеенка ў сваіх выступленнях звярнулі ўвагу ідэолагаў раёна на правядзенне сустрэч у працоўных калектывах па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

«Бяспечны актыўны адпачынак у зімовы перыяд» — тэма выступлення начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Стадольніка.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ