Новогодние воспоминания Таисы Мухиной

Напісанае мною разлічана на тых, хто з легкім сумам пераносіцца ў сваё дзяцінства ці маладосць, хто пераасэнсоўвае перажытае і з павагай адносіцца да сучаснага, не прамінуўшы ўзгадаць сваім сямейнікам: “А раней было так…”.

Дык вось і я  кажу: некалькі дзесяцігоддзяў таму назад рыхтавалася я да школьнага ранішніка. А калі быць больш чэснай, то рыхтавала мяне мама, а я толькі перад люстэркам пакручвалася. Ісці на ранішнік без касцюма-маскі нават і гаворкі не было. А якія маскі раней? Не было такога, што можна купіць (ды і грошай на гэта не было) ці ўзяць напракат. Былі ў продажы маскі, якія надзяваліся на твар: мядзведзь, заяц, воўк, ліса,.. ды гэтага мала было, каб уразіць прысутных. Патрэбна было больш атрыбутаў, каб дапоўніць вобраз маскараднага героя. Таму я амаль штогод, з перыядычным чаргаваннем, была то Сняжынкай, то Вясною. Вось і ў згаданы мною год мяне рыхтавалі Вясною. З тоненькай марлі мама сшыла сукеначку, некалькі палярынак-фальбоначак адразу зрабілі яе больш пышнай і шыкоўнай. Ды здавалася мне, што гэта падыходзіць больш для Сняжынкі. Тады мама акунула сукеначку ў падсіненую ваду і ў дадатак накрухмаліла. Я назірала за ўсім гэтым і дзівілася, як з простай марлечкі можна стварыць такі цуд. Але гэта не ўсё. Каб падахвоціць мяне, мама вырашыла зрабіць кветкавы вянок, які быў бы доказам таго, што я і сапраўды – Вясна. У ход пайшла карбаваная каляровая папера, з якой у імгненне вока выраслі невялікія, але пышныя ружы, далікатныя валошкі і рознакаляровыя астры. Усе гэта прымацавалася да абручыка і ёмка легла на маю галаву. Заключным акордам была брошка, якую напярэдадні падаравала для мяне адна знаёмая. Такіх брошак я ў той час ніколі не бачыла: кругленькая, нібы сонейка, з маленькіх тоненькіх манетак-пласцінак, яна пералівалася і зіхацела, дадаючы майму вобразу нейкую таямнічасць.

Як прайшоў ранішнік? Думаю, добра. Не памятаю гэтага. Памятаю іншае. Бадзёрая і адначасова стомленая, вярнулася дахаты, прынёсшы пакунак з цукеркамі. Вочы іскрыліся радасцю, хацелася падзяліцца сваімі ўражаннямі. Пакручвалася перад дамашнімі ў сваім убранні, усё яшчэ адчуваючы асалоду сваёй перамогі: першае месца за касцюм. Мама не магла нацешыцца і хутчэй запрасіла да стала паесці. А на вячэру ў нас заўжды (добра гэта памятаю) была зацірка малочная ці булён засквараны. На гэты раз быў булён, духмяны, празрысты і вельмі смачны. Я з апетытам ела і адначасова расказвала пра тое, як прайшло свята. Жэстыкулявала і расказвала, расказвала…  Міла было бацькам слухаць мой аповед. Але… з-за маёй вялікай энергічнасці я не заўважыла, як мая брошка, маё галоўнае ўпрыгожванне, апынулася ў… булёне. Ціха стала за сталом. Усе неяк разгубіліся. Мама выхапіла брошку, памыла яе ў вадзе. Сталі разглядаць: яна была такая ж і не такая. Уся яе зіхоткасць знікла. Знік і мой настрой. Тады мама ўзяла прас і хуценька, накрыўшы марлечкай, прайшлася ім па брошцы. І… о цуд! Брошка зноў пачала пералівацца праменнямі сонца. Усе радасна ўздыхнулі.

Думаеце, на гэтым усё? Нічога падобнага. Мне захацелася, каб брошка была яшчэ прыгажэйшай. Я перавярнула яе і прайшлася прасам з другога боку. Як вынік – ад брошкі застаўся пакамечаны ахлапачак сшытых пласцінак, якія нават і блізка  не зіхацелі. Вось і ўсё. Для мяне гэта была маленькая трагедыя на той час, а на сённяшні дзень – добрая пераднавагодняя згадка.

З надышоўшым Новым годам вас, людзі! Хай толькі добрыя ўспаміны цешаць вашы душы!

 

Таіса МУХІНА,

агр. Райца