17 февраля — Международный день спонтанного проявления доброты. Что такое доброта для кореличчан?

17 лютага ў свеце адзначаецца неафіцыйнае свята — Міжнародны дзень спантаннага праяўлення дабрыні. З гэтай нагоды сваімі думкамі дзеляцца карэліччане.

Наталля КАЗАРЭЗ,

старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:

—  Амаль дваццаць гадоў узначальваю Карэліцкі райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, які аб’ядноўвае ў сваіх радах 228 чалавек.  Пасада карысная і адказная — стаць патрэбнай усім. Разам адзначаем юбілеі і святы, падтрымліваем адзін аднаго ў бядзе і роспачы. Трэба імкнуцца быць яшчэ больш уважлівымі да старых і малых, працягваць руку дапамогі маючым патрэбу, быць шчодрымі на добрыя ўчынкі. Давайце гаварыць шчырыя словы і дарыць штодзённыя ўсмешкі тым, хто побач.

Людміла ДРУЦЬКА,

валанцёр Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна:

— Я з’яўляюся наведвальнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і вельмі рада, што тут магу не толькі  правесці свой вольны час, але і прынесці карысць людзям. Летась я ўступіла ў рады валанцёраў сярэбранага ўзросту, і маё жыццё стала яшчэ больш насычаным і цікавым. Вязала шкарпэткі і рукавіцы для насельнікаў Лаўрышаўскага манастыра, адзінокіх бабуль з кватэры сумеснага пражывання ў райцэнтры —  рознакаляровыя палавічкі пад ногі, а для дзяцей з карэкцыйнага цэнтра — маленькія цацкі-звярушкі.

Наталля ІВАНОВА,

жыхарка райцэнтра:

— Кажуць, што ў наш інфармацыйны час людзі ўсё больш праводзяць свой вольны час у інтэрнэце, аддаліліся адзін ад аднаго. Хачу паспрачацца, бо ва ўсе часы былі і засталіся людзі з чулым сэрцам, якія гатовы прыйсці на дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта ў першую чаргу датычыць суседскіх адносін. Мне ў гэтым пашанцавала: мы сябруем сем’ямі шмат гадоў і падтрымліваем адзін аднаго ў розных жыццёвых сітуацыях. Пра суседскія адносіны ў мяне засталіся цёплыя ўспаміны з дзяцінства, калі жылі з сям’ёй у вёсцы. Аказваецца, каб быць добрым, чулым, спагадлівым, не трэба заканчваць універсітэтаў, а жыць сумленна, не крыўдзіць іншых, любіць іх, як самога сябе.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА