25 лютага адзначыла свой 90-ы дзень нараджэння жыхарка Карэліч Вера Фёдараўна Курбатава

25 лютага адзначыла свой 90-ы дзень нараджэння жыхарка Карэліч Вера Фёдараўна Курбатава. Жанчына з незвычайным лёсам, біяграфія якой – адлюстраванне сапраўднай гісторыі, крыніца ўнікальных звестак.

Яна нарадзілася яшчэ “пры Польшчы”, у 1932 г., у сялянскай сям’і Заікіных. Бацькі – Фёдар Фёдаравіч і Праскоўя Мікітаўна – валодалі хутарам недалёка ад ваеннага гарадка (сёння в. Слабудка), што пад Пружанамі. Яны мелі больш за дзясятак гектараў зямлі, сталую гаспадарку. Працавалі старанна, гадавалі дзяцей, а да вайны іх нарадзілася шасцёра – Аляксандра, Марыя (памерла ў 1943 г.), Вера, Ганна, Фёдар, Іван, а пазней – Надзея, Сяргей і Юрый.

Сям’я жыла не вельмі багата. Бацькі працавалі, дзеці з ранніх гадоў далучаліся да сялянскай працы. Жанчына памятае, што з маленства пасвіла жывёлу, хадзіла за птушкай, дапамагала гатаваць ежу і палоць градкі, збірала ў лесе грыбы і ягады, даглядала малодшых братоў і сясцёр.

Пры “першых Саветах”, як называлі мясцовыя людзі перыяд 1939–1941 гг., уклад жыцця змяніўся, але дзеці не адчувалі гэтага так, як дарослыя. Вера працягвала дапамагаць па гаспадарцы, пайшла ў рускамоўную школу ў Слабудцы, таму што ў ёй вучылася шмат дзяцей ваенных. Малыя з цікаўнасцю назіралі за чырвонаармейцамі: любілі маршыраваць за імі, спяваць новыя песні, таемна наведваць кінасеансы і танцы, якія ладзіліся ўвечары. Вялікае ўражанне на Веру аказаў выпадак, які здарыўся ўвосень 1939 г. Перад тым, як касцёл прыстасавалі пад Дом культуры, загінуў адзін з мясцовых жыхароў, які скінуў крыж з храма.

Перад вайной у Слабудцы дыслацыравалася некалькі воінскіх часцей. У гарнізоне месца ўсім не хапала, таму частка афіцэраў кватаравалася ў сялян. Так, на хутары Заікіных жылі 2 афіцэры 44-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі, якую ў красавіку 1941 г. перавялі ў Брэсцкую крэпасць. Вера памятае, як афіцэры неаднойчы прыязджалі з Брэста да іх ў госці. Яны размаўлялі на розныя тэмы, у тым ліку аб хуткім пачатку вайны з немцамі.

Баявыя дзеянні пад Пружанамі пачаліся ў першыя хвіліны Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 г. Мясцовыя жыхары чулі і бачылі, як варожыя самалёты бамбілі каля горада слабудскі гарнізон і куплінскі аэрадром, а 23 чэрвеня вялі баі з сухапутнымі і танкавымі часцямі. Гінулі людзі, палалі дамы. Пасля адыходу савецкіх часцей гарнізон адразу занялі нямецкія войскі, якія знаходзіліся тут увесь перыяд трохгадовай акупацыі. Падзеі вайны назаўсёды засталіся ў памяці Веры Фёдараўны.

У канцы чэрвеня 1941 г. яе бацька схаваў у хляве знаёмага савецкага ваеннаслужачага, які з Брэсцкай крэпасці пешшу дабраўся да Слабудкі. Гэта бачыла суседка і данесла немцам, якія арыштавалі чырвонаармейца разам з татам. Некалькі дзён Фёдара Заікіна трымалі ў пружанскай турме, дапытвалі, пагражалі расстраляць сям’ю. Ён не адмаўляў, што дапамог салдату. Здавалася, што лёс селяніна вырашаны, але яго адпусцілі. Гэтаму садзейнічалі тыя ж суседзі, якія заўзята дакладвалі гітлераўцам пра розныя факты антыфашысцкай дзейнасці Фёдара. Такое шчырае супрацоўніцтва выклікала падазрэнне ў немцаў, якія высветлілі, што іх памагатыя такім чынам хацелі завалодаць зямлёй больш заможнага суседа.

Толькі пасля вайны стала вядома, што Ганна Курулюк, бабуля Веры, таксама хавала ў сваім курніку нейкага чалавека. Ён застаўся жывы, таму што ў канцы 1950-х гг. адзінокай жанчыне ў в. Палоннае з замежжа прыйшла пасылка. Аднак старая нікому не расказала падрабязнасцяў, а пасылку адмовілася прымаць.

Да сённяшняга дня Вера Фёдараўна памятае ліпеньскі дзень 1941 г., калі разам з суседскімі дзецьмі пасвіла скаціну. Малыя, якім надакучыла наглядаць за жывёлай, сталі гуляць. Яны забеглі ў добра знаёмы лес і заўважылі там вялікую яму, якой раней не было. Рабяты весяліліся, скакалі па яе ўскрайку, штурхалі адзін аднаго. Праз некаторы час дзеці пачулі гук машын і ўбачылі, што па дарозе да лесу едуць нямецкія грузавікі. Напалоханыя, яны кінуліся бегчы, але далёка ўцячы не змаглі і схаваліся ў бліжэйшым зарасніку. Аўтамабілі пад’ехалі да ямы. Узброеныя немцы спачатку выгналі людзей з лапатамі і адвялі іх ўбок. Потым пасцягвалі з машын астатніх: мужчын у падранай вайсковай вопратцы, жанчын, дзяцей. Карнікі падводзілі да ямы па 15–20 чалавек і па чарзе расстрэльвалі. Людзі крычалі і плакалі. Жанчыны закрывалі рукамі дзяцей, каб засланіць ад куляў. Вясковыя дзеці, якія хаваліся недалёка ад месца забойства, бязгучна плакалі, закрывалі вочы і вушы, прыціскаліся да зямлі, каб не выдаць сябе. Завяршыўшы крывавую расправу, фашысты загадалі мужчынам з лапатамі (гаварылі, што гэта былі яўрэі з пружанскага гета) закапаць вялікую магілу, а потым загналі іх у грузавік і рушылі ў бок Пружан. Калі машын не стала бачна, рабяты вярнуліся дамоў. Вера расказала аб гэтым бацькам, пасля чаго малым катэгарычна забаранілі хадзіць у лес. Вядома, што за першай ямай былі выкапаны іншыя. Сяляне неаднойчы чулі стрэлы з лесу і ведалі, што фашысты прывезлі новых вязняў для пакарання. Растрэлы ва ўрочышчы Яцкаўшчызна (Ліноўскі лес) праводзіліся ўвесь час акупацыі, колькасць забітых дакладна не вядома да сённяшняга дня (ад 3 да 10 тыс. чалавек). Як паведаміла Вера Фёдараўна, пасля вайны некалькі ям ускрылі. Некаторыя людзі здолелі пазнаць сваіх закатаваных родных па вопратцы.

Бацька Веры ўдзельнічаў у вайне, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Яго прызвалі ў армію ў ліпені 1944 г. Фёдар Фёдаравіч служыў на І-м Беларускім фронте радавым пяхоты. У канцы студзеня 1945 г. ён быў цяжка паранены ў бітве на Вісле, нават не памятаў, колькі праляжаў на полі бою сярод забітых. Заікіна заўважылі санітары, якія спачатку палічылі яго “безнадзейным” і не адразу вырашылі дапамагчы. Бацька паўгода лячыўся ў розных шпіталях і быў камісаваны. Вяртанне дамоў было сапраўдным цудам: сям’я ўжо атрымала на яго “пахаванку”.

Цяжкім было пасляваеннае жыццё, не хапала самага неабходнага. Да пачатку 1950-х гадоў у ваколіцах Слабудкі было неспакойна. Перыядычна з’яўляліся розныя бандфарміраванні, якія здзекаваліся з мясцовага насельніцтва. У гэты ж час пачалася калектывізацыя, і сям’ю Веры ледзь не раскулачылі. Хутаран сталі ссяляць у вёскі. Заікіны пераехалі ў Палоннае. Людзі хацелі жыць мірна, з энтузіязмам працавалі, адраджалі гаспадарку. Многія наймаліся на працу ў гарнізон, дзе спачатку размяшчаліся шпіталі, а потым – савецкія воінскія часці.

Ваенны гарадок паступова набываў прывабны выгляд. Вера Фёдараўна таксама ўдзельнічала ў аднаўленні Слабудкі. Разам з бацькам, які цяслярнічаў, яна шчыравала ў будаўнічай брыгадзе. У 1953 г. выйшла замуж за ваеннаслужачага Мікалая Курбатава. Пасля гэтага маладая сям’я неаднойчы мяняла месца жыхарства. Спачатку Курбатавы апынуліся ў Калінінградзе, дзе нарадзіліся дзеці Галя і Юра, затым – Свярдлоўскай вобласці, а потым у г. Сцерлітамак у Башкірыі. Вера Фёдараўна з дзяцінства прывыкла да працы і ніколі яе не баялася. Яна ўладкоўвалася на розныя работы, каб утрымліваць сям’ю, мець жыллё. Працавала ў сталоўцы, але большую частку жыцця – на будоўлі мулярам і тынкоўшчыкам. Не забывалася яна і пра малую радзіму, прыязджала да маці (бацькі не стала ў 1969 г.) у Палоннае, у доме якой перыядычна збіралася вялікая сям’я Заікіных, раскіданая лёсам па Савецкім Саюзе.

У пачатку 1980-х г. дачка Галіна, якая стала спецыялістам у банкаўскай сферы, вярнулася ў Беларусь і працавала ў ашчаднай касе ў Пружанах. У 1989 г. яна выйшла замуж і пераехала ў Карэлічы. Сын Юрый працаваў інжынерам на заводзе ў Чалябінску. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця, а нявестка хутка стала чужым чалавекам. На плечы Веры Фёдараўны ў гэты час лягла адказнасць за выхаванне ўнука Яраслава. Калі ён стаў самастойным, жанчына вырашыла вярнуцца ў Беларусь, бліжэй да родных і дачкі. З 2005 г. яна жыве ў Карэлічах.

Вера Фёдараўна Курбатава з’яўляецца сапраўдным прыкладам самаадданасці, моцы духу, узорам чалавека-працаўніка. Па яе біяграфіі можна вывучаць цэлую эпоху, выхоўваць лепшыя якасці асобы. Яна і сёння працягвае актыўнае жыццё, нераўнадушна ставіцца да ўсяго, што адбываецца навокал.

З юбілеем, шаноўная Вера Фёдараўна! Няхай служыць здароўе і радуе жыццё!

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ, г. Пружаны

Фота Іны ЛЕЙКІ і з сямейнага архіва В. КУРБАТАВАЙ