В СПК «Маяк-Заполье» тракторы готовы к выходу в поле на 90%. Как у остальных?

Узімку на палях пануе зацішша, а ў мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў на ўсю моц кіпіць работа. Падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ — справа адказная, бо нездарма ў народзе гавораць: як пасееш, так і пажнеш.

Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Маяк-Заполле» — у ліку лепшых у раёне па падрыхтоўцы тэхнікі да пасяўной. Старшы інжынер Валерый Рытус, які кіруе ўсім працэсам, праводзіць экскурсію па майстэрні.

— Тут у нас рамантуецца малагабарытная тэхніка, — расказвае ён. — Цяпер нашы механізатары замяняюць рухавікі ў двух трактарах — МТЗ-1523 і МТЗ-82.

У энергічнага і ўсмешлівага механізатара Сяргея Шэўкі ў руках усё гарыць:

— Вось зняў рухавік са свайго МТЗ-1523, ён адправіцца ў рамонт. Другі, які прывезлі з рамонту, зараз пастаўлю. Тут трэба быць уважлівым, бо як-ніяк з сэрцам машыны працуеш, не горш за хірурга на аперацыйным стале.

Сяргей расказвае, што на зямлі працуе 30 гадоў, нарадзіўся і жыве ў Красным. Вопытны механізатар — адна з ключавых фігур на пасяўной: яму аднаму давяраюць засяваць цэлы вытворчы ўчастак. Увосень ужо пасеяў 1000 гектараў азімых, на вясну засталося яшчэ 400. Гаворыць, галоўнае, каб надвор’е не падвяло і азімыя добра перазімавалі, а ў астатнім справяцца.

Побач перабірае свой МТЗ-82 механізатар Вячаслаў Базянюк. Яго задача на пасяўной не менш важная — падвозка насеннага матэрыялу на палі.

— Матор ужо замяніў, зараз каробкай перадач трэба заняцца, — паказвае фронт работ аграрый. — Галоўнае, што ў майстэрні цёпла, усе патрэбныя прылады пад рукой і запчасткі ў наяўнасці, толькі працуй.

Вячаславу, як кажуць, ёсць з чым параўнаць. Восем гадоў таму ён пераехаў з сям’ёй з Украіны. Патомны механізатар у другім пакаленні расказвае, што ва Украіне калгасаў няма, усім запраўляюць прыватнікі. Гады працы ў іх у стаж не ідуць, выходзіць, што на старасці год без пенсіі застанешся.

— А я хацеў на зямлі працаваць, гэта — маё, і з гарантыямі на будучае, — кажа Вячаслаў. — Вось і пераехалі ў Беларусь. У мяне чацвёра сыноў, і ўсе — механізатары.

Заўважаю, што ў майстэрні вельмі цёпла. Тут жа размешчаны такарны і слясарны цэхі. Токар Мікалай Балабановіч кажа, што станкі выкарыстоўваюць яшчэ з савецкіх часоў: яны і сёння працуюць, як гадзіннік, інструментаў і металу хапае, нават з запасам.

Майстэрня абсталявана пакоем адпачынку, дзе можна паабедаць, ёсць лазня. Увогуле, умовы цудоўныя.

— Усё зроблена для людзей, — кажа Валерый Рытус. — Дарэчы, яны ў нас вельмі дружныя, адзін аднаму дапамагаюць, нікога прасіць не трэба. За тэхнікай нагляд у нас добры.

Недалёка ад майстэрні размешчаны ангар, у якім стаяць сапраўдныя волаты — 8 і 10-метровыя сеялкі і агрэгаты для апрацоўкі глебы. Праз лабірынты з металічных зубоў і разнастайных шлангаў спрытна прабіраюцца зваршчык Юрый Скіпін, механізатары Сяргей Рабко, Яўген Ложачнік і Сяргей Варановіч. Яны заняты рамонтам шыроказахопных культыватараў, якія будуць працаваць у счэпцы з МТЗ-3022 для закрыцця вільгаці ў глебе.

— Мы яшчэ восенню паклапаціліся аб гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, — кажа Валерый Рытус. — Падрыхтоўку пачыналі з ачысткі машын ад саломы, выдалення пакінутага збожжа і «прадуўкі». Глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты і іншая сельгастэхніка былі ачышчаны ад зямлі, пакрыты ахоўнай змазкай, а ўсе адтуліны і шчыліны, праз якія можа патрапіць вільгаць унутр машыны, шчыльна зачынілі вечкамі. Пры гэтым была адноўлена пашкоджаная афарбоўка на  металічных дэталях. Яшчэ восенню перабралі два перадпасяўныя агрэгаты АКШ. Машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў і раскідвальнікі арганікі выйшлі з палявых работ спраўнымі. Галоўнае — своечасова ўсё рамантаваць. На падрыхтоўку тэхнікі да вясны затрачана 390 тысяч рублёў уласных сродкаў.

У сельгаспрадпрыемстве грошы лічыць умеюць, таму тое, што можна, імкнуцца адрамантаваць самі. Напрыклад, сёлета з 6 няспраўных рухавікоў два адрамантавалі мясцовыя ўмельцы. А прычапную тэхніку іншым арганізацыям не давяраюць, рамантуюць самастойна.

Штогод машынна-трактарны парк гаспадаркі абнаўляецца. Летась набылі 10-метровы глебаапрацоўчы агрэгат, які падрыхтоўвае глебу для работы сеялкі. Аграрыі гавораць, што машына вельмі добрая: рыхліць, утрамбоўвае і выраўноўвае глебу, пасля яе сеяць — адно задавальненне. Таксама ў гаспадарцы з’явіліся два трактары, самаходны апырсквальнік ад пустазелля і насякомых-шкоднікаў і чатыры пагрузчыкі.

Сёлета на вясновай пасяўной у «Маяку» будуць працаваць 20 адзінак тэхнікі. На сёння гатоўнасць трактароў да выхаду ў поле складае 90 працэнтаў. «Так што ў поле хоць заўтра», — запэўніваюць у гаспадарцы.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Гавіна, у першую чаргу рамантуюцца энерганасычаныя трактары, тэхніка для перадпасяўной апрацоўкі глебы і прызначаная для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў.

Усяго ў веснавой пасяўной прымуць удзел 350 трактароў, у іх ліку 63 энерганасычаныя. У сельгаспрадпрыемствах ёсць 31 дыскавая барана і дыскатар, 106 плугоў, 34 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгата, 22 збожжавыя сеялкі і 48 машын для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, а таксама іншая сельскагаспадарчая тэхніка.

Летась у раён паступілі тры новыя энерганасычаныя трактары. Іх атрымалі СВК «Маяк-Заполле», ДП «Малюшычы» і плезавод «Карэлічы».

У Карэліцкім раёне падрыхтоўка тэхнікі набірае абароты. Згодна з графікам рамонтныя работы плануюць завяршыць да 1 красавіка.

 Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара