Фотавыставы “Паглядзі, які прыгожы край, у якім ты жывеш” арганізаваны ў ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”

“Паглядзі, які прыгожы край, у якім ты жывеш”. Так называліся фотавыставы, якія былі арганізаваны ў кожнай групе ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”.

зеці прынеслі цікавыя фотаздымкі са сваіх сямейных альбомаў. З кожным фотаздымкам была звязана займальная гісторыя, таму хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой дзяліліся аповедамі са сваімі таварышамі.

Па якіх толькі цікавых мясцінах нашай краіны ні вандравалі дзеці са сваімі бацькамі, чаго толькі ні бачылі! Хтосьці расказаў, як наведваў Нясвіжскі замак, другому вельмі спадабаўся млын у Дудутках, трэцяму – сапраўдны дракар вікінгаў у Бярозаўцы. А хтосьці паведаў, як лавіў з татам рыбу на прыгожай рэчцы Нёман ці збіраў грыбы на цудоўнай лясной палянцы. Гісторый было шмат. Усе яны вельмі цікавыя і душэўныя.

З самых ранніх гадоў у дзіцяці трэба выхоўваць любоў да таго месца, дзе яно нарадзілася і жыве, развіваць уменне бачыць і разумець прыгажосць прыроды, жаданне больш даведацца пра гісторыю роднага краю, яго славутасці, вядомых землякоў. Менавіта на гэта і была накіравана наша фотавыстава.

Ідэя аказалася захапляючай, у кожнай групе атрымаліся выдатныя фотавыставы – падарожжы па родным краі. А разглядаючы фотаздымкі, дзеці і іх бацькі планавалі новыя падарожжы і цяпер чакаюць цяпла, каб адправіцца ў тыя мясціны, дзе яны яшчэ не былі.

Святлана ПЕТРЫМАН,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”